Всемирный день почты

К профессиональному празднику

РУП “Белпошта” сёння адзначае не толькі прафесійнае свята, а няхай і невялікую, але круглую дату. Ужо 15 гадоў, як паштавікі існуюць як самастойнае прадпрыемства і трывала трымаюць не толькі сваю традыцыйную нішу, але і асвойваюць нехарактэрныя віды паслуг. “Белпошта” ператварылася ў мабільнае прадпрыемства, якое імгненна рэагуе на перамены часу і запыты насельніцтва. Мабыць таму, што як ніхто іншы вельмі цесна кантактуе з людзьмі.

Каго чакаюць з такім нецярпеннем на вёсцы. Толькі сацыяльнага работніка і паштальёна. Апошнія ў сваю чаргу з’яўляюцца таксама і сацыяльнымі работнікамі, і псіхолагамі, дарадчыкамі, таму што чалавеку перш за ўсё патрэбны зносіны. І хто, як не паштальён прымае ў вяскоўцаў усе паслугі, прынясе на дом тавары.

Незалежна ад таго, гэта аператар раённага вузла або паштальён на вёсцы, яны выконваюць усе плацяжы. А якога толькі праграмнага забеспячэння не ўстаноўлена на іх камп’ютэрах. Афармляюць падпіску, робяць пераводы, пакуюць пасылкі, прымаюць плацяжы дзевяці банкаў, і наогул літаральна ўсе. Толькі скажы аператару, што трэба аплаціць, і ён імгненна выканае патрэбную аперацыю. Да іх звяртаюцца распаўсюджвальнікі арыфлэйма і аматары выбару тавару па каталогах. Усё часцей падмяняе работу людзей паштова-даведачны тэрмінал, які ўстаноўлены ў аперацыйнай частцы вузла і прымае як наяўныя грошы, так і пластыкавыя карткі. Што датычыцца ўладальнікаў апошніх, то ў некаторых вёсках толькі ў паштовым аддзяленні можна “абналічыць пластык”. Дзякуючы агульным дзеянням банкаў, райспажыўтаварыства і паштавікоў хутка адпадзе і гэта праблема. Вось і нядаўна тэрміналы ўстаноўлены ў паштовых аддзяленнях Селішча і Пліна, хутка з’явяцца ў Сарочыне і Глыбачцы.

Многае памянялася ў дзеяннях паштавікоў. З 2003 года з’явілася мотаабслугоўванне, і на сённяшні час у 51 населены пункт заязджае паштовая машына. Сёння ў штаце тры паштальёны па суправаджэнні, якія праязджаюць за дзень вёскі па крузе ў 167 кіламетраў, выдаюць пенсіі, прымаюць усе паслугі. Гэта робіцца нават не дзеля эканоміі, хоць у раённым вузле паштовай сувязі пралічваецца кожны крок. Самі разумеюць, што нічога не заменіць жывых зносін з паштальёнам, падвоз жа пошты аўтамабілем гэта выключае. Аднак у многіх вёсках проста немагчыма адшукаць людзей працаздольнага ўзросту. Нядаўна пакінулі Ушаччыну муж і жонка, якія працавалі паштальёнамі, “асірацела” частка дубраўскай зоны і па маршруце Турасы, Горы, Зарэчча ўжо ходзіць паштовая машына.

Каб аблегчыць працу паштальёна, у дні выдачы пенсій па пэўных аддаленых вёсках яму таксама выдзяляюць аўтатранспарт. Бяспечней з вялікай сумай грошай, можна прывезці больш тавару, ды і хутчэй аформіць усе плацяжы – менавіта ў гэты дзень пенсі- янеры і робяць усе разлікі.

У даволі жорсткіх рамках працуюць сёння работнікі паштовага вузла сувязі і сапраўды адпрацоўваюць свае зарплаты. “Мы проста не можам дазволіць сабе быць стратнымі, – падводзячы фінансавы вынік прадпрыемства гаворыць начальнік Ушацкага вузла паштовай сувязі Галіна Іванаўна Свідзінская. – Каб атрымаць прэмію, яе спачатку трэба зарабіць”. І фінансавая незалежнасць – гэта адзінае, што застаецца нязменным на прадпрыемстве на працягу гадоў. А ўсё дзякуючы стабільнай працы калектыву. Менавіта штат у 113 чалавек трымае агульны падпісны тыраж – 13747 экзэмпляраў на працягу дзесяцігоддзяў. Гаворачы пра калектыў, Галіне Іванаўне цяжка нават некага вылучыць, ён стабільны і адказны, пераважна гэта людзі, якія гадамі працуюць у паштовай сувязі. Вось і званне “Ветэран працы” за добрасумленную работу сёлета прысвоена загадчыцы Жарскага аддзялення Тамары Іванаўне Макрыдзінай, а Ганаровую грамату “Белпошты” атрымала загадчыца Селішчанскага аддзялення Ганна Восі- паўна Машчонак.

Калектыў рэдакцыі віншуе са святам увесь калектыў, супрацоўнікаў аддзела падпіскі і асабліва нашых памочнікаў – паштальёнаў, на якіх трымаецца сувязь газеты з чытачамі. Жадаем ім здароўя, шчодрых кліентаў, удачы і спрыяльнага надвор’я ў сем’ях.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *