У мінулую пятніцу ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях быў урачысты і адначасова сумны дзень – калектыў праводзіў на заслужаны адпачынак Дзмітрыя Канстанцінавіча Лёлю – чалавека, якога, здаецца, ведаюць усе ўшачане і з якім у многіх асацыіруецца выратавальная служба раёна. Ёй мужчына прысвяціў 26 гадоў свайго жыцця, прайшоўшы шлях ад начальніка каравула да намесніка начальніка па аператыўна-тактычнай рабоце.
А пачынаў службу ў пачатку 90-х. Калі прыйшоў у водпуск з арміі і даведаўся, што ва Ушачах набіраюць работнікаў у пажарную ваенізаваную ахову. Пасля службы ў паветрана-дэсантных войсках душа маладога чалавека патрабавала не менш экстрэмальнай прафесіі і ў хуткім часе смелы дэсантнік уліўся ў калектыў ушацкіх пажарных. Неаднаразова Д.Лёлю даводзілася выратоўваць з агню людзей. Адзін выпадак урэзаўся ў памяць. На вуліцы Савецкай у гарпасёлку каравул вынес з палаючай кватэры мужчыну, а праз некалькі хвілін нецвярозы пацярпелы прыйшоў у прытомнасць і адразу папрасіў… закурыць.
А ў канцы 90-х выратаваў адразу дзясяткі жыццяў, хаця і не чалавечых, падчас пажару на ферме ў Жарах іх каравул сумесна з работнікамі сельгасаб’екта вывелі з вогненнага палону больш сотні галоў жывёлы.
Адказны падыход Дзмітрыя Канстанцінавіча да справы, яго ўменне хутка знаходзіць агульную мову з калегамі былі заўважаны кіраўніцтвам і ў 2005-м ён быў назначаны намеснікам начальніка.
Ведаюць многія яго і як выдатнага спартсмена-гіравіка. Неаднойчы ўзнімаўся на п’едэстал на адпаведных раённых і галіновых спаборніцтвах. Штогод ён арганізуе традыцыйныя жнівеньскія сустрэчы ўшацкіх дэсантнікаў, заслужыў павагу таварышаў па службе. А гэта той аўтарытэт, які немагчыма заваяваць фармальна.
Нямала цёплых слоў было сказана ў адрас Д.К.Лёлі падчас мерапрыемства, а таксама віншаванняў – на наступны, ужо вольны дзень, ён адзначаў 47-ы дзень нараджэння. “Калі пераводзіўся з Полацкага аддзела ва Ушачы, калегі казалі: “Там жа Дзмітрый Лёля працуе!” А калі прыступіў тут да абавязкаў, то зразумеў, што гэта сапраўдны прафесіянал, які выдатна валодае сітуацыяй і ходам усіх спраў”, – казаў начальнік райаддзела І.В.Кошкін.
“З Дзмітрым Канстанцінавічам было надзвычай прыемна працаваць, у яго многаму навучыліся. Ён рыхтаваў нас да конкурсаў прафмайстэрства і суправаджаў на ўсіх спаборніцтвах, мы нават называлі яго нашым талісманам. У тым, што летась вызначыліся адразу на некалькіх конкурсах і аддзел заваяваў Кубак “Лепшае баяздольнае аддзяленне вобласці” – яго вялікая заслуга”, – адзначыў начальнік каравула Мікалай Шустроў. Знайшлося што сказаць прадстаўнікам усіх дзяжурных змен і пажарных аварыйна-выратавальных пастоў. Цырымонія развітання атрымалася душэўнай і шчымлівай.
Канечне, не перадаць гэтымі радкамі тыя эмоцыі, якія адчуваў у апошні дзень службы Д.К.Лёля. “Шмат розных сітуацый было, прабачце, калі часам быў жорсткім, але без дысцыпліны і патрабавальнасці ў нашай прафесіі ніяк. Дзякуй усім за сумесныя плённыя гады”, – адзначыў віноўнік урачыстасці.
Атрымаўшы ад калектыва каштоўныя і памятныя падарункі, яму прыйшлося прайсці апошняе выпрабаванне: паўсотні метраў пад шчодрым фантанам вады з аўтацыстэрн. У пажарных існуе даўняя традыцыя – навічкоў і тых, хто заканчвае службу, незалежна ад надвор’я і зорачак на пагонах, абліваюць вадой.
Паляцела ў неба фуражка, зроблены дзясяткі фотаздымкаў на памяць, прагучала ўрачыстае “ўра” і пад гукі сірэн скончыўся апошні рабочы дзень. Але яшчэ доўга Дзмітрый Канстанцінавіч будзе прывыкаць, што не трэба спяшацца на службу, па трывожным званку выязджаць на месцы здарэння. А з памяці, канечне, не знікнуць успаміны пра дваццаць шэсць “пажарных” гадоў.
Вольга КАМАРКОВА.