В Гуте провели обеспыливание дороги, а в Ушачах обустроили автобусную остановку

Общество

На прыёме грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, які на мінулым тыдні праводзіў ва Ушачах старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, да яго паступіў калектыўны зварот ад жыхароў Гуты. Вяскоўцы скардзіліся на тое, што пасля закрыцця мосту праз раку ў гарпасёлку асноўны транспартны паток пайшоў праз іх населены пункт, у сухое надвор’е гэта прыводзіць да моцнага запылення – не ўратоўваюць ні знакі абмежавання хуткасці, ні перыядычны паліў гравійкі вадой. Наш дэпутат у парламенце паставіў задачу вырашыць праблему – у чацвер-пятніцу гэтым займаліся работнікі дарожнай службы.

Што такое абяспыльванне, давялося ўбачыць на свае вочы. Як расказаў начальнік Ушацкага ДРБУ-105 Аляксандр Уладзіміравіч Пячкоўскі, тэхналогія запазычана ў краінах Заходняй Еўропы, і ў нас яшчэ не знайшла шырокага прымянення, прынамсі ўшацкія дарожнікі выконвалі яе ўпершыню. Мабыць таму паназіраць за працэсам прыехаў асабіста Андрэй Сцяпанавіч Сіліч, галоўны інжынер КУП “Віцебскаблдарбуд”, у структуру якога ўваходзіць наша дарожная служба, а таксама спецыяліст па кантролі за якасцю. Гравійка спачатку паліваецца вадой, дыскуецца, зноў паліваецца і на яе наносіцца бітумная эмульсія, якая змешваецца з гравіем. Потым працэс паўтараецца, сумесь дадаткова апрацоўваецца грэйдарам, разраўніваецца і толькі тады настае чарга каткоў, якія прыціскаюць палатно.

– Сутнасць у тым, што бітумная эмульсія звязвае самыя дробныя і лёгкія фракцыі, якія, уласна кажучы, і ўтвараюць пыл, таму тэхналогія і называецца абяспыльваннем, – патлумачыў нам асаблівасці працэсу А.С.Сіліч. – Гэта не асфальтаванне, гравійка ў разрад аўтадарог з цвёрдым пакрыццём не пераходзіць, але запыленасць зменшыцца працэнтаў на трыццаць. Срок эксплуатацыі палатна такога тыпу непрацяглы, да 150 дзён, але яго павінна хапіць, пакуль скончацца рамонтныя работы на мосце ва Ушачах і паток транспарту праз Гуту зменшыцца.

Тэхналогіяй абяспыльвання апрацаваны кіламетровы ўчастак, які праходзіць непасрэдна па вёсцы. Работы выкананы ўсяго за два дні дзякуючы аператыўнаму прыцягненню тэхнікі з філіялаў галаўнога прадпрыемства з Віцебска і Лепеля, бо, напрыклад, палівачнай машыны і спецыяльнага МАЗа для ўнясення бітумнай эмульсіі ва Ушацкім ДРБУ-105 не маецца. Дапамагло ў карыснай справе і КУСГП “Вялікадолецкае”, кіраўніцтва якога выдзеліла “Кіравец” з дыскамі, а механізатар Андрэй Смаляк на два дні стаў “дарожнікам”.

***

На пачатку мінулага тыдня на пасяджэнні камісіі па бяспецы дарожнага руху пры райвыканкаме ў ліку іншых было разгледжана і пытанне абсталявання прыпынку для аўтобусаў, маршрут якіх з-за рамонту моста пачынаецца і заканчваецца не на аўтавакзале, а на перасячэнні вуліц Кастрычніцкая і Ленінская. Першапачаткова планавалася, што транспарт будзе ажыццяўляць пасадку-высадку пасажыраў на Ленінскай, дзе гэта дазваляе шырыня праезнай часткі і тратуараў. Між іншым, абапал вуліцы з раніцы выстройваюцца калоны аўтамабіляў, што робіць небяспечным астаноўку аўтобусаў – вадзіцелі спыняліся на пляцоўцы ля магазіна “Заходні”. Пасажыры тут жа спяшаліся пераходзіць дарогу, чым стваралі пагрозу ўзнікнення дарожна-транспартнага здарэння. Па ініцыятыве супрацоўнікаў аддзялення ДАІ і прадпрыемтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі было вырашана абсталяваць пункт прыпынку на Кастрычніцкай, побач з пешаходным пераходам і ўжо ў сераду работы былі выкананы. Насупраць участка з пустуючым домам камунальнікі зрабілі “кішэнь”, якую падсыпалі гравіем, а на цвёрдае пакрыццё пайшла крошка ад знятага з мосту старога асфальту, таму затраты на абсталяванне прыпынку атрымаліся мінімальныя.

Дзмітрый Раманоўскі.



1 комментарий по теме “В Гуте провели обеспыливание дороги, а в Ушачах обустроили автобусную остановку

  1. Не хотите ли в Гуте на повороте сделать нам автобусную остановку со стороны д. Новоселье? Непонятно, где стоять и ждать транспорт. Сегодня автобус стал так, что с ребёнком увязая в грязи надо было идти к автобусу, после дождя вся ваша работа наделала больше проблем, чем пользы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *