Заработать можно и на яблоках! или Как в Ушачском районе организован приём у населения излишков сельхозпродукции?

Общество

У садах ушачан сёлета зноў шмат яблыкаў і, зразумела, усім хочацца, каб яны не прапалі дарэмна. А зрабіць гэта вельмі проста – Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства прымае іх ва ўсіх сельскіх магазінах, а таксама на пунктах прыёму: яны працуюць у гарпасёлку і ў Вялікіх Дольцах, а ў хуткім часе адчыніцца і ў Арэхаўне. Пра ўмовы прыёму і далейшы шлях сыравіны мы гутарылі з начальнікам аддзела нарыхтовак і знешняй эканамічнай дзейнасці філіяла І.В.ДОЛГАЙ.

– Ірына Васільеўна, кошт за кілаграм яблыкаў па Ушачы і сельскіх населеных пунктах адрозніваецца. Чаму?

– Гэта звязана з транспартнымі выдаткамі. У райцэнтр людзі прывозяць нам яблыкі самі, а ў сельскай мясцовасці ці давозяць да бліжэйшага магазіна, ці выклікаюць наш транспарт і мы забіраем лішкі непасрэдна дома. Зразумела, што для гэтага трэба сабраць не адзін-два мяшкі, а прыкладна столькі ж тон, хаця неабавязкова адным гаспадаром. Заяўкі можна падаваць калектыўныя ад усіх жыхароў вёскі. І калі мы, умоўна кажучы, з Ляснеўшчыны атрымаем заказ на некалькі тон, то заберым яблыкі па падворках жыхароў. Так што кааперыруйцеся і падавайце заяўкі праз старэйшын вёсак.

– Вельмі зручная для насельніцтва форма. Разлік, як і ў папярэднія гады, таксама будзе на месцы?

– Так, мы звычайна накіроўваем нарыхтоўшчыка і вадзіцеля. Адразу на месцы ўзважваем тавар, разлічваемся і вяртаем мяшкі.

– Ірына Васільеўна, у такія ўраджайныя гады большая праблема са збытам паўставала ў кааператараў. Заводы не заўсёды гатовы былі прыняць вялікую колькасць сыравіны. У вас ёсць канкрэтныя дамоўленасці на продаж яблыкаў?

–Так, акалот мы здаём на Полацкі вінзавод. Праблем са збытам, сёлета, мяркую, не будзе, паколькі нам даведзена заданне ў 700 тон – гэта вялікая лічба, так што прымем лішкі яблыкаў ва ўсіх. Акрамя таго паступалі прапановы на продаж і з іншых абласцей.

– Будзеце прымаць і здымнае яблыка?

– Канечне. І гэта могуць быць не толькі зімовыя новыя сарты, але і традыцыйная антонаўка ці грапштына, толькі таварнага выгляду, паколькі яблыка ідзе не на перапрацоўку, а паступае ў продаж. Пра закупачныя цэны мы паведамім пазней.

– Што яшчэ прымае зараз Ушацкі філіял?

– Брусніцы, лісічкі, любое зерне, а таксама агародніну. У кожным вясковым магазіне ёсць тэлефоны, людзі звязваюцца з намі і калі тавар адпавядае патрабаванням, мы прымаем лішкі.

– Сховішча і ўмовы філіяла дазваляюць захаваць аб’ёмы, неабходныя, каб на год забяспечыць сваіх пакупнікоў той жа бульбай, морквай, буракамі?

– Так, у сховішчы выстаўляецца патрэбная тэмпература і агародніна добра захоўваецца да лета.

– Вы закупляеце ў насельніцтва лішкі, даяце магчымасць падзарабіць, аднак і самі шукаеце выгадныя варыянты збыту, не ўсё ж ідзе на ўнутраныя патрэбы.

– Канечне. Зразумела, мы пакідаем і садавіну, і агародніну, якія потым рэалізоўваецца у сваім раёне і па зоне, якую абслугоўваем, выкарыстоўваецца нашым грамадскім харчаваннем для прыгатавання страў і выпечкі. А таксама перапрадаецца. Зараз ўсё праходзіць праз электронныя таргі, і калі выйграём іх, рэалізоўваем, як, напрыклад, у чэрвені ў закрытыя ўстановы Полацкага раёна.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *