Приём в Гущинской Слободке

Общество

У чацвер намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка правяла выязны прыём грамадзян па асабістых пытаннях у вёсцы Гушчынская Слабодка Кубліцкага сельсавета. На прыёме прысутнічалі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Р.П.Пачэпка, старшыня Кубліцкага сельвыканкама І.В.Ластаўка, старэйшына вёскі В.М.Полазаў і мясцовыя жыхары, якія сабраліся ў хаце В.А.Зялёнка для абмеркавання асноўных праблем і хвалюючых пытанняў вяскоўцаў.

Непакоіла жыхароў адсутнасць аўтобуснага маршруту праз вёску, што пазбаўляе многіх магчымасці з’ездзіць у райцэнтр. Кожны чацвер праз Пад’язна ходзіць маршрутнае таксі. Аднак ім, людзям сталага ўзросту, дайсці да “бальшака” цяжка, а некаторым наогул немагчыма. Вось і прыходзіцца вяскоўцам спадзявацца на дапамогу родных і блізкіх, якія прывозяць з Ушач неабходнае. Старшыня сельвыканкама патлумачыла, што ніякіх парушэнняў сацыяльных стандартаў у адсутнасці адпаведнага маршруту няма, аднак пытанне было разгледжана. Дырэктар філіяла АТП №6 г.Наваполацка В.С.Спірчонак, да якога звярнуліся з просьбай аб увядзенні ці змяненні ўжо існуючага маршруту на карысць жыхарам вёскі, адказаў, што “пад’язненскі” мікрааўтобус зможа заязджаць у Гушчынскую Слабодку.

Расказалі вяскоўцы пра тое, як “змагаюцца” з хваробамі. Ніякіх нараканняў на дзейнасць медперсанала, які іх абслугоўвае, не ўзнікае: на выклікі медыкі заўсёды хутка прыязджаюць, дапамагаюць усім магчымым. А вось з набыццём лекаў ёсць пэўныя праблемы: справа ў тым, што аптэкі ў Гушчынскай Слабодцы няма, а паўнамоцтвы па продажы лекаў на вёсцы ёсць толькі ў загадчыкаў ФАПаў. Старшыня сельвыканкама І.В.Ластаўка паабяцала вырашыць гэтае пытанне самастойна: у самы бліжэйшы час яна разам з загадчыцай ФАПа прывязе вяскоўцам усе неабходныя медпрэпараты.

В.А.Зялёнка паскардзілася на тое, што пры першых жа маразах вада ў калонцы, што знаходзіцца ля яе хаты, замярзае. Калодзеж, на шчасце, таксама ёсць, але і да яго, і да суседніх калонак далекавата. Было прынята рашэнне звярнуцца да камунальнікаў, пад ведамствам якіх знаходзіцца водазабеспячэнне. В.В.Дзямешка запэўніла жанчыну, што работнікі названай арганізацыі прыедуць да маразоў і зробяць усё магчымае, каб выправіць сітуацыю.

Папрасілі таксама вяскоўцы вырашыць пытанне з непатрэбнымі, пустуючымі зямельнымі ўчасткамі. Старшыня сельвыканкама патлумачыла, што для таго, каб аддаць сваю дзялянку зямлі, трэба напісаць адпаведную заяву – толькі пасля гэтага ўчастак пяройдзе ва ўласнасць дзяржавы.

Напрыканцы пасяджэння В.В.Дзямешка, Р.П.Пачэпка, І.В.Ластаўка павіншавалі мясцовых жыхароў з надыходзячым святам – Днём пажылых людзей, пажадалі ім здароўя, шчасця і ўдачы.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ. На здымку:

падчас прыёму.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *