За 5 лет работы Николай Михаль «приложил руку» ко многим важным стройкам Ушаччины

Общество

За пяць гадоў работы ў ПМК-66 цясляр Мікалай Мікалаевіч Міхаль “прыклаў руку” да многіх важных будоўляў Ушаччыны – жылых дамоў, сацыяльных аб’ектаў. І на кожным сваю работу заўсёды імкнуўся выконваць узорна.

Гэтымі днямі сумленнага спецыяліста ненадоўга адпусцілі ў водпуск, але як ідуць работы на дзіцячай школе мастацтваў, ён цікавіцца і падчас адпачынку. Таму, праходзячы міма, не мог не зазірнуць да калег. “На гэтым аб’екце працаваў з самага пачатку яго рэканструкцыі. На наступным тыдні вярнуся якраз на завяршальны этап. Нават не верыцца, што лічаныя дні засталіся да адкрыцця ўстановы. Памятаю, як хваляваўся на першым сваім аб’екце – адным з дамоў у мікрараёне на Віцебскай, каб усё атрымалася якасна і хутка. Зараз жа усё неяк робіцца на аўтамаце”, – кажа М.М.Міхаль.

Выраб драўляных канструкцый, зборка сцен, падлогі, выкананне розных “аперацый” з дрэвам, устаноўка дзвярных і аконных рам – далёка не ўвесь пералік таго, што ўмее і павінен рабіць цясляр. Да таго ж выконвае і іншыя работы, не звязаныя з дрэвам. Напрыклад, шчыруе Мікалай на добраўпарадкаванні: каля школы мастацтваў укладваў тратуарную плітку. “Некаторым на першы погляд здаецца, што зрабіць гэта прасцей простага. На самой жа справе трэба ведаць многія тонкасці. Вось гэтую трохкаляровую плітку 3D класці складана, куды лягчэй будаваць што-небудзь з дрэва”, – расказвае Мікалай Мікалаевіч.

Спецыяльнай адукацыі ён не атрымліваў і называе сябе будаўніком-самавучкай. Са школьных гадоў яго не цягнула да тэхнікі, як многіх равеснікаў, хацелася што-небудзь майстраваць. Пра галоўную ж будаўнічую арганізацыю Ушаччыны ведаў не па чутках – усё жыццё вадзіцелем у ПМК-66 працуе яго бацька Мікалай Пятровіч. Да нядаўняга часу тут жа шчыраваў і брат. Да прыходу на прадпрыемства М.М.Міхаль напрацоўваў вопыт на будоўлях у Расіі.

Да любой даручанай справы мужчына адносіцца з адказнасцю, тым больш што ад выкананых аб’ёмаў залежыць і заработная плата. Выдатна арыентуецца і разбіраецца у чарцяжах, праектах, якія “паддаюцца” далёка не ўсім.

Будаўнічымі пытаннямі Мікалай займаецца і дома, сам робіць рамонт, выконваючы не толькі цяслярскую справу, а і паклейку шпалераў, усё астатняе.

Як і многія іншыя працаўнікі галіны, М.Міхаль нешматслоўны і сціплы, сцвярджае, што не робіць нічога звышнатуральнага, аднак дзякуючы людзям гэтай прафесіі расце і прыгажэе наш гарпасёлак

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *