Такой колькасці тэхнікі і людзей, як раніцай гэтага чацвярга, на ціхім перакрыжаванні вуліц Камсамольскай і Петруся Броўкі, напэўна, не было ніколі. Адзін за адным пад’язджалі самазвалы і высыпалі сумесь у бункер асфальтаўкладчыка, напагатове стаялі каткі, паўтара дзясятка дарожнікаў засяроджана займаліся сваімі аперацыямі. На тое, як літаральна на вачах апранаюцца ў асфальт іх вуліцы, выйшлі паназіраць і многія мясцовыя жыхары: пра гэтую падзею яны марылі не адзін год.
– Хутка ў вас справы ідуць! – пачынаю дыялог з начальнікам участка ДБУ №2 г.Полацка Сяргеем Аляксандравічам Фінагеевым.
– А як жа інакш? – кажа той. – Перад намі пастаўлена задача заасфальтаваць больш дзясятка ушацкіх вуліц, і менавіта кароткі тэрмін будаўніцтва быў адным з галоўных фактараў таго, што перагаворы па выбары генпадрадчыка завяршыліся на карысць ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст №1 г.Віцебска”, падраздзяленнем якога мы з’яўляемся.
За дзень дарожнікі ўкладаюць каля 450 тон асфальтабетону, які з полацкага завода падвозяць 10 МАЗаў. Ні хвіліны не прастойвае і іх галоўная “баявая машына” – асфальтаўкладчык “Фогель 1800”, аснашчаны поўным комплексам аўтаматыкі. Прынамсі, яшчэ зусім нядаўна гэта тэхніка працавала на будаўніцтве Полацкага пуцеправода ў Віцебску, урачыстае адкрыццё якога адбылося 15 ліпеня. Аб’ект, які меркавалі будаваць 4 гады, быў узведзены ўсяго за 20 месяцаў! Адным словам, за рамонт ушацкіх вуліц узяліся правераныя майстры. Ну а для Сяргея Фінагеева гэта справа асабліва прыемная, бо малады начальнік участка родам з Ушач.
Практычна сваім з’яўляецца наш гарпасёлак і для Мікалая Мікалаевіча Садоўнікава, які ўзначальвае лепельскі ўчастак, што таксама ўваходзіць у структуру таварыства і дэлегаваў на ўшацкі аб’ект некалькі работнікаў і адзінак тэхнікі.
Пакуль я ўспамінала, дзе раней бачыла гэтага статнага мужчыну, той з усмешкай патлумачыў:
– Летась мы тэрыторыю ля вашага дзіцячага сада добраўпарадкоўвалі, а таксама футбольнае поле ля спарткомплексу будавалі. Дарэчы, карціна з маляўнічым ушацкім пейзажам, якую падчас урачыстага адкрыцця ўручыў мне старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, зараз упрыгожвае мой кабінет. Было вельмі прыемна трапіць у лік ганаровых гасцей разам з такімі вядомымі людзьмі, як Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. Ведаю, што менавіта пры яго садзейнічанні стала магчымым зрабіць рамонт ушацкіх вуліц. Хачу сказаць, што ваш дэпутат уносіць проста неацэнны ўклад у развіццё Ушаччыны, павышэнне якасці жыцця тутэйшых людзей. Бачу, што шмат намаганняў прыкладае для гэтага і раённае кіраўніцтва.
Але ж, канечне, галоўным фактарам таго, што шэраг нецэнтральных вуліц апранецца ў асфальт, з’яўляецца ініцыятыва і актыўнасць іх жыхароў, якія неаднойчы звярталіся з адпаведнымі запытамі да кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў дэпутацкага корпусу. Вядома ж, падобныя пытанні не заўсёды ўдаецца вырашыць аператыўна – і тым больш прыемным аказваецца момант, калі мары ўрэшце-рэшт здзяйсняюцца.
– Ведаеце, калі ўчора ўнукі забеглі ў дом з навіной, што ў нас пачалі класці асфальт, я нават закрычала ад радасці! – дзеліцца ўражаннямі Вера Дзмітрыеўна Балаболкіна, што жыве на Камсамольскай. – Мы з Верай Васільеўнай Ганаковай, Ганнай Іванаўнай Атрашкевіч, Валянцінай Іосіфаўнай Дунік неаднойчы звярталіся з гэтай просьбай да розных кіраўнікоў і верылі, што яшчэ паходзім па нашым мікрараёне ў чыстым абутку.
– А якая радасць дзецям! – дапаўняе суседку Валянціна Іосіфаўна. – Мой унук Ілья ўжо пытаецца, калі можна будзе праехаць тут на самакаце. А яшчэ хачу зазначыць, што іду вось зараз па свежым асфальце на выбарчы ўчастак, каб прагаласаваць датэрмінова, з асаблівым светлым пачуццём удзячнасці ўсім, хто зрабіў нашу мару рэальнасцю…
Шчыра прызнацца, рыхтаваць гэты газетны матэрыял увогуле было проста і прыемна, бо літаральна ўсе ахвотна згаджаліся даць каментарый, сфатаграфавацца на фоне новага дарожнага палатна. На вуліцы Юбілейнай, напрыклад, яно ўкладзена ўжо некалькі дзён таму і, па словах тутэйшага жыхара Мікалая Іванавіча Арцямёнка, яму і зараз цяжка паверыць, што цяпер у краму ці ў лес за грыбамі ён будзе каціць на любімым веласіпедзе “з ветрыкам”.
– Спачатку, як толькі пасялілася на вуліцы Кветкавай, апранала гумавыя боты, дабіралася ў іх да Калінінскай і там пераабувалася ў туфлі, – прыгадвае Святлана Васільеўна Маршалава. – Разумелі, што вуліца не можа прэтэндаваць на хуткае асфальтаванне, таму стараліся паляпшаць дарогу самі: падсыпалі з суседзямі за ўласны кошт. Ну а цяпер вельмі рады, што на нашай прыгожай ускраіне не будзе больш гразі і пылу.
Такія ж пачуцці будуць адчуваць і жыхары вуліц Мамкіна, Кірава, Ніжненабярэжняй, Шэдзько, Авангарднай, Фрунзе, Дружбы – сціплых прыгожых куточкаў райцэнтра, дзе зараз стане яшчэ больш камфортна і прыемна.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
Дарэчы
- Асабліва рады асфальту на вуліцы П.Броўкі выхаванцы дзіцячага ясляў-сада №1 і іх бацькі. Прынамсі, шырыня пакрыцця насупраць установы павялічана і да 5 метраў: зроблена гэта, каб хапіла месца для прыпынку аўтамабіляў, на якіх многія прывозяць дзяцей.
Мовай лічбаў
- Усяго за час правядзення работ будзе ўкладзена каля 3000 тон асфальтабетоннай сумесі на агульнай плошчы 20 тысяч квадратных метраў. Кошт рамонту складае каля 400 тысяч рублёў.