Главную оценку дают пациенты. Как Наталия Дрозд справляется с важным направлением работы райбольницы

Здравоохранение

Гэтага спецыяліста на Ушаччыне ведае, напэўна, кожны. Перш чым у лістападзе 2017-га заняць пасаду намесніка галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва ЦРБ, Н.В.Дрозд прайшла некалькі сур’ёзных прыступак урачэбнай дзейнасці. 

Гуманізм і арганізатарскія здольнасці праявіліся ў яе яшчэ ў дзяцінстве. Падчас вучобы ў школе ўзначальвала валанцёрскія гурткі, была старастай класа, марыла стаць настаўніцай або доктарам. Выбрала ўсё ж медыцыну.

Пасля заканчэння Аршанскага медвучылішча Наталія Васільеўна вярнулася ў аграгарадок Ільюшына, які пасля перасялення бацькоў з чарнобыльскай зоны стаў для яе другой радзімай. Маладога спецыяліста назначылі загадчыцай мясцовага ФАПа.

– Не паспела паставіць подпіс у дакуменце аб прыняцці фельчарска-акушэрскага пункта, як забегла жанчына з крыкамі, маўляў, дрэнна бацьку. У мяне нават не было часу спалохацца – кінулася на дапамогу, – прыгадвае першы рабочы дзень Н.В.Дрозд. – У ФАПе навучылася многаму: і практычна любую хваробу распазнаваць, і правільныя рашэнні наконт лячэння прымаць.

Яшчэ адна рыса Наталіі Васільеўны – мэтанакіраванасць. Знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, паступіла ў медыцынскі ўніверсітэт. Гадавала дзіця і паралельна спасцігала медыцынскую навуку. На сабе ж адчуўшы, якое гэта шчасце – нараджэнне новага жыцця, выбрала спецыялізацыю, якая дазваляе дапамагаць жанчынам спазнаць радасць мацярынства.

Калі дачка падрасла, Н.В.Дрозд назначылі на пасаду загадчыцы жаночай кансультацыі, а праз некаторы час прапанавалі ўзяць адказнасць за амбулаторна-паліклінічную работу.

– Так атрымалася, што важныя этапы маёй прафесійнай дзейнасці звязаны з нараджэннем дзетак, – кажа жанчына. – Пасаду намесніка мне прапанавалі адразу пасля нараджэння сына. На гэты раз у дэкрэтны адпачынак пайшоў муж. Пакуль ён спраўляўся з малым, я вучылася новай справе.

А яна няпростая! Паліклініка, якую курыруе спецыяліст, разлічана на 300 наведванняў у змену. Наталія Васільеўна адказвае не толькі за работу вузкіх спецыялістаў, дыягнастычных кабінетаў, дзіцячую кансультацыю, але і трох бальніц сястрынскага догляду з амбулаторыямі, 18 ФАПаў. Даводзіцца займацца і гаспадарчымі справамі.

Адзін з важных аспектаў яе работы – сацыяльныя праекты, якія рэалізуюцца сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Паколькі значная колькасць жыхароў раёна – людзі пенсійнага ўзросту, пытанням герыятрыі надаецца значная ўвага: працуюць стацыянары на доме, адкрыты школы актыўнай старасці. Сумесная работа ТЦСАН і бальніцы, у праватнасці, Н.В.Дрозд высока адзначана на абласным узроўні.

Але галоўную ацэнку даюць усё ж жыхары Ушаччыны, якія штодня звяртаюцца за дапамогай, кансультацыяй і дзякуюць доктару за прафесіяналізм і добрае сэрца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Факт

  • Ва Ушацкай ЦРБ за апошнія гады праведзена значная мадэрнізацыя: з нуля створаны эндаскапічны кабінет, набыты лепшы ў сваім класе рэнтген-апарат, абсталяваны фізіятэрапеўтычнае і стаматалагічнае аддзяленні, паліклініка перайшла на электронныя рэцэпты, вядуцца кансультацыі па скайпе… І ва ўсіх гэтых новаўвядзеннях ёсць уклад Н.В.Дрозд.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *