«Цветы для меня — всё!», или Как ушачанка Алла Пятница создала на участке настоящее цветочное царство

Калейдоскоп

Участак на Ніжнянабярэжнай у гарпасёлку ў Алы Міхайлаўны Пятніцы немаленькі. Ёсць агарод, унутраны дворык, палісаднік. Аднак паўсюдна, нават звонку агароджы растуць кветкі. Захапленне і задавальненне для душы, якому не здраджвала ні ў часы маладосці, калі толькі абжывалі дом, ні зараз, калі сустракае ў ім унукаў.

– Ружовая гартэнзія сёлета дрэнна цвіце, а якая прыгажосць была летась! – Ала Міхайлаўна абводзіць па сваіх уладаннях. – Яна песта, як і ўсе нетрадыцыйныя гатункі, акрамя белай афарбоўкі, – абавязкова ўкрываць трэба на зіму. Чым
толькі ні падкормлівала, а нешта не падабаецца, хаця лістота бачыце якая, намнога багацейшая. А вось мае любімцы – галандскія лілеі. Калі патрэбен букет, я зразаю адну галінку – і ён гатовы, бо цвітуць прыгожай шапкай з закручанымі па краях пялёсткамі. А гэта бэзавая, вельмі пахучая ружа, у мяне такіх дзве. Раней чаранкавала, сама разводзіла: спачатку ставіла надоўга ў ваду, а потым пад пластыкавай бутэлькай трымала ў гаршчку ў доме. Праўда, магу зазначыць, што чым элітней кветка, тым горш яна прыжываецца.

Іх, а гэта 22 ужо немаленькіх, добра ўкаранёных куста, яна шчыльна ўкрывае на зіму. Вясной для росту падкормлівае курыным памётам, а потым фосфарнымі, калійнымі ўгнаеннямі. На адцвіўшых абразае не толькі бутоны, а і галіны намнога ніжэй – тады пускаюцца новыя даўгія з адзінкавым паўнацэнным бутонам, а не некалькі кароткіх. Наогул, ружы патрабуюць пастаянна папаўняць веды. Сёлета, напрыклад, ападалі суквецці, пакуль не заўважыла, што ўнутры завёўся шкоднік і апрацавала атрутай. І зараз усе кусты здаровыя і ці цвітуць, ці збіраюцца парадаваць другой у гэтым сезоне квеценню.

Любая раніца пачынаецца для А.Пятніцы з абходу сваіх клумб. Гэта як кубак кавы – зарад бадзёрасці і настрою. Вясной назірае за крокусамі, нарцысамі, махровымі і пярэстымі цюльпанамі. Іх не заўсёды выкапвае, а проста высаджвае на апусцелае месца расаду адналетнікаў. Насенне цыній, аксамітак, гератыума, сальвіі збірае сама – і яно атрымліваецца не горшым за куплёныя гібрыды. А вось астра часта перараджаецца і замест пышных шапак ператвараецца ў рознакаляровыя “рамонкі”.

Асаблівы яе гонар – пышныя кусты клямаціса. Белыя дробнакветкавыя адцвілі, а вось фіялетавы апаясвае ўсю арку летняй кухні. Яго таксама на зіму абразае на вышыні 70 сантыметраў і ўкрывае.

Трэба зазначыць, што літаральна ўсе клумбы ў Алы Міхайлаўны адбіты бардзюрам і апаясваюць перыметр дома і іншых пабудоў. Каб яны заўсёды былі ў квецені, падбірае доўгайграючыя расліны, як аксаміткі, агератум, хрызантэмы. Мабыць, і хацела б зменшыць плошчы, толькі ж рука не падымецца выкінуць раннія цыбульныя, ну і не будзе ж пуставаць вызваленае месца.

Гладыёлусы растуць і на асобных клумбах – не любяць “суседзяў”, і на агародзе, і нават у цяпліцы. Так, “дзетак” Ала Міхайлаўна высаджвае па яе краі, тым самым і плошчу займае, ды і памідорам гэта не замінае. На трэці год вырастаюць да нармальных памераў. З супрацьлеглага боку так жа радком расце і яравы часнок – прыкмеціла, што атрымліваецца не горш чым на вуліцы.

Хоць і кажа Ала Міхайлаўна, што на першым месцы ў яе кветкі, менавіта імі спачатку займаецца вясной, а толькі потым участкам, пад яе пільным вокам добра родзіць уся садавіна і агародніна. Дзеліцца з роднымі памідорамі, на стале – выспеўшы ранні вінаград. А таксама свежа адкачаны мёд. Так, яна і пчаляром становіцца, калі наведвае з сёстрамі ў Слабадзе ўжо зусім немаладога бацьку. А колькі нарыхтовак, ды і самаробнага віна з ягад робіць.

Калі паспявае? Проста да цёмнага на нагах, хаця магла б дазволіць сабе адпачыць. Хоць і раяць родныя не “забівацца”, ды і не ўсе разумеюць, навошта такія плошчы пад дарэмнымі кветкамі, яна толькі ўсміхаецца: “Любяць жа проста так, а не за карысць. А колькі каштуе добры настрой?”

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *