Разам з бацькамі
Ушаччына падхапіла рэспубліканскі флэшмоб “Разам з бацькамi”, запушчаны напачатку чэрвеня актывістамі БРСМ. Валанцёры і маладыя сем’і асвяжаюць аблічча дзіцячых пляцовак, разбіваюць кветнікі, прыводзяць у парадак скверы.
На мінулым тыдні працоўны дэсант высадзіўся на вуліцы У.Лабанка ў райцэнтры. Дробным рамонтам і афарбоўкай арэляў, лавачак, пясочніц займаліся работнікі райкама грамадскага аб’яднання, прадстаўнікі сямей Літвін, Дрозд, Сляцкіх, Сакаловых. Свой уклад у аздабленне любімага месца адпачынку ўнеслі і самі малышы.
Сямейная трэніроўка
Да Сусветнага дня бацькі, які адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня, БРСМ запрашае прыняць удзел у інтэрнэт-чэленджы “Разам з бацькам”. Трэба з 18 па 21 чэрвеня размясціць на асабістых старонках у сацыяльных сетках невялікія відэаролікі пра тое, як таты і іх маленькія дзеці разам займаюцца фізкультурай. Гэта можа быць зарадка, сілавыя практыкаванні, спартыўныя гульні. Больш падрабязная інфармацыя – у групах Ушацкага райкама БРСМ у “Інстаграм” і “ВКонтакте”.
Сэлфі & фота з вышыванкай
Фотаконкурс пад такой назвай праводзіць зараз БРСМ. Каб стаць яго ўдзельнікам, трэба да 22 чэрвеня зрабіць фотаздымкі ў вышыванцы – беларускім народным адзенні – і даслаць на электронную пошту okvitebsk.by@gmail.com. Першая катэгорыя – Сэлфі-фота з вышыванкай – прадугледжвае публікацыю здымка ў insta-профілі з хэштэгамі #сэлфізвышыванкай, #дзеньвышыванкi і ўпамінанне акаўнта instagram.com/brsmby. У другой – Традыцыйнае фота – вызначана 5 намінацый: фота дзіцяці, закаханых, сям’і, моладзі, а таксама вышыванкі ў іншых краінах. Пераможцу конкурса чакае каштоўны падарунак – фотаапарат імгненнага друку.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.