“Вось так выглядае аднапакаёвая кватэра, а так “трошка”, вокны якой будуць выходзіць і на суседнія шматпавярхоўкі, і на вуліцу Камсамольскую”, – праводзячы экскурсію па будоўлі новага дома на Віцебскай, расказвае выконваючы абавязкі дырэктара ПМК-66 Мікалай Паўлавіч Грыневіч. Шматпавярхоўка расце літаральна на вачах, гэтымі днямі будаўнікі распачалі вывядзенне другога паверха, а таму ўжо добра праглядвалася, якімі будуць апартаменты 40-кватэрнага дома.
Кожны дзень сюды спяшаюцца не толькі ўшацкія будаўнікі, а і іх шумілінскія калегі – як і падчас будаўніцтва папярэдніх дамоў аб’ект дзеляць дзве арганізацыі. “Каб было больш рук – і самі справіліся б, але ж тэрміны сціслыя: жыллё павінна быць гатова да новага года. Так што будзем рады, калі да нас на работу прыйдуць новыя муляры”, – адзначае М.П.Грыневіч. Зараз тут задзейнічана больш 30 чалавек, крыху менш паловы з якіх – ушацкія, якія працуюць у добрым настроі. “Не паспееце азірнуцца, як вырасце новы дом! Тым больш што лета – самы спрыяльны час для будаўніцтва”, – кажуць работнікі ПМК-66. Задзейнічаны тут як вопытныя прадстаўнікі, так і маладая змена арганізацыі.
Па праекце дом – такі ж, як і нумар 9 па вуліцы Віцебскай: тут 5 аднапакаёвых, столькі ж трохпакаёвых і 30 двухпакаёвых кватэр.
Ці трэба казаць, як рады пачатку будоўлі будучыя навасёлы, якія ў чаканні ўласных запаветных квадратных метраў пакуль вымушаны здымаць кватэры ці туліцца ў бацькоў. Прадугледжана тут і арэнднае жыллё.
Зараз на аб’екце ўзвышаецца вялізны будаўнічы кран, які ледзь паспявае падаваць матэрыялы мулярам, а наступным летам на вокнах ужо будуць вісець фіранкі, а самы вялікі мікрараён яшчэ больш напоўніцца дзіцячымі галасамі.
Вольга КАМАРКОВА.
на здымку: Муляры А.Манецкі, А.Бездзель, М.Макавееў на будоўлі новага дома.