Как в Ушачах работается частному бизнесу в условиях пандемии?

Общество

Для індывідуальных прадпрымальнікаў, самазанятых грамадзян цяперашні эпідэмічны час стаў двайным выпрабаваннем, калі даводзіцца хвалявацца не толькі за здароўе, а і за свой бізнес. Наколькі адчувальным з’яўляецца змяншэнне попыту на тавары і паслугі для ўшацкіх камерсантаў, ці ходзяць зараз нашы землякі кудысьці апроч гастраномаў ды аптэк? Каб высветліць гэта, прайшліся па некаторых прыватных кропках райцэнтра.

Вось што-што, а камп’ютары, тэлефоны ды планшэты ў час, калі многія людзі самаізалююцца па дамах, з’яўляюцца першарадным таварам. Думала пра гэта, пераступаючы парог крамы “Кампітэл”, што размешчана ў КБА. І сапраўды, кліенты сюды па-ранейшаму ходзяць. Праўда, прыбыткі кропкі, па словах яе гаспадара Арцёма Лапёнка, прыкметна зменшыліся, бо многія з-за фінансавай няўпэўненасці ў заўтрашнім дні адклалі пакупку новай тэхнікі – а менавіта яе продаж складаў асноўную крыніцу рэнтабельнасці. Звяртаюцца ж зараз у “Кампітэл” у асноўным па рамонце і абслугоўванні ці за дробнымі пакупкамі. Так, напрыклад, жыхарка Мосара Ніна Якаўлеўна Голік зазірнула ў краму, каб набыць новы кабель для дамашняга тэлефона, а ўшачанка Любоў Іванаўна Шаўчэнка – за батарэяй для мабільнага. “Перастаў ноўтбук працаваць. А гэта ж – цэлая трагедыя! У “Аднакласнікі” цяпер жонцы не зайсці!” – з уласцівым яму гумарам распавёў пра мэту свайго візіту Віктар Мікалаевіч Падасінавік.

І ўсе прыгаданыя пакупнікі прасілі падзякаваць “хлопцам” за тое, што вельмі добразычліва ставяцца да людзей і нават у такі неспрыяльны час працягваюць аказваць запатрабаваныя паслугі. А яшчэ адзначылі, што стараюцца не паддавацца панічнаму настрою, але максімальна змяншаюць паходы ў грамадскія месцы, выконваюць санітарныя парады. Прынамсі, флакон з антысептыкам на стале крамы пусцее вельмі хутка: як вядома, тэлефоны, камп’ютарная клавіятура належаць да рэчаў, праз якія інтэнсіўна перадаецца інфекцыя.

Калі акуратная прычоска для большасці з нас надзённая патрэба нават у эпідэмічныя часы, то з набыццём новай сукенкі можна і пачакаць – тым больш што сезон карпаратываў ды пасядзелак у кафэ пакуль адкладваецца, і нават выпускныя вечары пад пытаннем. Праўда, так лічаць не ўсе, бо ў краме моднага жаночага адзення “Прэстыж” я ўсё ж сустрэла маладую ўшачанку Юлію, якая прыглядала абноўку. Але ж, канечне, паток пакупнікоў у магазіне зараз адчувальна зменшыўся. “Людзі эканомяць грошы, стараюцца менш выходзіць з дому”, – канстатуе гаспадыня кропкі Святлана Свяжынская. Прынамсі, каб нівеліраваць апошні фактар, прадпрымальніца прапанавала кліентам заказ тавару анлайн: у адмысловай групе ў Вайберы выкладвае ўзоры рэчаў, і калі хтосьці зацікавіцца – на ўласным аўтамабілі дастаўляе адзенне для прымеркі на дом. А вось абнаўляць асартымент з-за закрытых межаў зараз праблематычна – беларускія вытворцы, вырабамі якіх пераважна гандлюе крама, звузілі лінейку прадукцыі з-за адсутнасці імпартных тканін і фурнітуры, а многія ўвогуле перакваліфікаваліся на пашыў масак, а таму вельмі дарэчы аказаўся запас тавару, зроблены дальнабачнай камерсанткай пасля леташняга сезона. Дарэчы ў гэтай сітуацыі аказалася і тое, што яна працуе па спрошчанай сістэме падаткаабкладання: плаціць 5 працэнтаў ад касавай выручкі. “Ведаю, што многія мае калегі часова зачыніліся, але ж я імкнуся ўтрымацца на плыву і нават мяркую стварыць секцыю мужчынскага адзення. Лічу правільным, што ў нашай краіне прадпрымальнікі атрымалі выбар, якім чынам перажыць эпідэмічны перыяд, а таксама пэўную дзяржаўную падтрымку, – разважае Святлана.

Нешматлікія пакупнікі аглядалі паліцы і ў магазіне ”Das auto”, што знаходзіцца ў доме па Ленінскай, 16. Яго гаспадар Ігар Федарэнка расцэньвае эканамічную сітуацыю як складаную, але не крытычную. Аўтамабілі – неабходны атрыбут сучаснага жыцця, а значыць, не знікне попыт і на тавар для іх абслугоўвання. Разам з тым, аб’ём продажу ў гэтай краме з пачаткам пандэміі зменшыўся прыкладна на 30-40 працэнтаў. “Ушачане перасталі катацца за мяжу, менш падарожнічаюць па краіне, а паколькі больш сціплым становіцца прабег – змяншаецца патрэба ў замене масла, дэталяў падвескі, іншых рэчах”, – разважае Ігар. Ну а наконт развіцця сітуацыі зазначае, што, па ўсім відаць, “з гэтым нам прыдзецца жыць” – таму варта клапаціцца пра сваё здароўе, старацца не прастуджвацца.

Ну а як жа абстаяць справы ў прыватнікаў, занятых у сферы бытавога абслугоўвання? Прачытаўшы нядаўна артыкул пра маскоўскіх цырульнікаў і візажыстаў, якія мяркуюць, што ім пагражае масавае банкруцтва, ва ўшацкую цырульню “Шарм” ішла з насцярожанасцю. І тым больш прыемна было ўбачыць, што тры майстры, якія сумесна арандуюць памяшканне на другім паверсе КБА, чаруюць над кліентамі. “Крызіс? На нас ён не надта паўплываў. Працуем у звычайным рэжыме. Вясна – ушачане хочуць быць прыгожымі!” – патлумачыла мужчынскі майстар Таццяна Севярын, наводзячы апошнія штрыхі прычоскі маладога хлопца. І стрыжка, і ўсмешка Аляксандру вельмі да твару – майстрам жа, канечне, прыемна бачыць, што іх работай задаволены. “Зала ў нас прасторная, бяспечную адлегласць паміж кліентамі захоўваем, чаргі няма, бо працуем па запісе, ну і, канечне, карыстаемся сродкамі аховы”, – далучаецца да размовы жаночы майстар Таццяна Казачонак.

Тут варта таксама дадаць, што прэзідэнцкі ўказ №345, скіраваны на развіццё прыватнага сектара бытавога абслугоўвання ў сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчах, дазваляе аказваць падобныя паслугі на прывабных умовах – усяго за адну базавую велічыню ў месяц.

***

У якасці ілюстрацыі прымаемых мер можна прывесці нядаўняе рашэнне Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў аб зніжэнні ў два разы на другі і трэці квартал бягучага года стаўкі адзінага падатку для індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятых грамадзян. Адметна, што дэпутаты Прыдзвіння першымі сярод калег з іншых рэгіёнаў скарысталіся магчымасцю, прапісанай ва ўказе кіраўніка нашай дзяржавы №143 “Аб падтрымцы эканомікі”. Па папярэдняй ацэнцы, гэта паслабленне для малога бізнесу абыдзецца бюджэту прыкладна ў 2,2 мільёна рублёў. Сродкі немалыя, аднак зараз вельмі важна аказаць рэальную падтрымку прыватнаму сектару, які найбольш церпіць ад наступстваў сусветнай пандэміі.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *