На мінулым тыдні ў рэдакцыю патэлефанавала жанчына, якая расказала, што раней пры пакупцы бытавой тэхнікі прадаўцы магазінаў папярэджвалі аб неабходнасці захоўваць тару (упакоўку) ад купленага тавару на працягу ўсяго гарантыйнага перыяду. Ці з’яўляецца такое патрабаванне прадаўца абгрунтаваным і сёння?
Згодна закона “Аб ахове правоў спажыўцоў”, для скасавання дамовы куплі-продажу, а таксама для правядзення гарантыйнага рамонту патрэбен толькі сам тавар, гарантыйны талон і чэк (хаця адсутнасць чэка не з’яўляецца падставай для адмовы ў задавальненні патрабаванняў). Таму прымушаць пакупніка захоўваць упакоўку ад тавару прадавец не можа.
Аднак з пункту погляду спажывецкай прадбачлівасці, захаванне тары – справа карысная: на яе элементах маюцца адзнакі, якія пацвярджаюць факт набыцця тавару ў дадзенага прадаўца, што можа спатрэбіцца, калі вы, для прыкладу, згубілі чэк. Бывае і такое, што на тавары сцёрся серыйны нумар – у такой сітуацыі скрынка з “серыйнікам” дасць магчымасць гарантыйнага рамонту.
У любым выпадку, права выбару застаецца за пакупніком.