Гэта цудоўна разумее Ларыса Аркадзьеўна, таму на працягу 31 года работы (з іх ва Ушацкай школе яна працуе 10 гадоў) з вялікім задавальненнем вядзе сваіх вучняў па краіне ведаў, выкладаючы свой прадмет у арыгінальнай форме.
Пасля заканчэння ў 1979 годзе Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава, дзе Ларыса Аркадзьеўна вучылася па спецыяльнасці хімія-біялогія, маладая дзяўчына прыехала па размеркаванні на сваю малую радзіму – на Ушаччыну. Была ўпэўнена, што пасля двух гадоў адпрацоўкі пераедзе куды-небудзь у горад. Гэта быў вельмі няпросты, можна сказаць, вырашальны час для яе. Як і ў любога маладога педагога, узнікалі пэўныя цяжкасці па рабоце. Затым памёр бацька, таму матулі Ларысы Аркадзьеўны патрэбна была падтрымка і дапамога, бо малодшая дачка была яшчэ студэнткай. Асабістае жыццё дзяўчыны паступова наладжвалася: Ларыса Аркадзьеўна выйшла замуж, нарадзіла дзіця. А калі з’явілася магчымасць будаваць ва Ушачах кватэру, усе думкі пра пераезд зніклі. Так і засталася маладая сям’я педагогаў (муж таксама быў настаўнікам) жыць на Ушаччыне, працягваць педагагічную дынастыю.
Матуля Ларысы Аркадзьеўны Ганна Сцяпанаўна Крывапушчанка пасля заканчэння педагагічнага вучылішча доўгі час працавала выхавальніцай, таму выбар будучай прафесіі дачкі – яе заслуга. Ларыса Аркадзьеўна прызнаецца, што на яе шляху заўсёды трапляліся цудоўныя людзі, якія дапамагалі, станоўча ўплывалі на яе жыццё. “Гэта, напэўна, прагучыць дзіўна, але ўсе вырашальныя падзеі майго лёсу звязаны з чатырма цудоўнымі жанчынамі, якіх нават і завуць аднолькава – Ганнамі, – расказвае Ларыса Аркадзьеўна. – Канечне, гэта мая маці Ганна Сцяпанаўна, якая сваё жыццё прысвяціла нам, дзецям; мая дачка Ганна, якая працягвае настаўніцкую дынастыю, выкладае рускую мову і літаратуру ў Арэхаўскай школе; Ганна Ігнатаўна Долгая, выдатны педагог, цудоўная жанчына, без дапамогі якой, асабліва ў першыя гады маёй прафесійнай дзейнасці, не ўяўляю свайго жыцця; а таксама Ганна Мікалаеўна Дальчаніна, першая настаўніца, якая стала для мяне прыкладам.
Зараз, напярэдадні нашага агульнага прафесійнага свята з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаю іх. Шчыра ўдзячная маім дарагім, глыбокапаважаным Ганнам за ўсё добрае, што яны прынеслі ў маё жыццё. Хай іх бласлаўляе Бог!”
Зараз Ларыса Аркадзьеўна, вопытны педагог, выкладае хімію ва Ушацкай школе. Яна прыкмячае найбольш зацікаўленых і схільных да выкладаемага ёю прадмета вучняў. Падчас факультатыўных, стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў Ларыса Аркадзьеўна вучыць зацікаўленых хіміяй навучэнцаў пазашкольнай праграме па прадмеце і разам з імі акунаецца ў бязмерны акіян новых ведаў. І яны, у сваю чаргу, не расчароўваюць любімую настаўніцу. Кожны год вучні Ларысы Аркадзьеўны становяцца пераможцамі раённай алімпіяды па хіміі. За 10 гадоў, якія настаўніца працуе ў школе, яе выхаванцы толькі двойчы прапусцілі абласны этап алімпіяды, ва ўсе астатнія гады – паказвалі добрыя вынікі. Да прыкладу, толькі ў гэтым годзе настаўніца падрыхтавала адразу траіх пераможцаў: Ганну Бяльковіч, Яўгена Аўдошку і Антона Станевіча. І гэта далёка не поўны спіс узнагарод, заваяваных выхаванцамі Ларысы Аркадзьеўны. Дзякуючы карпатлівай рабоце, настаўніца разам са сваімі вучнямі праклалі сцежку да перамогі. Аднак на гэтым не маюць намеру спыняцца. У хуткім часе ў скарбонцы ўзнагарод “ушацкіх хімікаў” абавязкова з’явяцца новыя, не менш дастойныя.
І трэба лічыць за вялікае шчасце, калі ў жыцці сустракаецца адораны, творчы чалавек, які станоўча ўплывае на твой далейшы шлях.
Гэта была вялiкая ўдача для мяне трапiць у сёмым класе менавiта да Ларысы Аркадзьеўны. Нам, яе вучням, часам здавалася, што настаўніца занадта патрабавальная да нас. Але менавіта па гэтай прычыне імкнуліся даказаць свае сілы, праявіць усе здольнасці і магчымасці ў вывучэнні прадмета. Цяпер, калі за плячыма засталіся гады вучобы ў школе, студэнцтва і пэўны час педагагічнай дзейнасці, магу па заслугах ацаніць вышэйшы прафесіяналізм, вернасць і адданасць справе, невычэрпны энтузіязм гэтай мудрай настаўніцы, жанчыны. Цярпенне… Любоў… Усмешка… Відаць, вось яны, тыя своеасаблівыя “тры галоўныя прынцыпы”, якімі карыстаецца Ларыса Аркадзьеўна на сваіх уроках.
Напярэдадні прафесійнага свята хацелася б выказаць шчырыя словы ўдзячнасці Ларысе Аркадзьеўне за тое, што яна прывучае падрастаючае пакаленне да культуры, закладвае фундамент ведаў, выхоўвае самастойных і таленавітых вучняў, якімі ў будучым па праве будзе ганарыцца краіна.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.