Для памочніка пракурора Ушацкага раёна Вадзіма Уладзіміравіча Лісава гэта першае прафесійнае свята ў працоўнай кар’еры, аднак нягледзячы на небагаты стаж, ён адзначае, што абраная справа яму падабаецца.
З тым, што будзе паступаць на юрыдычны факультэт, ураджэнец Полацка вызначыўся задоўга да заканчэння школы. На выбар будучай прафесіі паўплываў прыклад бацькоў-юрыстаў. А на апошніх курсах юрфака Полацкага дзяржуніверсітэта хлопец усур’ёз зацікавіўся пракурорскай справай і падчас напісання дыпломнай работы па ўласнай ініцыятыве нават працаваў пазаштатным работнікам пракуратуры – практыкаваўся ў правядзенні праверак, прымаў удзел у судовых пасяджэннях, вывучаў, як кажуць, работу ведамства знутры. На шляху да пастаўленай мэты, ужо атрымаўшы дыплом, паспяхова здаў спецыяльны экзамен у Генеральнай пракуратуры. Восенню мінулага года маладому спецыялісту прапанавалі работу ва Ушачах. Паўгода В.У.Лісаў стажыраваўся, а пасля быў афіцыйна назначаны на пасаду памочніка пракурора.
– Мяне вельмі цёпла прыняў калектыў пракуратуры Ушацкага раёна. Максім Міхайлавіч Падворны і Наталля Фёдараўна Аваднёва дапамагалі асвоіцца і ўнікнуць у курс спраў, шмат падказак атрымаў і ад Віталя Эдуардавіча Банеўскага, які перадаў мне ў спадчыну сваю папку, якая пабачыла шмат розных спраў, і з ёй, як з талісманам, на праверкі і судовыя пасяджэнні зараз накіроўваюся і я. За перыяд стажыроўкі мне неабходна было расследаваць дзве крымінальныя справы аб крадзяжах і з імі я справіўся паспяхова. На Ушаччыне мне вельмі камфортна і ніколькі не шкадую, што трапіў менавіта сюды, а не ў родны Полацк, – расказвае Вадзім Уладзіміравіч.
Круг абавязкаў памочніка пракурора шырокі. Гэта нагляд за выкананнем заканадаўства, законнасцю судовых рашэнняў, прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў, правядзенне праверак. Да прыкладу, даводзілася правяраць В.У.Лісаву гатоўнасць тэхнікі да сельгасработ, стан дарог, правядзенне капрамонту ў сферы ЖКГ і многае іншае. Праводзіць прыёмы грамадзян: самымі распаўсюджанымі зваротамі былі звязаныя з падаткамі, выплатай заработнай платы.
“Часцей за ўсё людзі, звяртаючыся да нас, на 100 працэнтаў упэўнены ў правільнасці сваёй пазіцыі. І тут важна дасканальна разабрацца ў пытанні, высветліць сітуацыю і пры парушэнні законаў аднавіць справядлівасць”, – адзначае В.У.Лісаў.
Пры неабходнасці ўдзельнічае ў судовых пасяджэннях у якасці дзяржаўнага абвінаваўцы. Адно з апошніх датычылася выплаты аліментаў, а ўвогуле да кожнай справы ён рыхтуецца адказна і грунтоўна.
Што для яго самае цяжкае ў прафесіі? Гатовы да ўсяго. І нялёгка хіба што пастаянна пашыраць веды ў розных сферах. Напрыклад, праводзячы наглядныя мерапрыемствы па ўтрыманні і абслугоўванні дарог, давялося вывучаць шматлікія тэхнічныя дакументы, з якімі не прыходзілася сутыкацца падчас вучобы. Дарэчы, малады работнік не саромеецца звярнуцца за кансультацыяй і да сваіх універсітэцкіх выкладчыкаў, і да калег, і да спецыялістаў той ці іншай галіны. Упэўнены, што няма мяжы для ўдасканалення, і ў цяперашні час яшчэ навучаецца ў магістратуры ў Полацкім дзяржуніверсітэце.
Адказны і прынцыповы, ён за непрацяглы час паспеў зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку. Менавіта такія людзі павінны стаяць на варце законнасці і абароны інтарэсаў грамадства. Тым больш што на Ушаччыне ў гэтай прафесіі маладому работніку, несумненна, ёсць з каго браць прыклад.
Вольга КАМАРКОВА.