ЗАО «Витебскагропродукт» открыло в Ушачском районе ещё один производственный объект

Экономика и малый бизнес

Ярка-жоўтыя, як пад лінейку, карпусы, абсалютны парадак навокал, прыватныя аўтамабілі на пляцоўцы для паркоўкі нават з беглага позірку сведчаць пра стабільнасць прадпрыемства на трасе Ушачы-Віцебск. Ну а для тых, хто памятае, як выглядаў малочна-таварны комплекс “Слабада”, кантраст яшчэ большы. І ў тым, што закрытае акцыянернае таварыства “Віцебскаграпрадукт” выкарыстала па іншым прызначэнні вытворчыя памяшкані гаспадаркі-банкрута, выйгралі ўсе. У раёне павялічылася вытворчасць мяса, не разбураюцца памяшканні, а людзі, у прыватнасці і з КУСГП “Арэхаўна”, атрымалі новыя працоўныя месцы. Гэтыя мэты і праследаваў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, калі садзейнічаў прыватнай кампаніі ў пашырэнні ў раёне яе дзейнасці.

Кіраўнік вытворчага ўчастка Наталля Уладзіміраўна Бачэлянкова сустракае на санпрапускніку. Далей дыванка з дызрастворам – нельга. Выключэнне робяць толькі для заснавальніка кампаніі Уладзіміра Пятровіча Некрашэвіча, які непасрэдна курыруе ўсе свае вытворчыя кропкі, і яго ўнука Паўла Барысавіча – генеральнага дырэктара. Для іх, як для ўсіх 22 работнікаў свінагадоўчага комплексу – падпісаныя шафы для адзення. Верхняя вопратка і абутак пакідаецца тут, а далей супрацоўнікі праходзяць у раздзявалку з душам, пасля прыняцця якога апранаецца спецадзенне. Цяпер можна трапіць у цэхі з жывёлай. Але ёсць пакуль і рэзервовыя шафы. Усяго толькі месяц працуе вытворчы ўчастак “Слабада” – і пакуль не на поўную магутнасць.

Тут не ўвесь цыкл вытворчасці свініны, як у “Сарочыне”, а толькі парасяты на дарошчванні і адкорме. Шэсць тысяч месячных сасункоў, аднятых ад маці з участка “Хадакова” і іншых, дзе наладжаны цыкл аднаўлення, паступілі сюды і запоўнілі два хлявы. Здаецца дзіўным, але гэтую плойму абслугоўвае ўсяго толькі чатыры аператары – па два на хлеў, у якім тры тысячы галоў у 26 станках. Гадуюць тут распаўсюджаных у Беларусі дзюркоў, іаркшыраў і ландрасаў, але парасяты адсартыраваны не па пародах, а па ўкормленасці. Каб мацнейшыя не прыгняталі слабейшых і ўсе маглі пад’есці ў волю – пастаўлены дадатковыя карыты. Над імі – ёмістасць з камбікормам. Абмежаванняў у кармах няма, паступаюць аператыўна па заяўках, прычым строга адпаведна ўзросту малых. Працэс механізаваны, у кармленні практычна адсутнічае ручная праца. Не заязджаючы на тэрыторыю, машына выгружае корм у бункер ля патрэбнага хлява. Праз дазатроны паступаюць і вадкія вітаміны. Уколы ветурач Віктар Уладзіміравіч Далгаполаў робіць толькі выбарачным парсючкам. Для слабейшых, якіх выяўляюць аператары, разводзіцца сухое малако. Яны ж прывучаюць малых да парадку – пакідаецца непадсыпанае месца-туалет.

Узважванняў пакуль не было, аднак Наталля Уладзіміраўна задаволена ўсміхаецца, расказваючы, як падраслі парасяты. “Вока радуецца: з 7-8 кілаграмаў пакруглелі да 25-30. Так што прывагі павінны быць добрымі. Ад іх, зразумела, залежыць і заробак аператараў, якія і за першы месяц атрымалі па 700 рублёў.

Ужо ў чэрвені падрошчаныя парасяты запоўняць трэці, чацвёрты і пяты хлеў, а іх месца зоймуць новыя малыя. У хлявах на дарошчванні будзе стаяць па 2 тысячы парсюкоў. Зменіцца меню і тэмпература ў памяшканнях. Дарэчы, усё гэта таксама камп’ютарызавана. Наталля Уладзіміраўна выстаўляе на дысплеі адпаведныя параметры, і напрыклад, мікраклімат падтрымліваецца аўтаматычна. Ва ўсіх цэхах для гэтага ўстаноўлены пушкі для абагрэву, выцяжка, вентыляцыя – форткі адчыняюцца таксама самі. За ўсёй гэтай гаспадаркай сочаць слесары пад кіраўніцтвам інжынера Аляксандра Аляксандравіча Жахоўскага. Ёсць у штаце электрык, тры начныя аператары (пераважна жахары Слабады), вартаўнікі, бухгалтар і прачка. Вікторыя Міцкевіч упраўляе дзвюма пральнымі машынкамі і сушылкай, а адзенне мыецца кожны дзень і спачатку замачваецца ў дэзрастворы.

Зараз слесары, аператары, што будуць заняты на дарошчванні парасят, рыхтуюць памяшканні. Наогул Н.У.Бачэлянкова гаворыць, што калектыў выдатны, нікога не трэба прымушаць нешта робіць ці нагадваць. Вельмі адказна адносіцца да справы слесар Дзмітрый Міхайлавіч Мядзведскі. Вартаўнікі самі выходзяць і абкошваюць тэрыторыю, а сарціроўку парасят хуценька праводзяць усе разам. “Наогул аб’ект не падобны на сельскагаспадарчы ў нашым традыцыйным паняцці – выдатныя ўмовы, зацікаўленыя працаўнікі – мне як заатэхніку працаваць у радасць”.

Ці задаволены людзі? Пытанне хутчэй рытарычнае. Бо адкрыцця комплексу чакалі як жахыры навакольных вёсак, так і будаўнікі, што працавалі на аб’екце. Яшчэ тады загадзя падыходзілі да У.С.Некрашэвіча з просьбамі і практычна ўсе яны былі задаволены. Напрыклад, былы работнік лясгаса Віталь Аляксандравіч Кучаронак, як сын і бацька Дзмітрый і Анатоль Курбакі са Слабады і Аляксей Кірылавіч Бядрыцкі, займаліся рэканструкцыяй кароўніка. Апошні, дарэчы, прыязджае на работу за 45 кіламетраў з Шумілінскага раёна. І гэта адзіны не ўшацкі працаўнік. Праглядаючы спісы, сустрэла многа знаёмых прозвішчаў. Надзея Уладзіміраўна Долгая – перадавік свінагадоўчага комплексу “Сарочына”, нягледзячы на вялікую колькасць падапечных памяняла месца працы з-за большай стабільнасці “Віцебскаграпрадукта”. З Сарочына прыязджае сямейная пара Гайко.

Усіх прымалі з выпрабавальным тэрмінам. І дзве жанчыны яго не прайшлі. “Будаваць – адно, і зусім іншае – гадаваць жывёлу. Адна зразумела, што гэта не яе. Другой проста было складана, – гаворыць Н.У. Бачэлянкова. – Таму размяркоўвала, каб на кожным хляву меўся хоць адзін вопытны аператар. Так у пары з Наталляй Сяргееўнай Праннік са свінагадоўчага комплексу працуе Аліна Уладзіміраўна Рымдзёнак – былы будаўнік. Звяно Надзеі Долгай і Наталлі Сяргееўны Мынчынскай узмацняць і не трэба – абедзве працавалі аператарамі ў “Сарочыне”. Усе выдатна спраўляюцца, хоць за дзень у нас і не прысесці”.

Толькі падчас перапынку ўсе ідуць у сталовую, куды прывозяць гатовыя абеды. Свае перакусы прыносіць нельга. Пакідаюцца яны ў халадзільніку і начным вартаўнікам, якія грэюць ежу ў мікрахвалевай печы. Пакуль што працаўнікоў з Ушачы, Арэхаўна, Сарочына на ўласным аўтамабілі падвозіць начальнік участка, але абяцалі выдзеліць машыну, як і трактар для вывазкі жыжы. Што датычыцца прывілей для сваіх работнікаў, то яны могуць у лік зарплаты браць прадукты харчавання ў магазіне “Мясная лаўка” “Віцебскаграпрадукта”. Ёсць і абмежаванні – ім нельга трымаць на сваіх участках не толькі парсюкоў, але і курэй. Санітарна-эпідэмічныя ўмовы тут на вышыні, ну а для людзей, што атрымалі годныя ўмовы працы і аплату – гэта забарона не істотная.

Вольга Караленка.

На здымках: Н.Долгая, Н.Праннік, Н.Бачэлянкова, Н.Мынчынская; В.Міцкевіч, Д.Курбака.



2 комментария по теме “ЗАО «Витебскагропродукт» открыло в Ушачском районе ещё один производственный объект

  1. Не нужно вводить людей в заблуждение: на вчерашний день магазин ещё не работал.

  2. Пётр, ну Вы хоть читайте сначала, а потом пишите возмущенные комментарии. В статье пишут про свинокомплекс, который заработал в Слободе. А вы про какой-то магазин….

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *