В деревне Азаренки осталось всего пару жителей, одна из них — Галина Азаревич

Общество

Каб пералічыць жыхароў вёскі Азаранкі, што ў Жарскім сельсавеце, хопіць з запасам і пальцаў адной рукі. Калі б не мясцовае возера, блізкі лес ды ажыўленая дарога праз вёску, пра гэтую кропку на карце раёна многія б і не ведалі. Адна з тых, хто застаўся ў гэтай ушацкай глыбінцы – Галіна Васільеўна Азарэвіч.

“Нават ужо і самой не верыцца, што ў пачатку 70-х тут жыло больш сотні жыхароў, працавала аж тры жывёлагадоўчыя фермы. А зараз толькі пару чалавек, ды і то некаторыя ўзімку адпраўляюцца да дзяцей. Такі вось няўмольны час”, – зазначае жанчына.

Галіна Васільеўна адносіцца да пакалення дзяцей вайны. Дзіцячыя і юнацкія гады яе прайшлі ў суседнім Старым Сяле. І калі непасрэдна ваеннае ліхалецце ў памяці ўсплывае ўрыўкамі, то вось як цяжка было жыць у пасляваенны час, яна памятае добра. “У бацькоў нас было пяцёра, а пасля вайны засталося трое. Ці трэба казаць, што мы не ведалі і не бачылі ніякіх смачных пачастункаў, цацак, падарункаў, якія ёсць у сучасных дзяцей. Мне як раз было 7 гадоў, калі пачыналі працаваць школы. Не было на чым пісаць, апрануць на заняткі, а мне так хацелася вучыцца! Прасілася ў бацькоў, каб адпусцілі хоць босай… Канечне, марыла пра высокія прафесіі, але скончыць давялося толькі 7 класаў – трэба было дапамагаць маці”, – прыгадвае Галіна Васільеўна. Разам з іншымі маладымі людзьмі яна шчыравала ў мясцовай гаспадарцы ў паляводстве. А пазней уладкавалася тэхнічным работнікам у Старасельскую школу, дзе нязменна адказвала за чысціню і парадак на працягу больш трох дзясяткаў гадоў. І сёння добра памятае не толькі ў твар многіх вучняў з навакольных вёсак.

Уласны дом у Азаранках яны разам з мужам Уладзімірам будавалі сваімі рукамі, заўсёды нястомна працавалі на ўласных сотках, трымалі вялікую падсобную гаспадарку. “Такая закалка ў нашага пакалення, што нават пасля смерці гаспадара адна трымала карову яшчэ дзесяць гадоў, не кажучы ўжо пра шматлікую птушку і свіней”, – зазначае Г.В.Азарэвіч.

У свае 82 гады яна па меры сіл і сёння вырошчвае на ўчастку агародніну, а вось ад жывёлы на падворку ўжо даўно адмовілася. У цэлым, каб адчуваць сябе лепш, жанчына ніколі не сядзіць склаўшы рукі і прытрымліваецца правіла: рух – гэта жыццё. Таму акрамя пасільнай для свайго ўзросту работы абавязкова штодня ўдзяляе час хаця б невялікім прагулкам на свежым паветры. У доме жанчыны пануе проста ідэальны парадак, некаторыя знаёмыя нават жартуюць, што чыста і ўсё на сваіх месцах, як у музеі. Не супраць Галіна Васільеўна заняцца і творчым заняткам – вязаннем пруткамі, асаблівы яе “канёк” – кофты і камізэлькі. Раней яшчэ і вышывала, аб чым падказваюць прыгожыя рэчы ў пакоях дома.

“Вось так за справамі і праводжу час. Пастаянна прыходзіць да мяне мой сацыяльны работнік Кацярына Уладзіміраўна Плігаўка, якая не толькі дапаможа, а і ўсе навіны са мной абмяркуе. Двойчы на тыдзень – абавязковы выхад да аўтамагазіна, дзе зрэшты, заўсёды ўсяго хапае. Разам з катом Рыжыкам чакаем у госці дачок Тамару і Валянціну, унукаў. Так што стараюся не сумаваць!” – кажа жанчына.

Магчыма, многія б не змалі жыць у такой маленькай вёсачцы, аднак Галіна Васільеўна прывыкла да спакойнага размеранага жыцця і радуецца кожнаму пражытаму дню.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *