Дом Аляксандра і Святланы Александровых па вуліцы Сонечнай у аграгарадку Вялікія Дольцы лёгка адшукаць, маючы толькі адну падказку – уздоўж агароджы расце рад прыгожых, розных па форме туй. Тут жа ля ўваходу і кветнікі гаспадыні, як з мнагалетнікамі, так і аднагадовымі раслінамі. І нават скрыня з расадай амаль поўная. “Усім, каму трэба, раздаю, аднак і засталася яшчэ, – кажа Святлана Уладзіміраўна і скардзіцца, што год сёлета нетыповы, дрэнна ўсё расце.
– Звычайна ў гэты час у мяне клумбы ў квецені, а зараз з-за халодных начэй і сальвія не раскусцілася, і петуніі толькі ў вазонах пазаставаліся, адзін рад аксамітак у два разы меней за супрацьлеглы, хоць разам высаджвала.
Тым не менш пышна цвіла ружа, агератум, а галоўнае, ва ўсім быў парадак: роўненька абгароджаны кветнік, ні травінкі, усё па-гаспадарску. Тут жа і парнік, дзе выспявалі памідоры і цяплічныя агуркі, каб хутчэй зняць свой ураджай да стала.
У гэты дом, выдзелены КУСГП “Вялікадолецкае”, Александровы пераехалі дзесяць год таму. І пачалі не з клумб, а з расчысткі тэрыторыі. Участак у іх вялізны, метраў сто ў глыбіню, які заканчваецца немалой саджалкай.
– Не было ні яе, ні наогул нічога, бо стаяў лес з баршчэўніку, як вунь там, на полі, – кажа гаспадар, паказваючы свае ўладанні. – Зараз можна пасядзець на лаўцы ля вады, ці вуду закінуць на карпаў, якіх запусціў, толькі, няма калі.
У гэта якраз ахвотна верыцца. У любога працуючага не стае часу, каб давесці ўсё да толку, маючы ўласны дом. А Аляксандр Пятровіч да сёлетняга года працаваў на трактары ў мясцовай гаспадарцы і з’яўляўся дадому з заходам сонца. Цяпер у лясніцтве, дзе таксама даводзіцца затрымлівацца, ці як зараз, выходзіць на працу ў 5 раніцы. Святлана Уладзіміраўна – прыбіральшчыца ў школе. І часу застаецца толькі на тое, каб справіцца з немалой гаспадаркай, ды вакол дома, і тое ўсё бягом, да цёмнага. Інакш на сяле, напэўна, і не бывае.
Александровы трымаюць коз розных парод, курэй, трусоў, парсюкоў – для падсобнай гаспадаркі агароджана немалая тэрыторыя, і за ўсімі патрэбны догляд. Што ён тут пільны, сведчыў той факт, як ахвотна карычневая бязрогая прыгажуня прыхінулася да рукі гаспадара. “Гэта нубійскай пароды, у іх якасць малака лепшая – выхад тварагу большы, а ад зааненскіх вышэй удой, – расказвае Святлана. – Мы не дзелім абавязкаў. Калі я раней дамоў прыходжу, значыць пачынаю ўсіх карміць, калі Саша – значыць ён. Ёсць, канечне, работа толькі мужчынская. Напрыклад, туі падстрыгае выключна ён, участак раўняў, косіць немалую плошчу, ды не толькі тут, а і ў Касарах, дзе таксама застаўся дом”.
Менавіта там сустракаліся з Александровымі, калі пісала пра першага тысячніка раёна. У дэкрэтным адпачынку тады была Святлана, а Вікуся толькі пачынала хадзіць. Зараз жа на ганак выйшла прыгажуня і асноўная памочніца бацькоў, якая сёлета будзе паступаць, паколькі ў школе няма камплекта 10 класа. Старэйшыя дочкі працуюць ў банкаўскай галіне, маюць свае сем’і і падарылі бацькам чацвярых унукаў. А ў чэрвені ўсе сабраліся за святочным сталом, каб адзначыць жамчужнае вяселле Аляксандра і Святланы.
Александровы не выхавалі сына, затое ажно тры дачкі, даглядаюць два дамы і пасадзілі вялізны сад. Ужо пладаносяць пяцьдзесят яблынь і груш, ёсць алыча, вінаград і чарэшня. Усе пасадкі пераважна ў канцы ўчастка, куды лёгка могуць прыйсці з палёў зайцы, таму стволік кожнага саджанца, асабліва калі прыжываліся, даводзілася закрываць. Ды і баршчэўнік імкнецца прарвацца то там, то тут. Толькі не пакінулі Александровы яму ніводнага шансу, даказаўшы, што гаспадары пасяліліся тут нечасовыя і могуць быць толькі адны.
Вольга Караленка.