Праехаць міма падворка Калітух у Завячэллі не атрымалася – мяхі з яблыкамі стаялі на абочыне дарогі і проста кідаліся ў вочы. А гаспадары – Васіль Уладзіміравіч і Алена Яўгенаўна ўсё падносілі вёдры. “Хутка машына павінна прыйсці, – задаволена паведамілі пенсіянеры з Полацка, якія на бацькоўскай сядзібе праводзяць кожнае лета. – Сад няхай і стары, аднак плоданосіць, і цудоўна, што лішкі прымаюць на месцы, самім не трэба шукаць транспарт. Мы ўжо каапераваліся з суседзямі, здавалі, разлічылі нас адразу і мяшкі вярнулі, так што ахвотна рыхтуем чарговую партыю”.
Машыну Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства чакалі не яны адны – засыпаныя ў мяхі яблыкі стаялі амаль праз кожны падворак. І калі пра тое, што іх прымаюць на такіх выгадных умовах, Калітухі даведаліся ад суседзяў, то пра конкурс для здатчыкаў пачулі ад нас упершыню. Нагадаем, што акрамя заробкаў непасрэдна ад яблыкаў, здатчыкаў чакаюць і прэміі ў памеры 100, 75 і 50 рублёў за тры першыя месцы, пры ўмове, што яны здадуць не меней 10, 7,5 і 5 тон адпаведна. Так што можна аб’яднаць намаганні: запісваць вынікі на аднаго чалавека. Дарэчы, філіялам ужо закуплена каля 200 тон яблыкаў – гэта пятая частка ад даведзенага задання. А сярод усіх раёнаў, якія абслугоўвае наш філіял, самымі актыўнымі здатчыкамі з’яўляюцца ўшачане. Сезон жа нарыхтовак працягваецца, а да канца верасня – і конкурс: вынікі будуць аб’яўлены 5 кастрычніка.
!! Праектар, тэлевізар і шматфункцыянальнае ўстройства чакаюць пераможцаў сярод калектываў навучальных устаноў за тры прызавыя месцы пры ўмове, што яны здадуць не меней 25, 20 і 15 тон адпаведна. Мабільны тэлефон філіял уручыць школьніку, заняўшаму першае месца, за другое і трэцяе – прэміі ў памеры 150 і 100 рублёў. Здаць неабходна не меней 3 тон.
!! Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства аб’явіў конкурс для здатчыкаў яблыкаў. Прэміі за тры першыя месцы чакаюць калектывы навучальных устаноў, школьнікаў і дарослых ушачан. Тавар кааператары заберуць, варта толькі заказаць машыну па нумарах 5-79-24 ці 5-77-35.
Вольга Караленка.