С праздника Дня пожилых людей

Общество

Гэтае мерапрыемства ў раённым Доме культуры ладзіцца раз у год у залатую пару лістапада і арганізоўваецца сумеснымі намаганнямі. Прысвячаецца яно Дню пажылых людзей.

У зале РДК і на гэты раз сабіралі ся людзі паважанага ўзросту, каб пабыць разам, пачуць добрыя словы. Былі не толькі жыхары гарпасёлка, але і вяскоўцы. Старшыня ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткавец паклапаціўся, каб быў наладжаны падвоз. Ён жа шукаў спонсараў для ўзнагароджання лепшых гаспадароў па добраўпарадкаванні, на яго просьбу адгукнулася адміністрацыя райспажыўтаварыства, лясгаса, “Райаграсервіса”. Выступаючы пазней, Уладзімір Мікалаевіч назваў гэтых кіраўнікоў.

Удзяліў увагу людзям старэйшага пакалення старшыня райвыканкама Алег Анатольевіч Кавалёнак. Ён выступіў на мерапрыемстве, цёплыя словы сказаў аб ветэранах: што яны – аснова грамадскага жыцця, без іх удзелу не абыходзіцца нічога. Дзяржава клапоціцца аб тых, за чыёй спіной ваеннае ліхалецце, працоўныя будні: рэгулярна выплачваецца пенсія, аказваецца сацыяльная падтрымка ў выглядзе іншых выплат малазабяспечаным. Відавочную работу сярод пажылых людзей вядуць ветэранская арганізацыя, раённыя арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, БРСМ. Распрацаваны спецыяльныя мерапрыемствы па задавальненні патрэб пажылых людзей: каму замена электраправодкі, каму ўстаноўка пажараапавяшчальніка, або рамонт пячнога ацяплення. Нямала людзей паважанага ўзросту знаходзіцца на надомным абслугоўванні. Вядзецца комплексны медыцынскі агляд. Ветэраны вайны і працы прымаюць удзел у патрыятычным выхаванні моладзі, існуе пераемнасць пакаленняў.

Па выніках сацыялагічнага апытання, сказаў старшыня райвыканкама, 94 працэнты лічуць сённяшнюю сацыяльна-палітычную абстаноўку спакойнай. Гэта лепшым чынам характарызуе жыццё простых людзей. “Старэйшае пакаленне, — працягваў Алег Анатольевіч,— добра ведае сапраўдную цану міру. І мы не адзін дзесятак гадоў маем патрэбу ў вашай мудрасці, у вашым вопыце. Вы вучыце сваім ідэалам унукаў, удзельнічаеце ў добраўпарадкаванні”. Алег Анатольевіч пажадаў прысутным доўгіх, шчаслівых гадоў жыцця.

У.М.Малаткавец у сваім выступленні прыгадаў, што не за гарамі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выказаў упэўненасць, што ветэраны зноў зоймуць актыўную пазіцыю ў гэтай кампаніі. Былі выказаны віншавальныя словы ў сувязі са святам і ўдзячнасць удзельнікам хору народнага клуба “Ветэран” пры раённым Доме культуры, асабіста кіраўніку сцэнічнага калектыву І.С.Клімавай, старэйшым удзельнікам вайны і хору В.С.Дуку, К.М.Васілеўскай. Сваімі выступленнямі людзі паважанага ўзросту прыносяць задавальненне сабе і іншым, не развітваюцца з творчасцю. На свяце самадзейныя артысты хору парадавалі ўсіх сваімі песнямі.

З цікавасцю паглядзелі прысутныя мультымедыйную прэзентацыю “Добраўпарадкаванне асабістых падворкаў жыхароў гарпасёлка Ушачы і раёна ў 2010 годзе”. Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч і галоўны архітэктар раёна Г.В.Дымман змаглі прадэманстраваць тыя пазітыўныя змены, якія адбываюцца ў апошнія гады па навядзенні парадку на прыватных сядзібах. Прычым захоўвалася пакуль інтрыга, хто ж выйшаў у пераможцы агляду-конкурсу на лепшы ветэранскі падворак. Выявілася гэта пазней.

А.А.Кавалёнак уручыў кветкі і грашовыя прэміі пераможцам агляда-конкурсу па добраўпарадкаванні ў гарпасёлку. Першае месца прысуджана З.Е.Жогаль, другое – М.Я.Смаляк, трэцяе – Н.В.Заруба.

Ушанавалі лепшых у сваёй мясцовасці па навядзенні парадку старшыні Глыбачэнскага і Сарочынскага сельскіх Саветаў Л.В.Храмцова і Л.Я.Птушка. Гэта В.І. Каваленка і С.І.Маслюк, а таксама Г.В.Сурвіла, удзельніца клуба “Муза” пры РДК, якая ў сваю чаргу павесяліла прысутных гумарыстычнымі вершамі.

Парадавалі ветэранаў у час мерапрыемства і іншыя прадстаўнікі мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры: салісты – выканаўцы песень, а таксама ўдзельнікі танцавальных саставаў.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

На здымках:

узнагароджанне Н.В.Заруба; З.Е.Жогаль і М.Я.Смаляк; хор народнага клуба “Ветэран” пры РДК.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *