Прыемная ўсмешка, непадробная абаяльнасць, уважлівыя адносіны да людзей. Гэта выпускніца гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава Надзея Кулікоўская. Першыя крокі ў прафесіі робіць старшым навуковым супрацоўнікам музея народнай славы імя У.Е.Лабанка. Яна вядзе ваенна-гістарычны аддзел і курыруе работу сядзібы-музея Васіля Быкава.
– Вывучаю гісторыю Ушаччыны, – гаворыць Надзея. – Сама я з Кобрына, таму тут амаль усё мне новае. Вельмі захоплена тым, што ваша зямля ўзрасціла такіх вядомых пісьменнікаў. Усё мне падабаецца, толькі пакуль што трэба здымаць кватэру, няма жылля.
Разам з Надзеяй Кулікоўскай прыйшла працаваць у музей Вольга Падсаднік. Яна скончыла мастацка-графічны факультэт таго ж універсітэта. Патрэба ў навуковым супрацоўніку такой спецыяльнасці наспела даўно, бо пастаянна ладзяцца выставы выяўленчага мастацтва, і трэба на прафесійным узроўні разбірацца ў тым, што прапануецца наведвальнікам. Гэтая дзяўчына з Полацкага раёна.
З прыходам Крысціны Малышкінай у раённы Дом рамёстваў яго дырэктар М.А.Багдановіч ускладае надзею на ажыўленне работы. Дзяўчына скончыла, як падкрэсліў Міхаіл Аляксандравіч, дзве ступені Віцебскага тэхналагічнага каледжа, што дае права паступаць на трэці курс профільнай ВНУ, можа займацца завочна і працаваць, тым больш, што жыллё маецца. А пакуль яна набрала вучняў 5-8 класаў у гурток вышыўкі і ткацтва. Здольна вырабляць габелены, а таксама, магчыма, і ў нас атрымае развіццё моднае сёння ласкутнае шыццё.
Такі ж творчы падыход у Руслана Шыдлоўскага, які вядзе тут на палову стаўкі гурток разьбы па дрэве. На абласную выставу сувенірнай прадукцыі ён прадставіў герб Ушачы і выяву святога Лаўрэна.
Сям’я Марыны Кажан пераехала з Лепельшчыны ў Ліпавец, і дзяўчына атрымала работу метадыста раённага метадычнага цэнтра. Добрым практычным дапаможнікам стала падрыхтоўка разам з вопытнымі работнікамі да абласных “Дажынак”, а таксама сам выезд на свята.
Наталлю Барысаву не назавеш навічком у культуры, яна паспела папрацаваць у былым Градзянецкім клубе, але да разраду маладых работнікаў адносіцца. Стала кіраўніком народнага клуба “Прысмакі”.
Дырэктар раённага метадычнага цэнтра М.В.Сазонава расказала, што і на вёсцы, хоць і ў меншай ступені, адбываюцца некаторыя змены. Вось і ў Ільюшынскі СДК прыйшла працаваць пасля каледжа культуры і мастацтва яго дырэктарам Юлія Карабань. Яна пражывае на месцы. Ужо набрала дзве групы ў танцавальны гурток з ліку малодшых і старэйшых удзельнікаў.
Разбавілі невялікі калектыў вопытных культработнікаў раённага Дома культуры ў апошні час маладыя. Аж тры саставы ўдзельнікаў тэатральных гурткоў набрала Ганна Елісеева. Працуе дзяўчына з вялікай ахвотай, не можа адысці ад радасці, што пасля заканчэння каледжа культуры і мастацтва паступіла завочна на вельмі перспектыўны і малады факультэт “Менеджэр-культуролаг. Міжнародныя культурныя сувязі”. У гэтыя дні Ганна рыхтуе з вучнямі сярэдніх класаў выступленне да Дня маці.
– Нашым пачынаючым спецыялі- стам даводзіцца займацца культурным абслугоўваннем гледачоў самых розных катэгорый, – гаворыць дырэктар раённага Дома культуры С.М.Тарасеня. — Культработнікам трэба быць эрудзіраванымі, таленавітымі, каб весці работу на ўзроўні. На жаль, зарплата невялікая.
– У прыйшоўшых да нас выпускнікоў навучальных устаноў не было часу для раскачкі, адразу давялося займацца справай, бо мерапрыемствы ў нас ідуць адзін за адным, да таго ж, патрабаваліся элементы навізны, – расказала мастацкі кіраўнік РДК Д.П.Пенкальская.
І ўсё ж важнейшым напрамкам культработы застаецца, канечне, мастацкая самадзейнасць. Самае шырокае распаўсюджанне атрымала цяпер у РДК танцавальная творчасць. Дзіна Пенкальская і хармайстар Вольга Гірсёнак, а перш за ўсё спецыялісты па танцах Алена Жаваранак і нядаўна прыйшоўшая Таццяна Мірончыкава, наладзілі заняткі шэрагу груп. З’явіліся такія напрамкі, як народныя, эстрадныя, усходнія, лаціна-амерыканскія танцы. Ідзе навучанне жанчын шэйпінгу.
Важна тое, што заняткі, рэпетыцыі праходзяць і па вечарах. Таццяна Мірончыкава, часам, вядзе работу амаль да дзесяці гадзін.
Сталі планавацца выступленні даволі далёка наперад. Вось і Арцём Бірукоў, які займаецца з удзельнікамі музычна-тэатральнага гуртка (а гэта старшакласнікі) ведае загадзя, што вучні будуць выступаць напярэдадні Новага года.
Маладыя спецыялісты, дапаўняючы адзін аднаго, выказвалі добрыя словы ў адрас сваіх старэйшых калег, дырэктара РДК, якія аказваюць усялякую падтрымку.
Не дае паслаблення ў лепшым сэнсе гэтага слова маладому педагогу, выкладчыку па класу фартэпіяна і канцэртмайстру Кацярыне Карась дырэктар школы мастацтваў С.В.Парашкін. Дзяўчына працуе больш чым на стаўку, а значыць ёсць магчымасць зарабіць. Завочна яна займаецца ва ўніверсітэце.
Шчаслівага вам шляху, маладыя!
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку:
маладыя культработнікі.