Делится со всеми своей теплотой. Анатолия Степановича Дука любят, помнят и уважают родные, ученики, коллеги, друзья

Общество

Штогод 18 чэрвеня Анатоль Сцяпанавіч Дук толькі па тэлефоне прымае каля сотні віншаванняў, і ў некалькі разоў больш – праз сацыяльныя сеткі. Вось і заўтра, у дзень сваго 70-годдзя, з Далёкага Усходу і Масквы, Амерыкі і Крыма прыляцяць шчырыя пажаданні ад яго сяброў, якіх ён з кожным годам толькі прымнажае. Бо сам не лянуецца дзяліцца душэўнай цеплынёй з усімі, хто стаў невыпадковым спадарожнікам у цягніку пад назвай “Жыццё”.

Мора віншаванняў ён прымае і дасылае сам на Дзень Піянерыі і Камсамола. Гэта самыя светлыя яго святы, і не таму, што звязаны з маладосцю. 19 мая і 29 кастрычніка былі не проста датамі, а нефармальнымі імпрэзамі з факельным шэсцем, вогнішчам у лесе, гітарай і спартландыяй, размовамі пра сэнс жыцця. Ён і мноства яго равеснікаў жылі цімураўскім рухам, зарніцамі, і кожны дзень напаўнялі яркімі падзеямі.

Вучні Качаноўскай васьмігодкі, у якую хадзіў Анатоль, а потым і выкладаў геаграфію і фізкультуру, пакуль завочна вучыўся ў Магілёўскім педінстытуце, да цэглы выскрабалі попел у печках, каб не адстаць па яго здачы, як і ў макулатуры, металаломе. Яны ішлі, сорамна прызнацца, на крадзеж, прыхапіўшы акрамя лугавой травы яшчэ і калгасную канюшыну, каб лепей падсілкаваліся іх падшэфныя трусы. Нарыхтоўвалі на корм жывёле па 150 бярозавых венікаў. За актыўную работу іх узнагароджвалі прызамі і падарожжамі. А свой раён ведалі проста выдатна, бо скалясілі яго падчас канцэртаў, дзе на грузавым аўто, дзе пешшу, неслі вяскоўцам свята.

“Захоўваю незвычайнае фота, на якім задаволена ўсміхаецца за спінамі Анатоль Дук – піянерважаты Ушацкай школы, – прыгадвае Ларыса Іванаўна Талмачова. – Яму, на пяць гадоў старэйшаму, бацькі давяралі прыглядаць за намі падчас пазашкольных мерапрыемстаў. Ён быў важаты-сябар і лічыў, што не бывае дрэнных вучняў. Занадта шустрага Валодзю Волаха, у наступным паспяховага трэнера, Анатоль Сцяпанавіч наогул апякаў. Калі яго як лепшага піянерважатага накіравалі на працу ва Усесаюзны піянерскі лагер “Артэк”, знайшоў магчымасць запрасіць туды на тыдзень і Валодзю”.

І хоць усяго год папрацаваў Анатоль піянерважатым ва Ушацкай школе, сябравалі яны ўсё жыццё – былыя вучні наведваюць яго ў Вашкове і зараз.

Такіх сяброў у яго шмат. Шчырых, якім ёсць за што сказаць Анатолю Сцяпанавічу “дзякуй”. Адных выхоўваў у Рэспубліканскай школе камсамольскага актыву, другіх, пасля абароны кандыдацкай дысертацыі – у навукова-вучэбным цэнтры ЦК ЛКСМБ, зусім юных – у Рэспубліканскім палацы школьнікаў. З сотнямі людзей у яго і да гэтага часу захоўваюцца цёплыя чалавечыя стасункі, ён памятае пра кожны дзень нараджэння і імкнецца зрабіць людзям прыемнае. Менавіта А.С.Дук ініцыіраваў дзесяць год таму артыкул пра Ефрасінню Іванаўну Селявёнак – любімага настаўніка ўсяго іх класа, а сёлета падштурхоўваў сяброў, каб падбадзёрылі Галіну Антонаўну Туфар, якая дзень нараджэння сустракала ў бальніцы. Вядома ж, ён збіраў чатыры гады таму юбілейную сустрэчу аднакласнікаў. Сапраўдны аптыміст, ён насамрэч бачыць толькі лепшыя бакі. І ніколі не вылучае свайго “я”. Сціплы, інтэлігентны, прыстойны, не просіць нічога для сябе, нават калі мае ў гэтым патрэбу.

Свой дзень нараджэння Анатоль Сцяпанавіч заўсёды сустракае ў бацькоўскім доме. Вясной вяртаецца з Мінска і акрыляецца: пачуўшы зязюлю, паназіраўшы за пчолкамі, якіх трымае, каб лячыцца, пагутарыўшы з землякамі. Хоць жыве Ушаччынай ён заўжды і ведае пра яе ўсё. “Цікава, але першым мне пра навіны раёна расказвае Анатоль Сцяпанавіч, бо і ў Мінску выпісвае “Патрыёт”, – расказвае Валянціна Сцяпанаўна Бутоўская, якая ў свой час замяніла А.С.Дука на піянерскай рабоце ў Качаноўскай школе. – Яго вельмі паважалі тады і любім зараз, вучымся аптымізму. Хоць складана яму па стане здароўя жыць у вясковым доме, ён ніколі не паскардзіцца. А на днях, віншуючы з 95-годдзем “Артэка”, у якім я была школьніцай, дабавіў, што артэкаўцы – асаблівыя людзі. Ён правы, бо і сам Анатоль Сцяпанавіч – унікальны, чалавек-свята”

Імкнецца быць гаспадаром, як былі яго бацькі. Падтрымліваць форму – і штодня займаецца фізкультурай. Пчаляр у некалькіх пакаленнях – першае, што зрабіў, прыехаўшы на радзіму, абкасіў вуллі, хоць кожны крок даецца складана. Шмат чытае і можа даць параду на любы конт.

Паважаны Анатоль Сцяпанавіч! Няхай жа і надалей Вас стамляюць толькі шматлікія віншаванні людзей, у душах якіх Вы пакінулі след. Ад любячых Вас жонкі і сыноў. Ад вашых вучняў. Як мага далей заставайцеся тым маяком, святло якога накіроўвае і сагравае.

Вольга Караленка.

На здымку:А.Дук з сынамі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *