В Ушачах прошёл праздик мёда

Калейдоскоп

У пятніцу сквер па вуліцы Ленінскай у райцэнтры неафіцыйна атрымаў назву Мядовага. У гэты дзень тут праходзіла самае салодкае і смачнае дзейства лета – свята мёду. Майскі і рознатрававы, пярга і праполіс – з самай раніцы ля гандлёвых кропак з духмянай прадукцыяй выстройваліся чэргі. І без пакупак ніхто не заставаўся.

Святочная пляцоўка, сапраўды, нагадвала міні-гарадок, дзе пчаляры частавалі ўсіх мёдам уласнай вытворчасці. Благачынны Ушацкай акругі протаіерэй Вячаслаў Лобец павіншаваў вернікаў з Мядовым спасам і асвяціў новы збор салодкага ўраджаю. Жадаючых набыць рознакаляровыя слоікі са смачным змесцівам было нямала. А цана на прадукт не біла моцна па кішэні (8 рублёў за паўлітра).

Актыўна рэкламавалі сваю прадукцыю на свяце Валянціна Пятроўна і Мікалай Пятровіч Глінскія: “Мы з Пяскоў, вёскі з экалагічна чыстай зоны!” І, як вынік, ад пакупнікоў не мелі адбою. Адзінае, пра што шкадавалі пчаляры, – дык гэта пра невялікую колькасць прывезенага мядку. “Узялі толькі 20 паўлітровых слоічкаў і каля 15 літраў разліўнога разнатраўя, – расказала жанчына. – Аднак не паспела мерапрыемства афіцыйна распачацца, як запасы ўжо апусцелі. Паўплывалі, напэўна, на гэта і якасць нашай прадукцыі, і сціплая колькасць “мядовых” кропак”.

З-за працяглых халадоў увесну мядку сёлета, сапраўды, не багата. Як нам расказаў Васіль Міхайлавіч Конан, на сваёй пасецы ў Стараселлі ад адной пчаласям’і (а іх у мужчыны 50) атрымаў у сярэднім сем літраў мёду. У мінулым годзе было ўтрая больш – ажно 22. Сваім жа рэкордам пчаляр называе лічбу ў 35 – такім удалым выдаўся 2006-ы. “У наваколлі маёй вёскі нават сельгасугоддзяў няма, затое ў вялікай колькасці растуць меданосы,” – дэманструючы фотаздымкі квітнеючых палёў, з гонарам зазначае мужчына.

Пастаяннымі ўдзельнікамі свята мёду з’яўляюцца ўшачане Алеся Анатольеўна і Іван Уладзіміравіч Хамёнкі. Жадаючых паспытаць іх прадукцыю са смакам маліны, крушыны, ліпы было нямала. У іх ліку – і юныя выхаванцы лагера “Арляня”, што працаваў гэтымі днямі пры Ушацкай школе. “У маіх дзядулі з бабуляй таксама ёсць пчолы. І мёд у іх такі ж духмяны, – казала падчас дэгустацыі адна з дзяўчат. – Ніякіх цукерак не патрэбна, калі дома ёсць такая смаката”.

Ёсць свая пчалапасека і ва Ушацкім лясгасе, якая забяспечвае мёдам не толькі работнікаў, але і насельніцтва. “Рэалізуем яго на многіх раённых мерапрыемствах – і заўсёды разыходзіцца на “ўра”, – канстатавала работнік прадпрыемства Таццяна Міхайлаўна Ладзік. – Прывезлі сёння 17 вялікіх слоічкаў (па 1,4 літра), дык разышоўся ўсяго за пяць хвілін – давялося яшчэ падвезці. Гэта, напэўна, мае юныя памочніцы такія ўдачлівыя! Не першы год ўдзельнічаюць са мной у падобных кірмашах дачушкі-двайняткі Маша і Даша, дарэчы, тыя яшчэ аматары мёду!” У гэты дзень карысталася попытам на кропцы лясгаса і іншая прадукцыя: дэкаратыўныя іглічныя расліны, ружы, венікі для лазні.

Яркасць мерапрыемству надавала насычаная забаўляльная праграма ад раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Мёд, кандытарскія вырабы і чаі прапаноўвала райспажыўтаварыства – паспытаць прысмакі можна было за столікам пад адкрытым небам. Дамашнія боханы хлеба – найлепшы “спадарожнік” мядку – прапаноўвала ушачанка Людміла Дунец. Тэматычную выставу падрыхтавалі работнікі раённай бібліятэкі: тут можна было даведацца пра гаючыя ўласцівасці мёду, знайсці адмысловыя рэцэпты. Цікавыя выставы прадставілі работнікі Дома рамёстваў, народнага клуба “Адраджэнне”.

Ну а ў маленькіх ушачан было сваё свята: для іх працавала пляцоўка з рознымі гульнямі, конкурсамі і прызамі. Некаторыя хлопчыкі і дзяўчынкі пераўвасобіліся ў мадэляў – каб дапамагчы бацькам школьнікаў у выбары адзення да 1 верасня, было наладжана адмысловае дэфіле – з карысным аповедам пра вытворцаў і кошт тавару, прадстаўленага ва ўнівермагу.

“Адпачываем зараз на Ушаччыне, выпадкова трапілі на ваша салодкае свята, адпачылі душой і, канечне, прыкупілі ўшацкага мёду”, – дзялілася ўражаннямі сям’я Макаравых з абласнога цэнтра. Дзякавалі арганізатарам за мерапрыемства і самі пчаляры, якія атрымалі магчымасць не толькі прадэманстраваць і рэалізаваць тавар, але і пачуць у свой адрас шмат добрых слоў за карпатлівую працу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *