Пах правяленай травы, яркае сонца, буслы на полі і гул тэхнікі. Калі для звычайнага абывацеля гэта прыгожы летні малюнак, то для аграрыяў – адказная пара сельскагаспадарчага цыкла, нястомная праца з раніцы да вечара.
ААТ “Ільюшынскі” набірае тэмпы на корманарыхтоўцы. Ужо не адзін дзень тэхніка сельгаспрадпрыемства сканцэнтравана на старасельскіх землях паблізу Вацлавова.
– Пасля дажджоў травы пайшлі ў рост, паглядзіце, які прыгожы сянаж, кармы добрыя будуць! – з задавальненнем дэманструюць вялікія валкі Віктар Буйніцкі і Аляксандр Майсеенка. Яны традыцыйна працуюць на касілках, рыхтуючы фронт дзейнасці для астатніх удзельнікаў касавіцы. На граблях задзейнічаны Анатоль Дайлідзёнак, за ім валкі “паглынаюць” два кормаўборачныя камбайны, на якіх таксама вядомыя перадавікі Уладзімір Лёля і Мікалай Ступко. На адвозцы зялёнай масы на мінулым тыдні працавала тры адзінкі, сянаж з Вацлавова ў траншэю ў Старым Сяле дастаўлялі Анатоль Усовік, Аляксандр Селезень, Анатоль Спірыдзёнак. Аднак настолькі хутка напаўняліся іх прычэпы, што часам камбайнам прыходзілася прастойваць, таму днямі ўключыцца ў работу яшчэ адна адзінка тэхнікі.
У Старым Сяле ўжо паспелі закласці дзве сянажныя траншэі агульнай колькасцю каля 1300 тон і ўчора прыступілі да трэцяй. А раней яшчэ 500 тон сенажу на палях было запакавана ў стрэйч-плёнку: перавагі такога віду нарыхтоўкі даўно ацанілі ў “Ільюшынскім”, тым больш што адзіны ў раёне для гэтых мэт прэс-падборшчык належыць менавіта гэтай гаспадарцы.
Стаўку робяць не толькі на колькасць, а і на якасць, ад гэтага напрамую будуць залежаць аб’ёмы жывёлагадоўчай прадукцыі, адпаведна і прыбытак гаспадаркі. Таму пастаянна кантралюецца вільготнасць, на траншэях арганізавана кругласутачная трамбоўка.
Традыцыйна ў гарачую пару ў “Ільюшынскім” для працаўнікоў створаны ўсе неабходныя ўмовы: прама ў поле дастаўляюцца абеды, якія гатуе Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства, а пры паломках спяшаецца рамонтная майстэрня на колах.
Справа спорыцца, адпаведна і настрой у ільюшынскіх механізатараў гэтымі днямі быў добры. Падтрымалі ж баявы дух працаўнікоў прафсаюзы. У пятніцу старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В.М.Хвацік наведаў гаспадаркі ў Полацкім, Шумілінскім і Ушацкім раёнах, у іх ліку і ААТ “Ільюшынскі”. Васіль Міхайлавіч на пасаду прафсаюзнага лідара быў абраны толькі сёлета, аднак пра аграрную галіну ведае ўсё: мае адукацыю і стаж работы ў сферы, да нядаўняга часу ўзначальваў Баранавіцкі райвыканкам. “Як вашы справы, хлопцы? Бачна, здалёк, як у вас тут работа кіпіць!” – адзначыў, вітаючыся з кожным механізатарам, лідар прафсаюза аграрыяў. Ён абмеркаваў з працаўнікамі сяла не толькі тэму корманарыхтоўкі, а і выплату заработнай платы, пытанні арганізацыі харчавання, аховы працы і тэхнікі бяспекі, эпідэміялагічную сітуацыю і выбарчую кампанію. Таксама падкрэсліў, што прафсаюзы заўсёды гатовы выслухаць людзей і дапамагчы ў вырашэнні іх праблем. В.М.Хвацік падзякаваў механізатарам за нялёгкую працу і ўручыў каштоўныя падарункі. Не застаўся ўбаку ад ушанавання і абласны камітэт прафсаюза работнікаў АПК. Яго старшыня Т.А.Ярома ўручыла грашовыя прэміі і падарункі з сімволікай прафсаюза. Такім чынам, ніхто з працаўнікоў, задзейнічаных у гэты дзень у полі, не застаўся без увагі. Таццяна Анатольеўна адзначыла, што сочыць за паказчыкамі многіх гаспадарак – ААТ “Ільюшынскі” працуе стабільна, і рукамі ў тым ліку мясцовых аграрыяў ствараецца харчовая бяспека краіны. За прафесіяналізм і майстэрства, добрасумленную працу падчас корманарыхтоўкі Дыпломам камітэта ўдастоены калектыў гаспадаркі, які Таццяна Анатольеўна ўручыла кіраўніку С.А.Халімоненку.
Начальнік райсельгасхарча С.С.Садоўскі падзякаваў прафсаюзам за ўвагу да раёна і нашых працаўнікоў сяла. Тым часам на “зялёным жніве” ўжо стартавала раённае спаборніцтва, якое праводзіць райкам прафсаюза работнікаў АПК, і ў работнікаў прыгаданай гаспадаркі зноў ёсць усе шансы апынуцца на першых радках.
Вольга КАМАРКОВА.
Так держать, молодцы