Турыстычны маршрут “Страчаны рай: жыццё і катастрофа беларускіх яўрэйскіх мястэчкаў” нядаўна распрацаваны Нацыянальным агенцтвам па турызме сумесна з Докшыцкім, Глыбоцкім, Ушацкім райвыканкамамі. Ён уключае знаёмства з яўрэйскімі мястэчкамі, наведванне музеяў, мемарыяльных комплексаў, яўрэйскіх пахаванняў і памятных месцаў. У чацвер падчас адукацыйнага семінару, які праходзіў у трох прыгаданых раёнах, і быў прэзентаваны турмаршрут. На Ушаччыне высокіх гасцей сустракалі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”.
Гісторыя з’яўлення маршрута звязана з удзелам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі ў пасяджэнні Пятага Сусветнага форуму лідараў, прысвечанага Міжнароднаму дню памяці ахвяр халакоста і 75-й гадавіны вызвалення Асвенцыма, які адбыўся ў студзені ў Іерусаліме. Падчас візіту спікер ніжняй палаты беларускага парламента абмяркоўваў з прадстаўнікамі ізраільскага боку пытанні ўзаемадзеяння ў розных сферах, у тым ліку ў развіцці турызму. Практычным увасабленнем дасягнутых тады дамоўленасцей і стала распрацоўка названага турмаршруту.
Прымалі ж удзел у адукацыйным семінары надзвычайны і паўнамоцны пасол Дзяржавы Ізраіль ў Рэспубліцы Беларусь Алон Шогам, памочнікі Старшыні Палаты прадстаўнікоў А.А.Раманаў і В.М.Шыпко, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, член рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Ізраілем В.П.Нікалайкін, дырэктар Нацыянальнага кадастраваага агенцтва А.А.Філіпенка, дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме В.В.Парашчанка, кіраўніцтва Ушацкага райвыканкама, а таксама прадстаўнікі турыстычных аператараў Беларусі, Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму, супрацоўнікі музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі.
Так, у Глыбокім жылі прадстаўнікі розных культурных, этнічных і канфесійных груп. Рэлігійнае жыццё яўрэйскай абшчыны горада было сканцэнтравана вакол галоўнай сінагогі. Акрамя яе дзейнічалі яшчэ некалькі малітоўных дамоў. Падчас семінару на месцы сінагагальнага комплексу быў адкрыты памятны знак. Азнаёміліся ўдзельнікі і з іншымі месцамі яўрэйскай спадчыны ў нашых суседзяў. На тэрыторыі Докшыцкага раёна маршрут пралягаў праз вёску Шунеўка, дзе размяшчаецца мемарыял “Памяці ахвяр фашызма”. А непасрэдна ў Докшыцах удзельнікі наведалі яўрэйскія могілкі і помнік вязням Докшыцкага гета.
Завітаўшы на “Прарыў”, госці адразу ўзброіліся камерамі, каб зрабіць кадры мемарыяла, адзначаючы пры гэтым яго велічнасць. З цікавасцю слухалі ў час экскурсіі аповед пра ваенную гісторыю Ушаччыны, легендарны прарыў і стварэнне мемарыяла, асаблівую зацікаўленасць выклікалі гістарычныя факты пра Ушацкае гета. Дарэчы, як адзначыла дырэктар музея народнай славы імя У.Лабанка Наталля Пятроўна Бугай, яўрэйскае насельніцтва ўнесла немалы ўклад у справу разгрому фашызму. Напрыклад, у склад партызанскіх брыгад на тэрыторыі нашага раёна ўваходзіла 5-7 працэнтаў яўрэяў, а практычна ўся медыцына была прадстаўлена менавіта імі – начальнікі шпіталяў, урачы, медыцынскія сёстры актыўна дапамагалі, лячылі хворых і параненых. Шмат прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці было сярод камсамольцаў, камісарскага саставу.
Як вядома, Ушаччына мае багаты турыстычны патэнцыял і ў іншых накірунках. Скарысталіся магчымасцю расказаць пра сябе работнікі санаторыя “Лясныя азёры”. Аб тым, што інфармацыя зацікавіла ўдзельнікаў семінару, сведчыў факт, што многія прыхапілі з сабой кантакты і рэкламныя буклеты пра нашу здраўніцу, задалі нямала пытанняў дырэктару санаторыя В.М.Грынкевічу.
Частавалі гасцей на “Прарыве” ўшацкай мінеральнай вадой. Трэба адзначыць, што некаторыя з іх ужо чулі пра “Вечалле” і баркоўшчынскія крыніцы. Высока ацаніў смакавыя ўласцівасці нашай мінералкі і Алон Шогам.
Пакідалі госці Ушаччыну з прыемнымі ўражаннямі. Ну а прэзентаваны маршрут тым часам будзе ўключаны туркампаніямі ў спіс прапаноўваемых падарожжаў па Беларусі.
Вольга КАМАРКОВА.