Культработники Ушаччины посоревновались в мастерстве проведения игровых программ

Культура

Вясёлыя сцэнкі, флэш-мобы, віктарыны – чым толькі ні здзіўлялі на конкурсе гульнявых праграм “Вясёлкавы карагод” культработнікі Ушаччыны. За права стаць лепшым у майстэрстве знаходжання новых забаўляльных форм, арганізацыі цікавага адпачынку насельніцтва змагаліся прадстаўнікі ажно дзевяці клубных устаноў.

Трэба прызнаць, што ўшачане, якія завіталі ў гэты дзень у раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, ніколькі пра гэта не пашкадавалі. На свяце панавала такая непасрэдная, лёгкая атмасфера, што многія хутка “перакваліфікаваліся” з гледачоў ва ўдзельнікаў мерапрыемства.

Тон “Вясёлкаваму карагоду” задаў Глыбачанскі СДК. Забаўляльная праграма, якую прэзентавалі Алена Камовіч і Вольга Міхаль, была арыентавана на самую актыўную частку публікі – дзяцей. Найбольш хуткіх сярод іх дапамаглі выявіць гульні “Шалёныя пчолкі”, “Вясёлы мяч”, кемлівых – цікавыя задачкі, прыемным жа бонусам для самых актыўных удзельнікаў сталі салодкія падарункі. Гэтак жа горача сустракалі хлопчыкі і дзяўчынкі Лілію Смаляк з Вялікіх Долец, якая прадставіла на суд журы і гледачоў праграму “Вясёлыя рабяты” – з песнямі, загадкамі, віктарынамі. Забягаючы наперад, скажам, што гэтае выступленне па выніках конкурсу атрымала трэцяе месца. Вярнуцца на некаторы час у лета, прыгадаць звязаныя з гэтай парой заняткі прапанавалі работнікі Кубліцкага СДК. Спадабалася гледачам праграма ад матырынскіх культработнікаў, якая ўключала конкурсы на лепшае пляценне касы з шалікаў, прышыванне гузікаў і іншыя. Літаральна рвалі жываты ад смеху ўдзельнікі конкурсу “А ў цёці Моці…” ад Арэхаўскага СДК. У Бабулю-Забаўніцу пераўвасобілася Ларыса Ясюк з Жар. У цікавае падарожжа па “Дарозе дабрыні” запрасіў прысутных Кірыл Шалыга з цэнтра культуры і народнай творчасці – на тэматычных прыпынках удзельнікі прыгадвалі прыказкі пра гэтую чалавечую якасць, дзяліліся меркаваннямі і кампліментамі. Цёплую праграму пад назвай “Мы жадаем шчасця вам” прапанавала прадстаўніца Селішчанскага клуба Ганна Мялешка, якая на конкурсе стала ўладальніцай другога месца. Памірыць стагоддзе мінулае і сучаснае праз оперу і флэш-моб паспрабавала Вера Дрозд з Двор Пліна. Кожную фразу з песні ў выкананні Ф.Кіркорава “Сэрца прыгажуні” прысутным прапаноўвалася паказаць жэстам. У выніку вясёлых “рэпетыцый” атрымалася па-сапраўднаму прыгожае выступленне. Прадуманая ж распрацоўка праграмы, яе рэалізацыя дазволілі В.Дрозд атрымаць у “Вясёлкавым карагодзе” заслужаную перамогу.

– Упэўнена: прадстаўленыя сёння напрацоўкі возьмуць на ўзбраенне і іншыя работнікі галіны, – зазначыла старшыня журы, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Гардзіёнак. – А значыць культурнае жыццё на Ушаччыне стане яшчэ больш насычаным.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *