“101” ці “112” – на гэтыя нумары тэлефануюць людзі, трапіўшы ў бяду. І 47 супрацоўнікаў Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у любую хвіліну гатовыя прыйсці на дапамогу. Напярэдадні дня пажарнай службы яны сабраліся на ўрачысты сход з нагоды прафесійнага свята.
– Цяжка пераацаніць важнасць вашай справы, для вас не існуе чужой бяды. Шчырая ўдзячнасць усім вам за работу. Няхай менш будзе надзвычайных сітуацый і каб з іх вы заўсёды выходзілі дастойна, – падкрэслівалі падчас урачыстасці старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч. Яны ўручылі супрацоўнікам МНС Ганаровыя граматы і Падзякі.
Асабліва хвалюючым гэты дзень стаў для маладой змены райаддзела. За апошні час калектыў выратавальнікаў папоўнілі 4 супрацоўнікі – Аляксей Жыткоў, Іван Аноп, Мікіта Сямчонак і Мікіта Аўласенка (на здымку). У прысутнасці калектыву, кіраўніцтва раёна яны прынялі прысягу.
– Хлопцы ўжо аддзяжурылі не адну змену, прывыкаюць да нялёгкіх будняў, прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву, упэўнены, што яны будуць годна выконваць свае абавязкі, – адзначыў начальнік Ушацкага РАНС Ілья Віктаравіч Кошкін.
А 25 ліпеня, у Дзень пажарнай службы Беларусі, выратавальнікі арганізавалі для ўсіх ушачан свята. З адмысловых заданняў па бяспецы дзеці і дарослыя засвоілі, што падчас пажару нельга карыстацца ліфтам, а ў навальніцу не варта званіць па мабільным тэлефоне. Выклікаць выратавальнікаў можна не толькі па нумары 101, а і адзіным – 112. З задавальненнем дзеці ўдзельнічалі ў тэматычных конкурсах, малявалі. У сваю чаргу супрацоўнікі МНС былі шчодрымі на прэзенты – дарылі памяткі, размалёўкі, закладкі, кніжкі. Як заўсёды нямала было жадаючых пасядзець за рулём пажарнай машыны і прымерыць баявую вопратку выратавальнікаў. “Абмундзіраванне такое важкае, а калі да яго дадаць балон, маску і іншае, патрэбнае для работы ў задымленым памяшканні, атрымліваецца не менш двух дзясяткаў кілаграм! А пры гэтым не павольным жа крокам ісці трэба!” – разважаў Пётр Масцяеў, які разам з маленькімі сынамі завітаў на мерапрыемства.
“Не чакалі, што будзе столькі жадаючых праверыць свае навыкі карыстання вогнетушыцелем. Для тых, хто не памятае, нагадаю: трэба сарваць пломбу, выдзернуць чаку, накіраваць раструб на ачаг узгарання і нажаць на рычаг,” – адзначыў начальнік каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Арцём Жарнасек.
“Метал рэжуць, быццам паперу!” – здзіўляліся прысутныя, калі выратавальнікі яшчэ і дэманстравалі магчымасці свайго абсталявання, якое прымяняецца падчас дарожна-транспартных здарэнняў. А колькі эмоцый у дзяцей выклікаў “дождж” з пажарнай аўтацыстэрны!
На спецыяльным стэндзе ўсе прысутныя пакідалі ўшацкім выратавальнікам пажаданні: самымі распаўсюджанымі традыцыйна аказаліся “сухіх рукавоў” і “радзей праяўляць свой прафесіяналізм”.
Далучыліся да свята актывісты БРСМ, а таксама работнікі газавай службы, якія скарысталіся магчымасцю нагадаць усім правілы бяспекі і прадэманстраваць магчымасці свайго абсталявання.
Работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўдзельнікі клуба народных майстроў “Адраджэнне” наладзілі выставы-продажы сваіх вырабаў. Суправаджалася ж дзейства канцэртам, які падрыхтавалі работнікі культуры. Засмуціла ўдзельнікаў свята хіба толькі надвор’е, якое вымусіла крыху скараціць праграму. Але ўсё роўна ніхто не вяртаўся дадому без станоўчых эмоцый.
Вольга КАМАРКОВА.