Любил и прославлял Ушаччину. 25 июня исполняется 115 лет со дня рождения народного писателя Беларуси Петруся Бровки

Калейдоскоп

25 чэрвеня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР Петруся Усцінавіча Броўкі. Напэўна, кожны ўшачанін ведае і любіць песню пра “тую рэчачку Ушачку, якой далёка да Дняпра…”, словы якой належаць нашаму славутаму земляку.

Свой першы верш «Ой, не шапчы, мая бярозка» ўраджэнец вёскі Пуцілкавічы Ушацкага раёна напісаў у 1926 годзе, з чаго пачаўся яго літаратурны шлях. Ключавым момантам у творчай біяграфіі стаў прыезд у Мінск і паступленне ў БДУ на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта. У сталіцы П.Броўка становіцца актыўным удзельнікам літаратурнага жыцця, уваходзіць у склад «Маладняка».

П.У.Броўка – аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, аповесцей, нарысаў, рамана “Калі зліваюцца рэкі”, зборніка апавяданняў “Разам з камісарам”, перакладаў на беларускую мову твораў Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, П.Тычыны, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, Дж.Байрана і інш.

Памяць пра яго жыве і зараз. У Мінску створаны літаратурны музей Петруся Броўкі. На доме, дзе ён апошні час жыў, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, у Вялікадолецкай школе адкрыты мемарыяльны пакой, у Пуцілкавічах – дом-музей, каля якога ўстаноўлена стэла памяці маці паэта. Імя П.Броўкі прысвоена выдавецтву “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” і Вялікадолецкай школе; у яго гонар названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах. Для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ ўстаноўлена стыпендыя імя Петруся Броўкі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

 

Цікава

  • У пачатку ХХ стагоддзя ў беларускіх вёсках сяляне былі амаль непісьменныя. Калі пачалася Першая Сусветная вайна, Петрусю Броўку было 9 гадоў. Але ён ужо ўмеў пісать і чытаць, таму жанчыны з усяе вёскі прыходзілі да іх у хату, каб хлопчык напісаў пад іх дыктоўку ліст на фронт.
  • Броўку ведаюць як выдатнага паэта-лірыка. Яго ваенныя вершы таксама высока ацэнены крытыкай. Аднак той факт, што Пятрусь Броўка многа гадоў аддаў стварэнню “Беларускай энцыклапедыі”, вядомы не ўсім. А між тым гэту працу ён лічыў справай усяго жыцця і ставіўся да яе з асаблівай адказнасцю.
  • У юнацтве Броўка так захапляўся творчасцю Маякоў­скага, што капіраваў не толькі яго стыль, але і выгляд. Пятрусь галіў галаву і насіў гарнітур, таму быў даволі падобны да свайго эталона. Праўда, з манеры апранацца трохі кпіла будучая жонка пісьменніка.
  • Паводле праведзенага намі бліц-апытання сярод ушачан, у тройку самых папулярных вершаў нашага земляка акрамя прыгаданага вышэй “Я не магу пра вас забыцца…” увайшлі славутая “Александрына” і рамантычны “Пахне чабор”.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *