Молодой директор

Общество

Малады спецыяліст Валянціна Ціханёнак некалі ўзяла на сябе адказнасць за лёсы іншых людзей. І ў педкалектыва, і ў бацькоў яна апраўдала давер. Бо ў сапраўднага кіраўніка адна добрая справа далучаецца да другой. Увесь працоўны стаж Валянціна Піліпаўна зарабіла ў былой Маладолецкай школе. Не кожны малады спецыяліст згадзіцца працаваць дырэктарам, а яна рызыкнула і хутка змагла знайсці кантакт з педкалектывам, з вучнямі, агульную мову з іншымі вяскоўцамі.

Сапраўднымі дарадчыкамі былі для яе старэйшыя настаўнікі. Яна, адказная, працавітая, імкнулася быць удзячнай ім за практычную навуку. Была заўсёды побач з дзецьмі, педагогамі, каб падтрымаць, падказаць, а калі трэба, то і павучыцца ў калег. Праблем жа было, як травы на лузе. Разам з мужам і сваіх пяцёра дзяцей трэба было выхоўваць.

Для яе характэрным было: добразычлівасць, патрабавальнасць, прынцыповасць. Тонка выкарыстоўвала асабістыя якасці падначаленых: аднаго хваліла, другога ўшчувала, трэцяму дапамагала. Лічылася з меркаваннямі іншых, калі яны былі абгрунтаванымі.

Яна з разуменнем цягнула дырэктарскі воз, як належнае. Займалася самаўдасканаленнем, пашырэннем ведаў і дапамагала ў гэтым пачынаючым калегам. А педкалектыў быў малады, амаль штогод адбываліся кадравыя змены.

Што характэрна, Валянціна Піліпаўна напамінала нам заўсёды, што настаўнік павінен вучыць дзяцей усяму: як трымаць сябе на людзях, паводзіць за сталом, весці размову з іншымі і многаму яшчэ. Педагог у адказе за падрыхтоўку школьнікаў да жыцця, лічыла Валянціна Піліпаўна.

А ў вольны час яна магла сябе паказаць як пявуння, танцорка, арганізатар добрых спраў.

І сёння Валянціна Піліпаўна кажа, што па-ранейшаму любіць сваю школу, якой ужо афіцыйна няма, прычым, не за што адно, а цалкам, хоць і не працуе ўжо колькі.

У сваю чаргу яе і сёння памятаюць былыя вучні: заходзяць дадому, звоняць, запрашаюць на сустрэчы. Яе паважаюць бацькі ўчарашніх школьнікаў, з радасцю сустракаюць былыя калегі. І на вёсцы яна яркая асоба. Многа ведае, чытае, духоўна ўзбагачаецца.

Паважаная Валянціна Піліпаўна, няхай у вашым доме ніколі не згасае агеньчык любові, дабрыні і надзеі. Няхай заўсёды будзе ў памяці школьны званок, кветкі і словы ўдзячнасці.

С.ВАСІЛЕЎСКАЯ,

наш грамадскі карэспандэнт.

На здымку:

Фота з сямейнага архіва.

В.П.Ціханёнак (злева), С.Васілеўская (справа) з дзецьмі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *