У сераду памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці А.К.Ліневіч правёў ва Ушачах “прамую тэлефонную лінію” і асабісты прыём грамадзян. Трэба адзначыць, што ажыятажу не назіралася, таму Анатоль Канстанцінавіч зрабіў выснову, што мясцовымі органамі ўлады арганізавана належная работа з запытамі людзей – за дзве гадзіны да яго паступіла менш дзясятка зваротаў, у асноўным прыватнага характару.
Умоўна іх можна падзяліць на дзве групы. Некаторыя грамадзяне прыйшлі да памочніка Прэзідэнта ў надзеі перагляду зваротаў у іншыя інстанцыі, так як былі незадаволены адказамі і вынікамі вырашэння сваіх праблем. Датычыліся яны зямельных спрэчак, магчымых, па словах заяўніка, парушэннях у правядзенні аператыўна-следчых мерапрыемстваў, працаўладкавання, выплаты банкаўскіх крэдытаў. А.К.Ліневіч дэталёва ўнікаў у сутнасць зваротаў, па некаторых з іх будуць праведзены праверкі. Калі ж высветліцца, што ранейшыя рашэнні былі прыняты ў адпаведнасці з заканадаўствам, то грамадзянам неабходна будзе іх прыняць, хоць яны і не задавольваюць іх чаканні. Для канчатковага вырашэння адной застарэлай спрэчкі грамадзянцы прапанавана звярнуцца ў суд.
Жыхарка вёскі Сарочына не згодна з сумай, якую ёй прад’явілі да аплаты, пасля таго як спецыялісты-кантралёры УП “Наваполацкводаканал” выявілі ў яе домаўладанні расход вады без лічыльніка. Тут таксама будзе праведзена праверка абгрунтаванасці налічанай сумы. Паступіў і калектыўны зварот, які ад імя жыхароў вёскі Гута агучыла Ніна Іванаўна Нікалаева. Праблема вядомая і звязана з правядзеннем будаўніча-мантажных работ на мосце праз раку Ушача ў райцэнтры. У сувязі з гэтым, аб’езд аўтатранспарту арганізаваны праз Гуту і вяскоўцы скардзяцца на павышаны шум і запыленасць. Ушацкім ДРБУ-105 КУП “Віцебскаблдарбуд” устаноўлена абмежаванне хуткасці руху па населеным пункце да 40 кіламетраў у гадзіну, арганізаваны паліў дарожнага пакрыцця, у чэрвені былі выкананы работы па абяспыльванні гравійкі шляхам унясення спецыяльнай бітумнай эмульсіі. Аднак гэтыя меры не прывялі да належнага эфекту. А.К.Ліневіч адзначыў, што раённыя ўлады прымаюць пэўныя захады, каб зняць праблему, а па заканчэнні прыёму грамадзян разам са старшынямі райвыканкама Уладзімірам Генадзьевічам Аўдошкам і раённага Савета дэпутатаў Наталляй Мікалаеўнай Марковіч выехалі на месца, каб ацаніць сітуацыю. Дарога праз Гуту стаіць у перспектыўным плане на асфальтаванне, магчымасць зрабіць гэта сёлета будзе залежыць ад фінансавання, пакуль жа праблему будуць вырашаць праз узмоцненны паліў пакрыцця ў спякотныя дні.
Таксама падчас візіту ва Ушачы А.К.Ліневіч правёў сустрэчу з маладзёжным актывам раёна і з працоўным калектывам Ушацкага лясгаса, якая прайшла ў форме адкрытага дыялогу. Анатоль Канстанцінавіч са станоўчага боку ацаніў работу прадпрыемства, дзе ў мінулым годзе адкрыты дрэваапрацоўчы цэх і зараз на экспарт адпраўляецца прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю. Разам з тым, памочнік Прэзідэнта ўказаў і напрамкі на перспектыву – напрыклад, нарошчванне аб’ёму турыстычных паслуг, арганізацыю вытворчасці паліўных пялетаў. “Гэта дазволіць стварыць новыя рабочыя месцы, павялічыць зарплату работнікам, а значыць і ўтрымаць моладзь, бо сацыяльная інфраструктура ў вашым раёне на высокім узроўні”, – адзначыў А.К.Ліневіч. Дырэктар Ушацкага лясгаса Сяргей Аляксандравіч Даніловіч ад імя не толькі працаўнікоў свайго прадпрыемства, а і іншых ушачан, прасіў памочніка Прэзідэнта аказаць садзейнічанне па будаўніцтве ў райцэнтры арэнднага жылля, што таксама будзе спрыяць замацаванню маладых кадраў.
Д.Раманоўскі.