Шчаслівымі ўсмешкамі поўніўся ў панядзелак дом сямейнага тыпу ў аграгарадку Арэхаўна. У Міжнародны дзень абароны дзяцей па добрай традыцыі да выхаванцаў прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, яго намеснік Алена Васільеўна Пашковіч і начальнік аддзела па адукацыі Ганна Францаўна Струй. Яны шчодра дарылі хлопчыкам і дзяўчынкам (на сённяшні дзень у сям’і Залатых іх сямёра) цёплыя словы і, канечне, падарункі. Прычым, каштоўныя, патрэбныя ў быце.
– Цяпер будзеце часцей і з большым запалам дапамагаць матулі, – перадаючы старэйшым дзецям пыласосам і мікрахвалёвую печ, выказаў спадзяванне кіраўнік раёна.
– З гэтым праблем дакладна не ўзнікне! – адказала сама гаспадыня. – У нас складзены графік дзяжурстваў. Усе, незалежна ад узросту, займаюцца ўборкай, іншымі справамі па доме. Ну а з новай тэхнікай, думаю, могуць і на дадатковую занятасць напрасіцца.
У гэты ж святочны дзень сям’ю Залатых чакаў салодкі стол – з атрыманымі ў якасці падарунка тортамі. Малодшым дзецям дарослыя пажадалі весела і з карысцю правесці канікулы, а старэйшым юнакам – паспяхова здаць выпускныя экзамены і паступіць у абраныя навучальныя ўстановы.
Атмасфера свята панавала 1 чэрвеня і ў дзіцячым сацыяльным прытулку гарпасёлка. Работнікі ўстановы падрыхтавалі для шасцярых сваіх выхаванцаў насычаную забаўляльную праграму – з творчымі конкурсамі, песнямі, танцамі. Прыемны сюрпрыз чакаў хлопчыкаў і дзяўчынак ад прадстаўнікоў улады, раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – салодкі стол, цэнтральнае месца на якім прадказальна заняў вялізны торт з “імяннымі” кавалкамі для кожнага. Шыкоўныя гульнявыя наборы падарылі малышам супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Не застаўся ў баку і абкам прафсаюза работнікаў культуры, які пералічыў прытулку да свята пэўную грашовую суму.