Парадаксальна, аднак факт – на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы ў Лідзе Сяргей Багрэц быў віноўнікам урачыстасці, а на абласным форуме ўсе нашы перадавікі – толькі гледачамі. Справа ў тым, што на абласных спаборніцтвах не было намінацыі “На перавозцы кармоў”, у якой вадзіцель “Райаграсервіса” заняў трэцяе месца ў рэспубліцы, а вось па намалотах нашы камбайнеры, на жаль, саступалі калегам з іншых раёнаў. Больш за ўсіх павезлі ўзнагарод з абласных “Дажынак” аршанцы. Нашы ж перадавікі вярнуліся з жаданнем не быць гасцямі на падобных святах. А ў складзе ўшацкай дэлегацыі як кіраўніцтва раёна, дырэктары і старшыні ўсіх гаспадарак, а таксама падшэфных прадпрыемстваў, так і лепшыя работнікі, што былі заняты на ўборцы хлеба і нарыхтоўцы кармоў. Калі камбайнавы экіпаж Канстанціна Казакевіча і Сяргея Андрэйчыка, вадзіцель Сяргей Багрэц і механізатар Сцяпан Басак не толькі перадавікі “Райаграсервіса”, але і бясспрэчныя пераможцы раённага спаборніцтва, то іншых удзельнікаў “Дажынак” вылучалі па выніках работы непасрэдна гаспадаркі. Канечне, трапілі ў гэты лік лепшыя працаўнікі. Напрыклад, Васіль Мікалаевіч Сапега з “Глыбачан” і Аляксандр Васільевіч Папко з ”Арэхаўна”, на рахунку якіх адпаведна 13266 і 11443 тон убранай зялёнкі. Мікалай Уладзіміравіч Яловік з “Дземенца”, Уладзімір Уладзіміравіч Лёля з “Ільюшынскага”, Сяргей Аркадзьевіч Філімонаў з “Вялікадолецкага”, Аляксандр Мікалаевіч Тарашкевіч з ільнозавода – усе гэтыя вядомыя ў раёне людзі ўнеслі свой уклад у развіццё раслінаводства. І гэта не поўны пералік трапіўшых на абласныя “Дажынкі”.
Урачыстае дэфіле калон, ушаноўванне перадавікоў губернатарам вобласці Аляксандрам Мікалаевічам Косінцам, святочны канцэрт, мноства адкрытых канцэртных пляцовак…
Хто з раёна і быў актыўным удзельнікам свята, так гэта нашы культработнікі. На асобнай пляцоўцы ўшачане паказвалі забаўляльную праграму. Свае вырабы з дрэва, саломкі, карціны прывезлі прадстаўнікі клуба майстроў “Адраджэнне”. Пачаставацца беларускімі клёцкамі, поліўкай, кісялём і караваямі падыходзілі да народнага клуба “Прысмакі” ўдзельнікі і госці “Дажынак”. Палатачны гарадок разбіла ў Расонах і наша райспажыўтаварыства.
Падобнае, першае ў вобласці мерапрыемства, ушачанам карысна было пабачыць і яшчэ па адной прычыне. Абласныя “Дажынкі” наўмысна будуць праводзіцца ў невялікіх райцэнтрах Віцебшчыны, каб надаць гарадам іншы выгляд, імпульс на далейшае развіццё. Многа чаго пабудавана і адрамантавана ў Расонах, з’явіўся нават басейн. Вызначаны і спіс гарадоў-шчасліўчыкаў, у якіх у наступныя гады пройдзе падобнае мерапрыемства: Браслаў, Гарадок, Лёзна, Ушачы і Сянно. Такім чынам мы будзем сустракаць перадавікоў жніва ў 2014 годзе.