– Ведаеце, выкладанне музыкі – гэта вельмі інтымна, гэта мой унутраны свет і нічога болей, – казала Вера Эдуардаўна Кароткая, адмаўляючыся ад сустрэчы.
Сціплы, непублічны, можна сказаць, камерны чалавек, і на старонках газеты з’яўляцца не жадала. Аднак напярэдадні двайнога свята – Сусветнага дня музыкі і Дня настаўніка мы ўсё ж пагутарылі. Бо сярод вельмі моцнага калектыву педагогаў Ушацкай школы мастацтваў Вера Эдуардаўна займае сваё прыкметнае месца.
А пачалося ўсё з таго, што яе адразу не залічылі ў Маладзечанскую музычную школу, хоць да іспытаў дзяўчынка рыхтавалася. Заняткі музыкай, асабліва на фартэпіяна, былі вельмі прэстыжнымі, таму і існаваў жорсткі адбор. Яе запісалі кандыдатам, і ў гэтым жа годзе, калі вызвалілася месца, яна пачала займацца, да шостага класа – спакойна, звычайна. Любіла матэматыку і збіралася паступаць у Ленінградскі інстытут эканомікі і фінансаў. Так бы і было, калі б не перавод на два месяцы да другога настаўніка. Гэта сустрэча перавярнула не толькі адносіны да музыкі, але і ўвесь унутраны свет. Таму і пераканана Вера Эдуардаўна, што ад асобы настаўніка залежыць палова поспеху і займацца трэба з тым педагогам, які падабаецца.
У самой Веры Эдуардаўны няма праблем з наборам вучняў, бо за 25 гадоў (увесь стаж – 31 год) выкладання ва Ушачы зароблена імя. Хоць супакоіцца і пажынаць лаўры у іх працы не атрымаецца. Даводзіцца кожны год, ды нават паўгоддзе даказваць, што навучыў вучня іграць. Дрэнную адзнаку не паставіш – лёгка адбіць ахвоту, і незаслужана добрую таксама: у школе мастацтваў займаецца шмат таленавітых і ўпартых дзяцей, якія сапраўды іграюць на дзесяткі. Таму першае – зацікавіць, бо ўсім вядома, што ў занятках музыкай акрамя здольнасцяў настаўніка і вучня львіную долю яшчэ займаюць штодзённыя заняткі – напрацоўка тэхнікі. Педагогам музычнай школы мала быць проста прафесіяналам, не менш важна – асобай, цікавым, прывабным чалавекам. Вучань жа прыходзіць да цябе ў свой вольны час!
Самая вялікая складанасць для Веры Эдуардаўны – спалучэнне патрабавальнасці і ўменне “заплюшчваць вочы”. Тонкі псіхолаг, яна шукае агульную мову з кожным, таму і кажа, што заняткі – гэта яе ўнутраны мір. Музыку ж яна любіць у любой яе выяве – ад класікі да рока. Я неаднойчы была на фартэпіянных канцэртах, якія рыхтавала загадчыца аддзялення Вера Эдуардаўна Кароткая. Таму і складана ўявіць яе ў складзе ансамбля, які б іграў у рэстаране. Аднак і гэта было падчас юнацтва, у час працы ў Бешанковічах. Потым дырэктарства ў Ульскай музычнай школе. Замужжа прывяло ва Ушачы.
Веры Эдуардаўне ёсць з чым параўноўваць, і яна ўдзячна, што трапіла ў школу з выдатным і вельмі моцным калектывам. “Мабыць таму, што ў нашай школе дэмакратызм заўсёды стаяў над “рамкамі”, і хацелася выйсці за іх межы. Паслухаеш наш хор – задумаешся, пабачыш, што твораць на сцэне акардэаністы, сам сябе запытаешся, а чаму мы не можам. І яны могуць. Перамога ў апошнім конкурсе імя Пятрэнкі – свежае таму перакананне. Вучні ж Веры Эдуардаўны выкладаюць як у школах, так і ў музычных вучылішчах. І нават калі не звязалі лёс з музыкай, многаму ад яе навучыліся: “На бацькоўскіх сходах я часта кажу, што заняткі на піяніна – гэта друкаванне на машынцы з адначасовым перакладам з японскіх іерогліфаў. Трэба мець інтэлектуальныя здольнасці, якія будуць развівацца падчас вялікай унутранай работы. Гэта пацверджана не толькі маёй практыкай. І яшчэ аднаму навучыла мяне музыка: калі хочаш – абавязкова дасягнеш, толькі калі гэтага жадаеш ты”.
А яшчэ Вера Кароткая вельмі цэніць высокіх прафесіяналаў. Таму што ведае, колькі гэта патрабуе пастаяннага самаўдасканальвання. Таму што сама прафесіянал.
В.КАРАЛЕНКА.