Як вядома, 17 мая бягучага года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 года № 200 “Аб адміністрацыйных працэдурах, ажыццяўляемых дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян”. На падставе дакумента адбыліся пэўныя змены ў рабоце ЗАГСа.
Раней максімальны тэрмін разгляду заяў на рэгістрацыю нараджэння складаў адзін дзень, зараз ён павялічыўся да двух дзён з моманту падачы заявы. Аднак ёсць пэўная асаблівасць: замацавана правіла, згодна з якім пры адначасовай рэгістрацыі нараджэння, устанаўленні бацькоўства і заключэнні шлюбу – гэтыя працэдуры разглядаюцца ў дзень заключэння шлюбу.
Таксама, згодна з Указам №200, з аднаго да двух дзён павялічаны тэрмін ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур па ўстанаўленні бацькоўства і мацярынства, рэгістрацыя ўсынаўлення, а таксама тэрмін рэгістрацыі скасавання шлюбу па рашэнні судоў, якія ўступілі ў сілу да 1 верасня 1999 года.
Адменены шасцімесячны тэрмін дзеяння даведак аб нараджэнні і смерці, якія выдаюцца пры іх рэгістрацыі для атрымання грашовай дапамогі. Адзначу таксама, што даведкі выдаюцца ў дзень звароту, аднак не раней дня рэгістрацыі нараджэння, смерці.
Адміністрацыйныя працэдуры па перамене прозвішча, імя, імя па бацьку, як і раней, ажыццяўляюцца ў двухмесячны тэрмін са дня падачы заявы.
Нічога не змянілася ў парадку і тэрмінах рэгістрацыі шлюбу, занясення змяненняў, дапаўненняў, выпраўленняў у запіс актаў грамадзянскага стану ці яго анулявання.
Па-ранейшаму ў дзень падачы заявы праводзіцца рэгістрацыя смерці.
Захаваўся ранейшым і сямідзённы тэрмін ажыццяўлення працэдур па выдачы паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану пры наяўнасці адпаведнага запісу ў архіве аддзела. Аднак на практыцы ўсім выдаецца ў дзень звароту.
Захаваны шасцімесячны тэрмін дзеяння архіўных даведак, а таксама даведак аб адсутнасці запісу акта аб заключэнні шлюбу для ўступлення ў шлюб за мяжой.
Амаль на ўсе працэдуры дзейнічае правіла павелічэння тэрміну выканання адміністрацыйнай працэдуры да аднаго месяца ў выпадку запыту дакумента і пэўных звестак ад іншых дзяржаўных органаў, арганізацый.
З асаблівасцямі работы ЗАГСа па прынцыпе “аднаго акна” можна больш падрабязна азнаёміцца на інфармацыйных стэндах аддзела, а таксама на сайце райвыканкама. Атрымаць канкрэтную кансультацыю можна пры звароце ў мясцовы аддзел ЗАГСа ці па тэлефоне: 2-17-85.
А.МАЛАШЧАНКА,
начальнік аддзела ЗАГСа.