Главное — не падать духом! О том, как восстановить организм после перенесённого коронавируса, рассказывает переболевший медик, наш земляк А.Михалевич

Здравоохранение

Рэаніматолаг-анестэзіёлаг Віцебскага абласнога клінічнага спецыялізаванага цэнтра, наш зямляк Аляксандр Раманавіч Міхалевіч па роду абавязкаў – на адным з самых складаных участкаў – прымае ўдзел у планавых аперацыях, а таксама дапамагае людзям з вельмі цяжкім станам здароўя. Зараз бальніца працуе ў штатным рэжыме, аднавіла планавыя аперацыі. Ну а ў сакавіку-красавіку, калі цэнтр быў перапрафіліраваны пад стацыянар з хворымі на пазагашпітальную пнеўманію, змагаўся з каранавірусам на самай перадавой. Зразумела, што ў рэанімацыю траплялі толькі цяжкія пацыенты. І як бы не прытрымліваліся медыкі санітарных правілаў, не гаворачы пра тое, што працавалі ў поўнай эмуніцыі, вірус усё ж закрануў многіх, у тым ліку і А.Р.Міхалевіча. З таго часу доктар ужо выздаравеў, выйшаў на работу, пабыў у планавым адпачынку, у тым ліку і спецыяльна на Ушаччыне – у прыватнасці ў санаторыі “Лясныя азёры”, і пагадзіўся расказаць пра тое, што ён рабіў, каб хутчэй аднавіць арганізм ад наступстваў небяспечнай хваробы.

– Каранавірус пераносіцца па-рознаму, у некаторых нават бессімптомна, аднак гэта не азначае, што для чалавека хвароба скончыцца без наступстваў. Соvid-19 можа даваць ускладненні. Акрамя таго пры барацьбе з ім прымяняліся як моцныя антыбіётыкі, так і іншыя прэпараты, якія таксама пакідаюць след у арганізме – нездарма ж народная прымаўка гаворыць, што таблетка адно лечыць, а другое калечыць. Гэта сапраўды так: нагрузка на пячань, сэрца, іншыя органы, таму першае, што раю зрабіць усім, хто перанёс Соvid-19, праверыцца, каб высветліць, ці ёсць у вас ускладненні. Вы можаце і адчуваць іх, як напрыклад, я на суставы. І зразумела, гэта агульная слабасць, таму пажадана прайсці курс рэабілітацыі. Я два тыдні быў у рэабілітацыйным цэнтры “Жалязнякі”. Практычна ўсе назначэнні падбіраюцца на распрацоўку лёгкіх і правільнае дыханне. Вельмі карысная, здавалася б, самае простае – лячэбная фізкультура. Зразумела, пажадана завучаныя практыкаванні потым паўтараць і дома. Масаж на вобласць лёгкіх, кіслародныя кактэйлі, прагулкі на свежым паветры па хвойным лесе, біяптрон – вось тыя простыя метады, якія прапаноўваліся ў “Жалязняках”.

Аднак там не было саляной пячоры, таму за галатэрапіяй я накіраваўся ў “Лясныя азёры” – хацеў адпачыць на радзіме з максімальнай карысцю. Удыханне салянога пылу наогул пажадана пры частых прастудах, праблемах з органамі дыхання, яны ж умацоўваюць імунітэт – а гэта тое, што трэба рабіць не толькі пасля, а лепш і да хваробы.

Наогул у “Лясных азёрах” распрацаваны спецыяльны курс “Аздараўленне лёгкіх”, аднак я браў толькі тое, чаго не рабіў у папярэдняй здраўніцы: падводны масаж – таксама для лёгкіх, а для суставаў – парафін і магніт на ўсё цела (капсула, у якую цябе памяшчаюць, падабраўшы пэўныя параметры). Апошнюю працэдуру можна рабіць нават пры вострым перыядзе хваробы, і яна здымае балявы сіндром.

У санаторый я ездзіў, там жа абавязкова плаваў (таксама добрыя практыкаванні для лёгкіх), а жыў ва Ушачах, каб на сабе апрабаваць яшчэ адну карысную параду – піў парное казінае малако ў суседкі П.В.Каваленка. Спецыяльна запланаваў сабе на адпачынак такі пункт, паколькі раней чуў ад знаёмага, што толькі дзякуючы шторанішняй шклянцы цёплага казінага малака ён адышоў ад цяжкой пнеўманіі і хутка змяніў “зялёны” колер скуры на ружовы.

Наогул харчаваннне – гэта асобная тэма, паколькі па-першае, такім чынам мы абагачаемся неабходнымі арганізму мікраэлементамі і вітамінамі, а па-другое, трэба аднаўляць мікрафлору кішэчніка, сапсаваную пасля курсу антыбіётыкаў. Таму акрамя спецыяльных прэпаратаў пажадана ўжываць кісламалочныя прадукты, як мага больш агародніны і фруктаў і як мага меней – “хіміі”. Дарэчы, больш за ўсё пакутуе ад таблетак печань, таму раю набыць у аптэцы алей з растаропшы, на аснове якой робяцца практычна ўсе прэпараты для лячэння гэтага органа.

З таго, што я прывык рабіць штодзённа, гэта зарадка. Можна і бегаць, наведваць басейн, аднак любыя фізічныя нагрузкі павінны быць у меру (па ўзросце), каб не перагружаць сэрца.

І, я лічу, самае галоўнае – не страчваць аптымізму. Здаровае цела можа быць толькі пры здаровым духу.

Вольга Караленка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *