Усе гэтыя дзяўчаты, нягледзячы на юны ўзрост, маглі б упрыгожыць вокладкі часопісаў. У кожнай – сінтэз каларыту малой радзімы, адукаванасці, індывідуальнасці. На раённым конкурсе “Міс Лета – 2020”, які адбыўся ва Ушачах у мінулую пятніцу, хоць і сустракалі ўдзельніц па адзенні, праводзілі ўсё ж па талентах і шарме.
Як і належыць конкурсу прыгажосці, сваё месца ў праграме заняло дэфіле, з якога пачалося знаёмства з прэтэндэнткамі на карону. Дзяўчаты дэманстравалі вячэрнія сукенкі, непаўторныя ўборы ў стылі “кветкавая фантазія”. Пра сябе, свае захапленні і мары расказвалі ў конкурсе візітовак, прычым, рабілі гэта з выкарыстаннем розных сродкаў – вершаваных радкоў і прозы, тэатралізаваных эпізодаў. Яркія эмоцыі дарылі членам журы і гледачам у сваіх вакальных і харэаграфічных нумарах.
Уразіла прысутных адна з самых юных удзельніц конкурсу, 14-гадовая Ульяна Шалонька. Вучаніца Ушацкай школы захапляецца танцамі, з’яўляецца ўдзельніцай узорнага фальклорнага калектыву “Спадчына”. Вось і падчас дэманстрацыі талентаў яна выйшла на сцэну ў беларускім нацыянальным касцюме і разам з Кірылам Шалыгам паказала клас у гэтым відзе мастацтва. Дзяўчына ўпэўнена, што галоўнае ў жыцці – гэта моцная сям’я і любімая справа. Сумнявацца ж у тым, што ўсё гэта ва ўладальніцы тытула “Міс знаходлівасць” будзе, не прыходзіцца.
Цалкам заслужана была прызнана “Міс усмешкай” Злата Бойчанка: падчас усіх этапаў праграмы яна дарыла прысутным добры настрой. Ва ўсіх справах 14-гадовая канкурсантка імкнецца праявіць сябе па максімуме. Захапляецца харэаграфіяй, спортам, рукадзеллем, любіць чытаць, маляваць. Мара дзяўчыны – адправіцца ў падарожжа па краінах Еўропы, а яе дэвіз – “Дарога ўзнікае пад крокамі таго, хто ідзе”.
Як рыба ў вадзе адчувае сябе на сцэнічнай пляцоўцы 15-гадовая Ганна Александровіч. Скончыла дзіцячую школу мастацтваў, без любімага фартэпіяна і спеваў не ўяўляе свайго жыцця. Дзяўчына марыць стаць выкладчыкам музыкі ці артыстам, а ўжо зараз прымае ўдзел у многіх творчых мерапрыемствах, што ладзяцца ў раёне. Дарэчы, мае і пэўныя дасягненні, у ліку якіх – перамога ў конкурсе патрыятычнай песні “Аб доблесці, аб подзвігу, аб славе”. Вольны час Ганна любіць праводзіць з блізкімі, ездзіць з сябрамі на прыроду. Актывістка яна і ў грамадскім жыцці класа. За такую шматграннасць і была прызнана “Міс Арыгінальнасць”.
Нямала талентаў мае сёлетняя выпускніца Ушацкай школы, “новаспечаная” студэнтка Полацкага дзяржуніверсітэта Аляўціна Конан. Вось ужо 10 гадоў будучы эканаміст займаецца танцамі, крыху менш – лёгкай атлетыкай. У вольны час любіць пачытаць і пакулінарыць. Лічыць сябе патрыётам сваёй краіны, добра валодае беларускай мовай. Трэба сказаць, што групу падтрымкі 18-гадовая канкурсантка мела не толькі ў зале – падчас некалькіх этапаў выходзіла з ёй на сцэну сяброўка Злата Клачок, што зрабіла выступленне ўладальніцы тытула “Міс абаянне” яшчэ больш яркім і прыгожым.
Па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам у свае 15 гадоў лічыць сябе Алеся Бойчанка. Яна з вялікай дружнай сям’і (дарэчы, Злата – яе родная сястрычка), захапляецца спевамі, танцамі, фатаграфіяй. Прымае ўдзел у розных творчых мерапрыемствах, прычым, небезвынікова: нядаўна стала прызёрам раённага этапу абласной культурна-экалагічнай акцыі “Зберажом зялёную елку!” у намінацыі “Лепшы сольны нумар”. Дзяўчына марыць стаць артыстам, падрыхтаваць свой творчы калектыў. Яе жыццёвы дэвіз – “Калі абмяркоўваюць, значыць ты наперадзе!”
Зрэшты, так атрымалася і ў гэтым конкурсе – менавіта А.Бойчанка па суме набраных балаў стала “Міс Лета – 2020”. Спецыяльны ж прыз, які ўручаўся з улікам найбольш гучных апладысментаў гледачоў, дастаўся Г.Александровіч.
Усе ўдзельніцы прыгожага мерапрыемства атрымалі памятныя падарункі ад арганізатараў – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённага аб’яднання прафсаюзаў, райкама БРСМ.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.