Семья Жаворонок из Аникевщины не представляет свою жизнь без подсобного хозяйства

Общество

Касцяк Анікеўшчыны, невялікай вёсачкі ў былым Селішчанскім, а зараз Кубліцкім сельсавеце – сямейная пара Жаваранкаў. І старэйшына вёскі Валянціна Пятроўна, якая на мінулым тыдні адсвяткавала чарговы юбілей, і яе муж Уладзімір Сямёнавіч ужо на пенсіі, а, між іншым, з’яўляюцца самымі маладымі жыхарамі вёскі, калі не ўлічваць тых, хто прыязджае з гарадоў да нешматлікіх карэнных. І самымі актыўнымі, бо такой колькасці жывёлы ніхто ў наваколлі не трымае.

Цікава, што галава сямейства, у мінулым ветурач, выступае за яе скарачэнне, а Валянціна Пятроўна, якая адпрацавала ўсё жыццё з лічбамі, гэтаму супраціўляецца. Ды і бацькі гаспадыні, хоць і жылі ў Анікеўшчыне, а працавалі не ў аграрнай сферы. Ёй жа цяга да сельскай гаспадаркі перадалася ад бабулі, кажа, што не ўяўляў сабе гарадскога жыцця і тата, які быў заўзятым паляўнічым і таксама заўсёды трымаў шмат жыўнасці.

– Вельмі хацела стаць аграномам, бегала па мясцовых палях, – прыгадвае гады дзяцінства гаспадыня. – Пачатковую школу скончыла ў Двор Зерчаніцах, васьмігодку – у Селішчы, а сярэднюю – ва Ушачах. Два гады фактычна жыла ў цёткі Валянціны Міхайлаўны Рудзёнак, бо дабірацца з дому ў райцэнтр не было магчымасці. Яна і “разбіла” мае дзіцячыя мары, катэгарычна забараніла ісці ў спецыялісты-аграрыі, паколькі не па чутках ведала, якая гэта цяжкая праца, калі ёй аддавацца спаўна. Цётка настойліва раіла паступаць на больш лёгкі, па яе меркаванні, спецыяльнасць. Вось і падала я дакументы на эканаміста ў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію ў Горках – хоць такім чынам мела дачыненне да аграрыяў!

Вучылася Валянціна Пятроўна завочна, а працоўны шлях адразу пасля школы пачала ў раённым аддзеле статыстыкі аператарам вылічальнай машыны. Начальнікам установы была Лізавета Фёдараўна Кухарава. “Пра такіх зараз моладзь кажа “крутая”, – усміхаецца Валянціна Пятроўна. – Прамалінейная была жанчына, але справядлівая”. І маладая работніца праз непрацяглы час стала яе намеснікам. Потым былі гады працы ў аддзеле культуры райвыканкама эканамістам і галоўным бухгалтарам, у будаўнічай арганізацыі “Прагрэс”. Але больш звыклымі з’яўляліся разлікі ў бюджэтных арганізацыях, і пры з’яўленні вакансіі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Валянціна Пятроўна ўладкавалася туды, дзе і сустрэла момант заслужанага адпачынку.

Вось толькі ці бывае ён, калі на падворку дзве каровы і падцёлак, двое свіней, дзясятак авечак, столькі ж і курэй, якіх незадоўга да нашага візіту паменела на адну галаву – сцягнула нясушку ліса. Дзікіх жывёл у наваколлі вёсачкі хапае, бо знаходзячыся ў баку ад вялікіх аўтадарог і не маючы вялікай колькасці насельніцтва, яна зарастае і толькі дзякуючы такім энтузіястам, як сям’я Жаваранкаў, выкошваецца наваколле, што не дазваляе кустоўю падступіць да самых хат. Дзесьці па тры тоны сена трэба на кожную карову нарыхтаваць, плюс авечкі. Таму і ўстаюць гаспадары рана, адпавядаючы свайму прозвішчу.

– Без трактара немагчыма было б гэта ўсё трымаць, – кажа старэйшына. – Ёсць у майго гаспадара і ўсе прычапныя агрэгаты для апрацоўкі агарода. Адна карова не так даўно ацялілася, зараз выпойваю цялушку і здаваць асабліва нечага. А так па 50 літраў некалькі раз на тыдзень збіраю і вывожу на цялежцы за два кіламетры да бальшака – сюды камерсант пад’язджаць адмаўляецца…

Зразумела, што асноўнымі прадуктамі харчавання сябе і сваіх родных сям’я забяспечвае на працягу ўсяго года: “Каўбасы, канечне, не купляем”, – усміхаецца Валяінціна Пятроўна. Сын з дачкой, дзеля станаўлення якіх, па-сутнасці, і трымалася ўсё жыццё гаспадарка, ужо дарослыя, атрымалі добрую адукацыю і жывуць у гарадах, працуюць на прэстыжных пасадах інжынераў у фірме, якая зай­маецца рамонтам абсталявання нафтазаводаў, і ў вайсковай часці. Бацькоў не забываюць, наведваюць. Сын, праўда, дапаможа, але ў Анікеўшчыне не начуе, едзе ў кватэру ва Ушачах – няма інтэрнэту ў вёсачцы, а без яго моладзі зараз ніяк.

“Можа паслухаць гаспадара і адпачыць на схіле гадоў?” – пытаюся ў Валянціны Пятроўны. “Гэта ўжо ў крыві, змалку, – адказвае гаспадыня. – Тут дом маіх бацькоў, радавое гняздо, якое ніяк не пакінеш… Падабаецца мне праца на зямлі. Я і калі ва Ушачах жыла, паспявала жывёлу даглядаць, ну а зараз тым больш – чым яшчэ займацца маладому пенсіянеру?!”

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *