Екатерина Казицкая

Общество

“Няма недасягальных вяршынь. Галоўнае – упэўнена і мэтанакіравана да іх рухацца,” – пераканана намеснік начальніка аддзялення сувязі Ушачы-1 Кацярына Аляксееўна Казіцкая.Пасля заканчэння адзінаццаці класаў Ушацкай сярэдняй школы маладая дзяўчына хацела звязаць свой лёс з педагогікай, стаць настаўнікам матэматыкі. Спрабавала паступіць у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, аднак набраных на экзаменах балаў хапіла толькі на платную форму навучання. Кацярына вырашыла, што “платніцай” быць не хоча, не мае на гэта ніякага маральнага права. Справа ў тым, што сям’я ў Казіцкіх мнагадзетная, таму дзяўчына разумела, як часам няпроста прыходзіцца яе бацькам, якія гатовы аддаць апошняе для сваіх дзетак. Тым больш, малодшы брат Кацярыны таксама ўжо заканчваў школу, у наступным годзе збіраўся паступаць. Вось і вырашыла дзяўчына пачакаць адзін год, а ў наступным – паспрабаваць свае сілы яшчэ раз.

Працавала ў розных арганізацыях г.п. Ушачы, не адмаўлялася ні ад якой работы. Зараз Кацярына з усмешкай успамінае той час, калі яна і падумаць не магла, што яе жыццё кардынальна зменіцца ў лепшы бок. У Вялікадолецкім аддзяленні сувязі з’явілася вакансія, дзяўчына з радасцю пайшла туды працаваць. Паралельна вучылася на завочным аддзяленні Віцебскага дзяржаўнага каледжа сувязі. Праз год перавялася ва Ушацкае аддзяленне сувязі, дзе і працуе па сённяшні дзень. Спачатку выконвала абавязкі кіяскёра, потым – аператара, а апошнія тры гады Кацярына Аляксееўна з’яўляецца намеснікам начальніка аддзялення. Свае службовыя абавязкі спраўна выконвае, за што яе паважаюць у калектыве. Зараз Кацярына атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым каледжы сувязі.

Нядаўна Кацярына прайшла курсы павышэння кваліфікацыі. Улічваючы гэта, а таксама таварыскасць, актыўнасць гэтай маладой дзяўчыны, было вырашана адправіць К.Казіцкую на абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод начальнікаў гарадскіх і сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі ад Ушацкага гарадскога аддзялення. Як прызнаецца Кацярына, ніякіх складаных заданняў на конкурсе не было: з аналагічнымі сітуацыямі прыходзіцца сутыкацца штодня. Адзінае, напэўна, што не дазволіла прадстаўніцы нашага раёна ўзняцца на п’едэстал пераможцаў, – гэта хваляванне перад камісіяй. Кацярына вельмі задаволена тым, што ёй выпала гэтая магчымасць трапіць на конкурс прафесійнага майстэрства, бо давялося пазнаёміцца з новымі цікавымі людзьмі, падзяліцца вопытам сваёй работы, а таксама ўзяць для сябе пэўныя напрацоўкі іншых.

Аддзяленне сувязі ў г.п.Ушачы стала для Кацярыны родным домам, дзе спакойна і ўтульна, дзе яна адчувае сябе патрэбнай. Дзяўчына займаецца любімай справай, а гэта прыносіць задавальненне, перакананасць у тым, што выбар прафесіі зроблены правільна. У планах К.Казіцкай – імкнуцца да новых вяршынь, працягваць свой прафесійны рост, самаўдасканальвацца.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *