Здавалася б, што і прылеглых да тэрыторыі Вялікадолецкай школы больш двух гектараў хапае з лішкам – паспрабуй дагледзець такія плошчы. Але і без таго немалыя ўгоддзі ўстановы сёлета зноў падраслі. Як і ў мінулым годзе, школа паказвае добрыя вынікі ў конкурсе “Прышкольны ўчастак як агульнаадукацыйная пляцоўка для сучасных агратэхналогій”, які праводзіцца ў рамках міжнароднага праекта “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва, фінансуемага Еўрасаюзам і Міжнародным Зялёным крыжам, і “апетытам” дружнага калектыву дарослых і навучэнцаў можна толькі пазайздросціць.
Як і працавітасці работнікаў школы і яе вучняў, якія не толькі забяспечваюць уласную сталовую вітамінамі, а і зарабляюць ад прадукцыі прышкольнага ўчастка – акрамя выкарыстання ў школьным рацыёне, сабраны ўраджай ідзе на продаж мясцовым жыхарам, якія ўжо ацанілі яго якасць і прымальны кошт. Кіруе ўсёй гэтай вялікай гаспадаркай настаўнік хіміі і біялогіі Віктар Мікалаевіч Шышоў (на здымку), які і правёў для нас экскурсію па ўгоддзях. На прышкольнай тэрыторыі вырошчваецца бульба і закладзены сад, размешчаны градкі і цяпліца, яшчэ адзін участак для севазвароту засеяны зерневымі.
– Расаду перцаў і памідораў рэалізоўвалі насельніцтву па 45 капеек за адну расліну, людзі ахвотна разбіраюць, ёсць ужо пастаянныя кліенты, – расказвае В.М.Шышоў. – Была высаджана і зеляніна, якая таксама ішла на продаж. З улікам леташніх даходаў цяпліца сябе ўжо амаль акупіла! – Яе і сістэму арашэння для сада мы набылі ў мінулым годзе.
У садзе зараз мноства яблынь розных сартоў, сярод іншых адзначае настаўнік “Мядовы хруст” – мае вельмі прывабны і адпаведны назве смак, добра захоўваецца. Ёсць на ўчастку вішні, чарэшні, слівы, грушы. Віктар Мікалаевіч чаранкуе і прывівае саджанцы, бо мае намер пашырыць іх продаж насельніцтву, попыт ёсць.
Міжраддзі паміж маладымі саджанцамі без травы – тут выкарыстоўваецца практычна кожны сантыметр плошчы, паміж роўнымі шарэнгамі дрэўцаў набірае моц бацвінне бульбы. Між іншым, у будучым знойдзецца месца і для айвы, чарнаплоднай рабіны – вось такая разнастайнасць вітамінаў.
Здароваму і карыснаму харчаванню школьнікаў, выхаванцаў дзіцячага садка павінны паспрыяць і закладзены сёлета аптэкарскі агарод, дзе вырошчваецца меліса, шалфей, мята, элеўтэракок для прыгатавання травяных напояў. Да канца лета ўраджай будзе сабраны і высушаны. У планах – продаж прадукцыі аптэкарскага агароду і для санаторыя “Лясныя азёры”.
Наведалі мы з Віктарам Мікалаевічам і ўчастак плошчай амаль у 60 сотак паводаль ад школы, на тарфяніку, дзе выдатна адчувае сябе морква, капуста розных тэрмінаў спеласці, цыбуля, буракі. Агарод сёлета пашыраны, для гэтых мэт распрацаваны суседнія землі, якія не выкарыстоўваліся і былі захоплены баршчэўнікам. Трэба адзначыць, што і на падыходзе да сваіх сотак педагогі выканалі значныя аб’ёмы работы: ачысцілі ад пустазелля канал, праз які праклалі два масткі.
– Зразумела, што адзін я не справіўся б з такімі плошчамі, догляднымі работамі, – зазначае В.М.Шышоў. – Працуем усёй школьнай сям’ёй: дапамагае тэхперсанал, настаўнікі і вучні. Для апрацоўкі агарода саджуся за руль уласнага трактара, сваю тэхніку выкарыстоўвае і Мікалай Уладзіміравіч Аніскевіч.
Зараз навучэнчы разам з педагогам у рамках праекта ўдзельнічаюць у конкурсе навукова-метадычных работ на сортавыпрабаванні цыбулі, вывучаюць уплыў розных фактараў на яе вырошчванне. Дарэчы, менавіта плённы і актыўны ўдзел у конкурсах дазволіў вырашыць праблему з захоўваннем ураджаю – у школьнай сталовай устаноўлена халадзільная камера аб’ёмам 10,7 кубічных метраў – сапраўдны міні-пакой з рэгулюемым кліматам!
– Такое абсталяванне нам было вельмі неабходна, – дзеліцца дырэктар школы Рыма Леанідаўна Аніскевіч. – Задаецца неабходная тэмпература, і садавіну з агароднінай зараз маем магчымасць захоўваць і выкарыстоўваць у рацыёне школьнікаў не сезонна, а на працягу ўсяго года.
Хапае імпэту ўдзельнікам праекту і на задумы па добраўпарадкаванні не толькі школьнай, а і грамадскіх тэрыторый. Разам са старшынёй Вялікадолецкага сельвыканкама Алегам Леанідавічам Сысам яны маюць намер пераўтварыць участак ля вадаёма ў цэнтры аграгарадка ў сучасную зону адпачынку. Тут ужо паступова высаджваюцца туі, ядловец, дэкаратыўныя кусты. Яны абазначаць контуры некалькіх дарожак, якія, нібы сонечныя промні, з некалькіх бакоў будуць весці да берага саджалкі – альтанку сельвыканкам там ужо абсталяваў.
Дзмітрый Раманоўскі.