Маладосць… Час, калі здаецца, што магчыма ўсё, што сіла ў адзінстве, усё жыццё наперадзе і максімалізм на мяжы… Амаль усе цяперашнія дарослыя прайшлі гэту школу энтузіязма і рамантыкі. Беларускаму камсамолу – 90 гадоў!
Вялікая краіна, амбіцыёзныя планы, нябачаныя будоўлі і мільёны лёсаў маладых людзей – камсамольцаў. Здавалася, для іх няма нічога немагчымага.
Для адных рэвалюцыя і грамадзянская вайна, для іншых цяжкія ваенныя гады. Каб пералічыць усе праекты камсамола, спатрэбіцца не адна гадзіна. Яны будавалі краіну, пракладвалі Байкала-Амурскую магістраль, пакаралі космас… І ўсё гэта ў небывалыя гістарычныя тэрміны.
На мінулым тыдні ў раённым Доме культуры прайшло святочнае мерапрыемства з нагоды 90-годдзя беларускага камсамола. Адкрыла свята і даслала свае віншаванні і пажаданні былым камсамольцам і ўсім прысутным намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская. Быў паказаны цікавы відэаролік “Жыццё прыгожае пражыць”, у якім адлюстраваны асноўныя вехі гісторыі беларускага камсамола.
У 1923 годзе на тэрыторыі нашага раёна ўзнікла першая камсамольская ячэйка, а праз год было аб’яўлена аб утварэнні райкама камсамола.
Былым ушацкім камсамольцам, якія прысутнічалі на канцэрце, былі ўручаны памятныя сувеніры.
А ў фае Дома культуры размясцілася выстава камсамольскіх плакатаў і значкоў з уласнай калекцыі Міхаіла Аляксандравіча Багдановіча. Для былога пакалення яна стала прыемным сюрпрызам і навяла на ўспаміны, а для маладой змены была не проста цікавай, але і пазнавальнай.
Свае віншаванні і падарункі ў выглядзе песень гледачам дасылалі квартэт “Натхненне”, Алег Іваноў, Вольга Гірсёнак, удзельнікі танцавальнага гуртка. Прагучаў легендарны гімн “Не расстанусь с комсомолом”.
Словы ўдзячнасці ў адрас ветэранаў камсамольскага і маладзёжнага рухаў за захаванне камсамольскіх традыцый і пераемнасць пакаленняў, пажаданні аптымізму і камсамольскай энергіі прагучалі ад першага сакратара раённага камітэта БРСМ Алены Шалак.
Камсамол не знік, цяпер яго слаўныя традыцыі прадаўжае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Гэта актыўная, ініцыятыўная, поўная сіл і энергіі моладзь. І сёння, як і раней, актуальным застаецца дэвіз камсамола: “Наперад да новых поспехаў у працы і вучобе!”
В.ПОЛАЗАВА