О чём говорят экспонаты: в Глыбочанской школе существенно обновили музей

Калейдоскоп

Каб адпачыць душой і дакрануцца да каранёў-вытокаў, не трэба ехаць далёка. Дастаткова трапіць, напрыклад, у краязнаўчы музей Глыбачанскай школы. Пра яго экспанаты ўсё ці практычна ўсё ведае дырэктар установы адукацыі З.І.Жогаль. Яна і правяла для нас невялікую экскурсію па абноўленым сёлета аб’екце.

– Музей, безумоўна, павінен адпавядаць сучасным патрабаванням, таму мы добра разумелі, што работа нас чакае грунтоўная і адказная, – зазначыла Зоя Іванаўна. – На працягу цэлага года педагогі, вучні шукалі і апрацоўвалі цікавыя рэчы, дакументы, звесткі. Адказнымі за напаўненне ўсіх трох залаў сталі настаўнікі Таіса Ігараўна Церашкавец, Алена Сцяпанаўна Герцык і Ларыса Валянцінаўна Каліноўская. Апошняя, дарэчы, з Аленай Мікалаеўнай Мілай займаліся роспісам сцен у “Беларускай хатцы”. Адмысловыя ж палічкі туды вырабіў настаўнік працоўнага навучання Віталь Сяргеевіч Дзямідаў.

Сцежкамі малой радзімы

З залы пад такой назвай пачынаецца наша экскурсія. Тут даведваемся пра гісторыю стварэння і развіцця Глыбачкі, яе наваколля. Уражвае аповед пра ўзнікненне бярозавага гаю перад сучасным аграгарадком. Аказваецца, у пасляваенны перыяд у мясцовай бальніцы ўрачом працаваў Яўген Іванавіч Свірскі, які пры нараджэнні на свет дзіцяці садзіў ля ўстановы аховы здароўя чарговае дрэўца. На фотаздымках побач – усе азёры, размешчаныя на тэрыторыі Глыбачанскага сельсавета. Апошні, дарэчы, у свой час гучаў на ўсю рэспубліку дзякуючы паспяховаму племсаўгасу “Глыбачаны”, дзе была нават свая звераферма. Інфармацыя пра кіраўнікоў гаспадаркі, іншых знакамітых людзей – на самым бачным месцы ў зале. У Глыбачцы дагэтуль захаваўся бацькоў­скі дом Сяргея Іванавіча Законнікава, куды штогод прыязджаюць сваякі паэта. У куточку, прысвечаным Дзям’яну Уладзіміравічу Крупеню, сабрана нямала карцін і біяграфічных звестак ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку ўнікальных, якія леглі ў аснову кнігі, выдадзенай па спецзаказе школы.

Яны змагаліся за Перамогу

Наступная зала – і зусім іншы настрой. Прыглушанае святло, міні-макеты ваенных самалётаў пад столлю, сімвалічны вечны агонь на сцяне пераносяць у часы Вялікай Айчыннай. На фотаздымках – выпускнікі Глыбачанскай школы, якія ваявалі на франтах і ў партызанах. Зброя і амуніцыя тых часоў таксама тут. Дарэчы, у хуткім часе іх стане больш – як расказала З.І.Жогаль, плануецца папоўніць выставу салдацкім шынелем і штык-мячом.

Шмат цікавай інфармацыі змешчана ў раздзеле пра Героя Савецкага Саюза Б.І.Юркіна, імя якога носіць школа. Побач жа – зусім новая экспазіцыя, прысвечаная воінам-афганцам, мясцовым ураджэнцам.

Раскажуць рэчы аб мінулым

Ёсць чым падзівіцца ў этнаграфічным кутку “Беларуская хатка”, дзе прадстаўлены прадметы быту беларусаў XIX-XX стагоддзя. Адметна, што многія прылады працы, вопратку, посуд падчас этнаграфічных экспедыцый сабралі самі вучні. Ёсць у гэтым пакоі цікавыя прадметы з бяросты і лазы. Затрымлівае погляд прыгожая нацыянальная вышыванка. Сапраўднай знаходкай стаў драўляны стол, зроблены без адзінага цвіка.

– Усё гэта частка этнакультуры, ведаць якую павінен кожны грамадзянін нашай краіны, – упэўнена З.І.Жогаль. – Школьных урокаў гісторыі, нават суперсучасных, для гэтага недастаткова – тут на дапамогу прыйдзе менавіта музей.

Без мінулага няма будучыні

За гадзіну знаходжання ў музеі злавіла сябе на думцы: як цудоўна, што ёсць такія неабыякавыя, апантаныя людзі, як Зоя Іванаўна і ўвесь калектыў Глыбачанскай школы. Заўсёды ў руху, пошуку, з ідэямі і верай у іх ажыццяўленне. Спыняцца на дасягнутым яны не збіраюцца – ужо плануюць папаўненне экспазіцый, стварэнне новых. Краязнаўчы музей вельмі дарагі для школы. Маладому пакаленню ён наглядна дэманструе “справы даўно мінулых дзён”, упэўнівае, што без ведання мінулага няма будучыні.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *