На Ушаччине подведены итоги районного соревнования среди трактористов-машинистов, занятых на посевной

Сельское хозяйство

Аграрыі Ушаччыны ставяць кропку на сяўбе-2020.

Ужо падведзены вынікі традыцыйнага раённага спаборніцтва сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на вясенне-палявых работах, якое праводзіў райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

– А мы не сумняваліся, што нашы хлопцы ў лідарах! – казалі працаўнікі ААТ “Ільюшынскі”, калі мы разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў завіталі на мехдвор гаспадаркі для ўзнагароджання.

Так, менавіта мясцовыя механізатары сталі пераможцамі ў трох з чатырох намінацый спаборніцтва. Літаральна з першых дзён на ўнясенні мінеральных угнаенняў упэўнена лідзіраваў Анатоль Дзмітрыевіч Спірыдзёнак, які ў выніку на “Дзвіне” падкарміў культуры на 1390 гектарах, значна адарваўшыся ад сваіх калег з іншых гаспадарак. А вось на сяўбе не ўсё было так адназначна – дастойную канкурэнцыю Анатолю Віктаравічу Усовіку з гэтай жа гаспадаркі практычна ўсю кампанію складаў Сяргей Аркадзьевіч Філімонаў з “Вялікадолецкага”. Абодва працавалі на МТЗ-3022 з шасціметровымі пасяўнымі агрэгатамі. Аднак напрыканцы пасяўной апошні пераключыўся на іншыя віды работ і лепшым з засеянымі 1230 гектарамі стаў А.В.Усовік.

У тройцы лідараў на працягу ўсёй веснавой кампаніі трымаўся і яшчэ адзін прадстаўнік “Ільюшынскага” – Аляксандр Пятровіч Майсеенка, які на “Кіраўцы” рыхтаваў глебу пад сяўбу. І сёлетні лаўрэат раённай Дошкі гонару ў чарговы раз пацвердзіў свой прафесіяналізм – 1450 гектараў сталі самым значным паказчыкам у раёне. А пераможцам на ўзворванні глебы прызнаны прадстаўнік філіяла “Маяк-Ушацкі” Раман Сяргеевіч Ладзік, які ўзараў 486 гектараў.

Райкам прафсаюза работнікаў АПК узнагародзіў чацвярых пераможцаў у кожнай намінацыі дыпломамі і падарачнымі сертыфікатамі на суму 50 рублёў.

– Усе без выключэння работнікі, што былі задзейнічаны на вясенне-палявых работах і не ўвайшлі ў лік прызёраў спаборніцтва, таксама заслугоўваюць добрых слоў у свой адрас, бо гэтак жа працавалі ад цямна да цямна і без выхадных. Дзякуй ім! – адзначыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Кацярына Аляксандраўна Рэут.

Ну а ільюшынскія пераможцы, папазіраваўшы для здымка, заняліся падрыхтоўкай тэхнікі да чарговай, не менш важнай кампаніі – корманарыхтоўкі, якая ўжо распачынаецца ў сельгаспрадпрыемстве. Раённае спаборніцтва, дарэчы, праводзіцца і на “зялёным жніве”. І ёсць падставы меркаваць, што механізатары адной з буйнейшых гаспадарак раёна зноў апынуцца ў ліку лепшых. На развітанне ў добрым настроі яны зазначылі: “Былі б кармы, а мы не падвядзём!”

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: А.Майсеенка, А.Усовік, А.Спірыдзёнак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *