Для Ушацкай раённай ветэранскай арганізацыі стала традыцыяй праводзіць экскурсіі па значных мясцінах Беларусі. У гэтым годзе пандэмія ўнесла свае карэктывы ў наша жыццё, многія задумкі не здзейсніліся, але ў верасні мы ўсё ж наведалі вёску Мосар Глыбоцкага раёна. Асноўнымі ўдзельнікамі і ініцыятарамі сталі члены спартыўнага клуба “Імпульс” (кіраўнік Т.Л. Клопава). Экскурсія ў дзве з паловай гадзіны праляцела як адно імгненне. Хаця многія ўжо тут былі, тым не менш з’явіліся новыя станоўчыя ўражанні, якімі мы хочам падзяліцца.
Н.А.ВАСІЛЕЎСКАЯ. Мяне больш за ўсё ўразіла мэтанакіраванасць, неверагодная энергія настаяцеля касцёла Святой Ганны Юозаса Булькі. Я падумала: “Ніколі не позна знайсці справу для душы, тым больш калі яна прыносіць столькі карысці людзям”. Юозас Булька нарадзіўся ў Літве ў 1925 годзе. Ён быў пасвечаны ў ксяндзы пасля выхаду на пенсію, у 60 гадоў, а ў 65 узначаліў Мосарскі прыход. Ён прадаў сваё жыллё ў Літве, а атрыманыя грошы стаў укладваць у аднаўленне храма і добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі. Людзі бачылі, як пажылы ксёндз пасля службы працуе як просты селянін: ускапвае зямлю, косіць траву, і сталі яму дапамагаць. А ў выніку аказалася, што дапамагалі яны самі сабе. За два дзясяткі гадоў вакол касцёла з’явіўся сапраўдны райскі куток з вялізнымі кветнікамі, аркамі, скульптурамі, алеямі, крыніцай. Юозас Булька стварыў для людзей асаблівае месца са сваім укладам, энергетыкай, высокай духоўнасцю. Гэта доказ таго, што чалавек у любым узросце толькі верай і працай можа змяніць свет вакол сябе, зрабіць яго лепш і чысцей. Ён стаў першым у краіне каталіцкім святаром, які ўзнагароджаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. Дарэчы, прэмію ён таксама зрасходаваў на добраўпарадкаванне тэрыторыі. У студзені 2010 года ва ўзросце 85 гадоў Юозас Булька памёр. На надмагільнай пліце святара напісана: “Любіў Бога, прыроду і беларускі народ”.
Л.МЯДЗВЕДЗЕВА. Упершыню тут убачыла незвычайныя казачныя лотасы. Усё дагледжана і прыгожа: штучныя саджалкі, астраўкі з масткамі, альтанкі для закаханых, а храм Святой Ганны здаецца простым, але ў ім утульна і цёпла. Там была магчымасць прыкласціся да мошчаў Святога Юстыніяна. Моцнае ўражанне пакінуў лёс Ю.Булькі. Гэты чалавек з вялікай літары ажыццявіў мару служыць Богу ў 60 гадоў, што натхняе, міжволі праводзіш паралель з сабой. Мы не робім нічога вялікага, але таксама можам сказаць, што жыццё не спынілася пасля выхаду на пенсію. Наадварот, многія з нас, удзельнікі “Імпульсу”, упершыню сур’ёзна заняліся фізкультурай, сталі больш актыўнымі ў грамадскім жыцці раёна. Мы таксама імкнёмся рабіць невялікія добрыя ўчынкі, дапамагаць іншым і шукаць сябе.
Л.І.ЛОСЕВА. У Мосоры я ўжо трэці раз, была з экскурсіяй у 2004 і 2009 гадах. А сёлета захацелася паглядзець, што тут робіцца ўжо пасля смерці ксяндза Ю.Булькі. Уражанні засталіся прыемныя. Як і пры яго жыцці, мясцовыя жыхары падтрымліваюць антыалкагольную кампанію, вёска Мосар так і засталася адзінай у Беларусі “зонай цвярозасці”. У гэтым кутку і зараз вельмі прыгожа, ёсць на што паглядзець. Ю.Булька зрабіў галоўнае – выхаваў вучняў, якія захоўваюць яго традыцыі.
* * *
І сапраўды, ёсць нямала прыкладаў, калі чалавек пачаў асвойваць новыя справы, праяўляць свае здольнасці ўжо ў сталым узросце. Напрыклад, Міхаіл Уладзіміравіч Малей, калі нарэшце з’явіўся вольны час, стаў сур’ёзна займацца прышчэпліваннем дрэў. І свой сад аднавіў, і нават прадае лішкі маладых яблынь, груш.
Людміла Валянцінаўна Вялюга творчасцю займалася заўсёды – у доме многа самаробных карцін – у апошні час захапілася алмазнай вышыўкай, а нядаўна асвоіла і яшчэ адзін новы від – бетоннае кашпо для кветак. Робіцца гэта так: у раствор апускаецца кусок тканіны, адзяваецца на перавёрнутае вядро, распраўляюцца, як трэба, складкі, а калі вазон застыне, афарбоўваецца.
Валянціна Трафімаўна Клундук у 73 гады асвойвае камп’ютар. Сын падарыў ёй наутбук, і яна спецыяльна наведваецца ў аддзяленне для дзённага прабывання пажылых у Градзянцы, каб стаць упэўненым карыстальнікам незнаёмай для яе раней тэхнікі. І атрымліваецца: праз гаджэт жанчына аднавіла сувязь з сябрамі.
Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.