Кругляк поддаётся джойстику, или Как обрабатывают древесину на новой деревообрабатывающей линии в Ушачском лесхозе

Экономика и малый бизнес

Толькі ў лістападзе мінулага года Ушацкі лясгас пачаў абкатку новай дрэваапрацоўчай лініі, а сёння прадпрыемства зарабляе на ёй 60 тысяч еўра ў месяц толькі на экспарце. Вытворчасць уласнай прадукцыі апрацаванай драўніны з 400 кубоў павялічылася да 900. І калі лес-кругляк каштуе 78 рублёў за куб, то цана дошкі дасягае 150 еўра.

Менавіта такую задачу – павелічэнне выпуску прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю – ставіў Прэзідэнт нашай краіны перад галіной. І ў 2018 годзе Ушацкі лясгас аднавіў дрэваапрацоўку: на тэрыторыі прадпрыемства ўстанавілі лініі і наладзілі збыт на экспарт абразной дошкі, брусоў, калоў, а паралельна абсталёўвалі пад новы дрэваапрацоўчы цэх былы арачнік “Райаграсэрвіса”. 300 тысяч уласных сродкаў прадпрыемства пайшло на рэканструкцыю старога памяшкання, у якім створаны належныя ўмовы як для працы, так і адпачынку людзей. І будаўніцтва яшчэ працягваецца.

– Тут у нас будзе сховішча для гатовай прадукцыі, – у некалькіх метрах ад прахадной пачаў экскурсію па тэрыторыі начальнік дрэваапрацоўчага цэха Аляксандр Сцяпанавіч Шасцярэнь. – Крытае, з трывалым пад’ездам – пляцоўку навокал забетануем – і зручным выездам для вялізных фур. Іншых у нас, лічы, не бывае.

Адна з такіх, з літоўскімі нумарамі, якраз загружалася дошкамі. Упакаваныя, перавязаныя, яны падвозіліся да прычэпа новенькім пагрузчыкам, спецыяльна набытым для абслугоўвання цэха. “ Чацвёртая за сённяшні дзень, – з гонарам зазначае Аляксандр Сцяпанавіч. – Паколькі прадаём дошкі пераважна ў краіны Прыбалтыкі, то выйграём нават перад многімі іншымі лясгасамі вобласці. З-за блізкай адлегласці да мяжы выбіраюць нас, ну і, зразумела, якасць задавальняе – гэта першачарговая ўмова. Калі раней куб апрацаванай дошкі бралі за 120 еўра – то зараз ён даходзіць і да 150: прадукцыя прадаецца праз аўкцыён і канкурэнты “таргуюцца”, падымаюць цану на выгадныя для іх партыі. Сёння будзе і пятая машына на экспарт”. Зразумела, перш чым гандляваць – прадукцыя прайшла адпаведную сертыфікацыю: у памяшканні майстроў размешчаны ўзоры дошкі. Ну а з літаральна ўсімі вырабамі цэха можна азнаёміцца, нават не заходзячы на яго тэрыторыю: яна красуецца за шклом на рэкламным шчыце пры ўваходзе. Дошка абразная і неабразная дзесяці відаў, калы, а таксама шчапа і пілаванне.

Перавага гэтага дрэваапрацоўчага цэха менавіта ў безадходнай вытворчасці. Калі абразная якасная дошка прадаецца за валюту, то тонкая ідзе на розныя гаспадарчыя мэты на ўнутраным рынку. Шчапой цэх здольны закрыць патрэбы камунгаса на паліўны сезон, хаця на экспарт можа ісці і яна – такія прапановы ёсць. Не трапляе ў адходы і пілаванне – на яго, аказваецца, павышаны запыт.

На тэрыторыі стаяла многа ўпаковак з гатовай дошкай, але яшчэ больш было будаўнічага лесу-кругляка. Бо працуюць не “на склад”, а пад рэалізацыю – вырабляюць дошку таго памеру, на які атрымалі заказ. І гэта пры тым, што цэх “гудзе” дванаццаць гадзін запар – нядаўна для павелічэння аб’ёмаў выпуску арганізавана двухзменка. Дарэчы, прадукцыйнасць працы пастаянна расце. Калі пры абкатцы канвеера за месяць на экспарт пастаўлялі толькі сем машын, то зараз – 19. І гэта яшчэ не мяжа, як і ў планах лясгаса па больш глыбокай перапрацоўцы драўніны. Прыбытак, атрыманы ад рэалізацыі піламатэрыялаў на экспарт (па высокіх цэнах), дазваляе укладаць сродкі ў мадэрнізацыю вытворчасці: абнаўляецца аўтапарк, набываецца лесагаспадарчая тэхніка, а таксама павялічваць заработную плату.

Кругляк паступае з усіх лясніцтваў раёна, на яго выгрузцы пастаянна задзейнічана адна адзінка тэхнікі. Усяго ж з адкрыццём цэха тут працуе 32 чалавекі. Некаторыя перайшлі з закрытага ААТ “Ушачы” – і людзі не засталіся без работы, і лясгас атрымаў гатовых спецыялістаў, раней працаваўшых на аналагічнай вытворчасці.

Хаця, як кажа А.С. Шасцярэнь, новая лінія лясгаса падобная на тую, што працавала ў акцыянерным таварыстве, як “Мерседэс” на “Запарожац”. Гэта аўтаматызаваная і настроена на поўны цыкл апрацоўкі драўніны: адначасова працуюць брусуючы, мнагапільны, кантаабразны і тарцовачныя станкі. Апошні, дарэчы, шасціпільны, што дазваляе адразу выпускаць пяць відаў дошкі. Кіруецца працэс з дапамогай адпаведных праграм, таму нават такія прафесіяналы як Андрэй Жаўронак ці Іван Залатухін, вучыліся непасрэдна на разумным абсталяванні. Апошні, дарэчы, накіроўвае вялізнае бервяно маленькім джойсцікам, і яно слухаецца, паддаецца. Менавіта ад яго ў першую чаргу залежыць карысны выхад драўніны, як і ад Андрэя Жаўронка, які адпраўляе брус на распілоўку. А ад вока-алмазу тарцоўшчыка Рыгора Жаваранка – колькі і якой дошкі атрымаецца на выхадзе.“Убяры хоць аднаго чалавека – і канвеер спыніцца, – А.С.Шасцярэнь падкрэслівае менавіта брыгадны метад, у якую людзі падбіраліся не толькі па прафесійных, але і па маральна-псіхалагічных якасцях. – Гэта таксама вельмі важна, каб маглі і хацелі дапамагчы пры патрэбе, паколькі працуюць на агульны вынік.”

Як і наогул цэх – на агульную карысць лясгаса, ды і ўсёй краіны, зарабляючы такую неабходную валюту. Немалаважна, што па прымальным кошце атрымліваюць піламатэрыялы айчынныя прадпрыемствы, а таксама насельніцтва раёна – хоць лясгас працуе пераважна з аптовымі пакупнікамі, аднак задавальняе і патрэбы прыватнікаў.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *