Беларусь у гэтым годзе плануе адмовіцца ад імпарту грэчкі і па даручэнні Прэзідэнта краіны павінна поўнасцю забяспечыць унутраны рынак айчыннымі крупамі.
Сеюць гэтую культуру і ў нашым раёне: па традыцыі займаюцца ёй у ААТ “Дземенец”.
Летась у гаспадарцы грэчку не сеялі, а зноў вярнуліся да яе вырошчвання не толькі з нагоды прыгаданага даручэння кіраўніка дзяржавы, а і, як кажуць, па шматлікіх просьбах – многія ўшачане цікавіліся менавіта дземянецкай грэчкай, адзначаючы яе выдатныя смакавыя ўласцівасці. Дастаткова прыгадаць, як хутка яна разыходзілася на раённых кірмашах. Адметна, што расці культура будзе літаральна на вачах патэнцыяльных пакупнікоў: на полі каля аўтадарогі паміж Арэхаўнам і Сарочынам.
У сярэдзіне гэтага тыдня за пасяўным агрэгатам вопытнага механізатара Аляксандра Спірыдовіча ўздымаўся пыл, а ў глебу клалася насенне сорту “лакнея”, якое падвозіў Аляксандр Асяпёнак. Настрой у сейбітаў быў баявы, спрыяла надвор’е, не падвяла тэхніка, і з сяўбой 30 гектараў справіліся за адзін дзень. “Гэтую нераспаўсюджаную ў нашым раёне культуру сеяў неўпершыню. Хоць, шчыра кажучы, сам не надта вялікі аматар грэцкай кашы, але прыемна чуць ад землякоў, што ім даспадобы менавіта наша, дземянецкая”, – гаворыць А.Спірыдовіч.
Непасрэдна сяўбе папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. Грэчка патрабуе асаблівага падыходу: у адрозненне ад зерневых, неабходна больш грунтоўная апрацоўка глебы, якую робяць у некалькі заходаў, зямля павінна быць як пух. Зразумела, што і да выбару ўчастка таксама падыходзілі сур’ёзна, улічваючы ўрадлівасць, папярэднікі, унясенне патрэбнай колькасці арганікі. “Ведаеце, ужо не адзін год звяртаў увагу на гэты арэхаўскі палетак – што б на ім ні пасадзілі, тут заўсёды вырастаў нядрэнны ўраджай, – адзначае выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Дземенец” Станіслаў Міхайлавіч Лісічонак. – Цяпер гэты ўчастак перайшоў нам у спадчыну ад КУСГП “Арэхаўна” і, ацаніўшы ўсе агратэхнічныя нюансы, мы спыніліся менавіта на ім. Многія нават і не ведаюць, як выглядае грэчка да таго, як трапляе на прылаўкі магазінаў. Зараз жа пабачаць, як прыгожа цвіце, як будзе бурэць па меры выспявання. Што да тэрмінаў высеву, то, як казаў былы кіраўнік нашай гаспадаркі і мой настаўнік Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка, грэчку трэба сеяць, калі стане цёплая зямля і зацвіце каліна – зараз якраз той самы аптымальны час. А вось нашы суседзі з Полацкага раёна пасеялі культуру значна раней і ўсходы істотна пацярпелі ад замаразкаў”.
Не прыйшлося аграрыям клапаціцца і затрачваць сродкі на насенне – застаўся патрэбны запас сваіх.
Вопыт вырошчвання грэчкі ў сельгаспрадпрыемстве ўжо багаты, і кожны з работнікаў ганарыцца тым, што менавіта за “Дземенцам” у нашым раёне замацавалася “грэчневая” слава. А таму сёлета тут прыкладуць усе намаганні, каб атрымаць годны ўраджай.
Вольга КАМАРКОВА.