От роз до грецких орехов. Семья Телепень с Дубровки не привыкла сидеть без дела и неутомимо трудится на своём участке

Общество

“У нас жа няма нічога асаблівага – дарагіх архітэктурных форм, фантанаў, дзіўных раслін. Усё звычайнае, як і ў іншых жыхароў Ушаччыны”, – сціпла зазначаюць Тамара Іванаўна і Уладзімір Іванавіч Целепні з вёскі Дубраўка. Між тым, адметнасць гэтых гаспадароў у руплівасці: не сядзяць склаўшы рукі, а па меры сваіх сіл робяць свет вакол сябе прыгажэйшым.

З вясны і да позняй восені на іх сядзібе цвітуць самыя розныя кветкі. Пачынаюць звычайна каляровы марафон цюльпаны, якія потым змяняе мноства іншых. Любіць гаспадыня вырошчваць як адналетнікі, так і шматгадовыя. Знайшлося на сядзібе месца для непатрабавальных півоняў, ірысаў, хостаў, рамонкаў, гартэнзій, флоксаў. Некаторыя кусты апошніх так разрасліся, што не абхапіць рукамі. Не першы год радуюць вока куставыя ружы, ёсць невялікая калекцыя лілей, абавязкова адводзіцца месца астрам, у вазоны высаджваюцца петуніі. А сярод самых любімых кветак – гладыёлусы. “Некаторыя не надта любяць займацца імі, бо іх цыбуліны трэба выкопваць, захоўваць, потым своечасова высаджваць, а калі яны зацвітаюць, то часта патрабуюць падвязвання. Я ж лічу гладыёлусы сапраўдным упрыгожваннем клумбаў. Каб яны былі яркімі і здаровымі, прытрымліваюся некалькіх правіл – кветка любіць сонечныя месцы, добры паліў і змену “месца жыхарства” кожныя два гады. Захоўваю клубні ў прахалодным месцы”, – расказвае Тамара Іванаўна.

І калі гаспадыня клапоціцца пра кветкі, то сад – зона адказнасці Уладзіміра Іванавіча. На сядзібе ёсць як старыя, так і маладыя яблыні, якія амаль кожны год даюць неблагі ўраджай, а таксама некалькі сартоў вінаграду. Растуць і экзатычныя дрэвы – фундук і грэцкі арэх. І калі першы ўраджай фундука чакаюць толькі сёлета, то ўласныя грэцкія арэхі ўжо спрабавалі. “Леташні год быў неўрадлівы на іх, а ў папярэдні сабралі амаль вядро. Цікава, што многія не тое што не вырошчваюць, а нават не ўяўляюць, як растуць арэхі”, – кажа Уладзімір Іванавіч, які працуе ў Глыбачанскім лясніцтве і пра любыя дрэвы ведае ўсё.

Шмат у сям’і ягадных кустоў, любяць тут чорныя парэчкі, сартавыя даюць плады, якія па памерах з маленькія яблыкі. Кожны год абавязкова садзяць на сваіх сотках розныя агароднінныя культуры, шчыруюць у цяпліцы і на градках, робяць вялікія запасы на зіму. Зрэшты, Тамара Іванаўна не адзін год адпрацавала ў школьнай сталовай поварам, таму кухня – таксама яе стыхія.

Акрамя клопатаў на агародзе яны штодня завіхаюцца і каля падсобнай гаспадаркі. У цяперашні час абмежаваліся толькі птушкай – курамі ды індыкамі. “Раней ледзь не ў кожным двары была карова. Мы таксама трымалі адразу дзве, не ўяўлялі жыцця без уласных малака, смятаны, тварагу… Зараз адмовіліся – нялёгка ўжо ў такім узросце нарыхтаваць сена на зіму”, – кажуць гаспадары.

Любяць праводзіць лета ў вёсцы ўнукі Мацвей і Мікіта, якім у Дубраўцы ў параўнанні з пятым паверхам у шматпавярхоўцы цэлае раздолле! Канечне, стараюцца дапамагаць бабулі і дзядулю ў пасільных справах. Тамара Іванаўна і Уладзімір Іванавіч не стамляюцца ад прысутнасці ўнукаў, прывучаюць іх да работы, лічаць, што вясковая праца, свежае паветра і вітаміны са сваіх градак і сада толькі на карысць!

Вольга КАМАРКОВА.



1 комментарий по теме “От роз до грецких орехов. Семья Телепень с Дубровки не привыкла сидеть без дела и неутомимо трудится на своём участке

  1. Молодцы! Приятно было проходить рядом с вашим домом. Я давно это приметил. Благословений вам!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *