Напачатку мінулага тыдня працоўны дэсант з ліку вучняў 8-9 класаў Ушацкай школы высадзіўся ў пітомніку лясгаса. Сямёра юнакоў і дзяўчат дапамагаюць лесаводам у праполцы іглічных раслін. Кампанію ж ім складае настаўніца з Арэхаўна, майстар вытворчай справы К.Гірсёнак.
Такія юнацкі задор і вопыт прыносяць плён. Нягледзячы на тое, што заняты члены студатрада пры райкаме БРСМ не больш за чатыры гадзіны ў дзень, паспяваюць ачысціць значныя ўчасткі ад пустазелля. Зрэшты, ад плошчы праполатых насаджэнняў напрамую залежыць заробак маладых людзей, якія працуюць сёлета па тэрміновых працоўных дагаворах.
– Нам пашанцавала з памочнікамі, – сцвярджаюць спецыялісты пітомніка. – Ва ўмовах спякотнага, засушлівага надвор’я яны самі прапануюць заняцца палівам дэкаратыўных раслін ля адміністрацыйнага будынка. Некаторыя нават пытаюцца, ці хопіць спраў да канца лета. Усіх ахвотнікаў запэўніваем: хопіць! Акрамя праполкі трэба правесці невялікі рамонт і афарбоўку агароджы ля пітомніка.
Вядома, у першую чаргу, школьнікі імкнуцца падзарабіць. Летась ужо меў такі вопыт Аляксей Азаронак – тады за два тыдні хлопец атрымаў звыш 100 рублёў. Сёлета адным з першых запісаўся ў студатрад і зараз паказвае “клас” сваім таварышам. Стараюцца не адставаць і навічкі: Арсеній Мацкевіч, Кірыл Апёнак, Ксенія Курбака, Аляксандр Кузьмін, Дар’я Агапава і Дар’я Арцямёнак.
– Важна тое, што школьнікі набываюць першы працоўны вопыт, – кажа выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Дзіяна Калбасава. – Пасля такой занятасці, зразумеўшы, як няпроста даюцца грошы, наўрад ці нехта “спусціць” заробленае на розныя дробязі.
Умовамі працы юнакі і дзяўчаты задаволены. Кожны дзень іх прывозяць з Ушач у пітомнік і забіраюць назад. Пастаянна побач знаходзяцца вопытныя лесаводы, педагогі, а таксама прадстаўнікі райкама БРСМ.
* * *
Арганізацыя другаснай занятасці моладзі – адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці названага грамадскага аб’яднання. Сёлета напярэдадні летніх канікул яго работнікамі праведзена акцыя “Выбіраем студатрад”, па выніках якой быў складзены банк даных жадаючых працаўладкавацца. Дзякуючы ж трохбаковаму дагавору, заключанаму паміж райкамам БРСМ, лясгасам і аддзелам па адукацыі, самыя актыўныя і ініцыятыўныя маладыя людзі Ушаччыны атрымалі такую магчымасць.
Працоўнае лета працягваецца. Жадаючых пашчыраваць у пітомніку Ушацкага лясгаса нямала. Аказацца ў іх ліку плануюць і сёлетнія выпускнікі – пасля здачы цэнтралізаванага тэсціравання і падачы дакументаў у абраныя навучальныя ўстановы яшчэ будзе магчымасць з карысцю правесці час.
Па пытаннях запісу ў студатрад можна звярнуцца ў райкам БРСМ па нумары 5-77-84.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.