В новой парикмахерской «Анжелика» делают всё, чтобы каждый клиент был довольным и красивым!

Общество

У новай цырульні “Анжаліка”, якая нядаўна адкрылася ў будынку статыстыкі па вуліцы Савецкай у гарпасёлку, робяць усё, каб кожны кліент выходзіў адсюль задаволеным. Чаруюць жа тут над прычоскамі і стрыжкамі, дарэчы, як жаночымі, так і мужчынскімі, маладыя, але з ужо напрацаваным вопытам майстры Анжаліка Калачова і Вікторыя Лапаціна.

Некалькі гадоў Анжаліка Калачова працавала ў КБА, але перыядычна задумвалася аб уласнай справе. Здавалася, што мары так і застануцца няздзейсненымі. Але адкрыць сваю цырульню падштурхнуў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №337 “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб”. Як вядома, ім пашыраны спіс відаў дзейнасці, для занятку якімі не трэба рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. У гэты пералік увайшлі і паслугі цырульні. Высветлілася, што самае складанае – арандаваць і падрыхтаваць памяшканне, а не рэгістрацыя.

– Аказалася, што пачаць сваю справу можна за адзін дзень. Для гэтага неабходна звярнуцца з паведамленнем у падатковую інспекцыю. Пасля выплаты адзінага падатку, ужо можна пачынаць. Выплата праводзіцца кожны месяц. Калі ж пэўны перыяд не змагу аказваць паслугі, то і плаціць не трэба. Вельмі прывабныя ўмовы! – расказвае Анжаліка.

Куды больш часу заняў пошук памяшкання. У будынку КБА, куды прывыклі хадзіць пастаянныя кліенты, ужо не было месца, ды і працуе там адна прыватная цырульня, як і будынку былога ваенкамата. Тады і вырашыла А.Калачова разгледзець варыянт памяшканняў у другім баку гарпасёлка і засталася задаволенай выбарам: многія кліенты адзначалі, што для іх месца даволі зручнае.

Перш чым сустрэць першых наведвальнікаў, на месцы, дзе раней дыслацыраваўся магазін аўтазапчастак, А.Калачова пастаралася стварыць добрыя бытавыя ўмовы і ўтульнасць як для сябе, так і для сваіх кліентаў. Прыкметна пераўтварылася памяшканне пасля касметычнага рамонту, было набыта неабходнае абсталяванне і інструменты.

А праз некаторы час Анжаліка запрасіла працаваць у цырульню сваю знаёмую Вікторыю Лапаціну, якая таксама адносіцца да самазанятых у гэтай сферы. Да гэтага ўшачанка паспела за некалькі гадоў “набіць руку” у адной з полацкіх цырульняў. І вось ужо тры месяцы яны працуюць разам, раздзяляючы на дваіх выдаткі за арэнду памяшкання.

– Цырульнік амаль як сапёр – памыляецца адзін раз, – жартуюць дзяўчаты, – Згадзіцеся, што кліент не пойдзе другі раз да майстра, які дрэнна яго пастрыг. Таму стараемся рабіць усё ідэальна!

Працуюць маладыя цырульнікі па папярэднім запісе (зрабіць гэта можна па тэлефоне (8033) 324-36-38). Але калі ёсць вольны час, ніколі не адмовяць у стрыжцы і тым, хто зазірнуў наўдачу. І калі жанчыны заўсёды строга прытрымліваюцца папярэдніх запісаў, то мужчыны, наадварот, часцей прыходзяць спантанна і чакаюць сваёй чаргі. Абслугоўваюць дзяўчаты і дзяцей, для самых маленькіх кліентаў прадугледжана і спецыяльнае крэсла.

Працуе “Анжаліка” штодня, акрамя нядзелі з 8 да 17 гадзін, але тут заўсёды ідуць насустрач наведвальнікам і калі, скажам, трэба зрабіць прычоску на ўрачыстасць, гатовы прыняць наведвальнікаў і па-за вызначанага графіка.

Сваіх жа кліентаў яны заваёўваюць майстэрствам, прыветлівасцю, уменнем параіць, падказаць. Стараюцца сваімі паслугамі радаваць наведвальнікаў, падымаць ім настрой. І гэта ў іх атрымліваецца!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *