Катэдж Аляксандра і Святланы Карповічаў напаўняў дзявочы шчэбет. Птушкі-весялушкі перакідваліся паміж сабой кароткімі рэплікамі і смяяліся бесклапотна, адкрыта, што магчыма, калі на душы ніводнай аблачынкі. “Насця, Сафійка, Кацюшка, зараз Юля спусціцца, – прадстаўлялі бацькі дачок, а тыя ў сваю чаргу дарослых: “А гэта Света і Саша”. І калі спачатку я ўспрыняла гэта як працяг іх вясёлага настрою, то калі развітвалася, дакладна ведала, што па Сонечнай, 10 у Двор Пліне жывуць сябры, а аўтарытэт тут не вымяраецца гадамі.
Хаця галавой сямейства ўсе называюць, канечне, тату. “Таму што бацька, ну і адзіны мужчына ў дзявочым царстве”, – тлумачыць Аляксандр Анатольевіч. У гэтай працавітай сям’і абавязкі падзелены паміж кожным, аднак на ім быў асноўны клопат па абсталяванні вялізнага катэджа, які пасля таннай пакупкі даводзіў да ладу. Затое зараз гэта прасторны двухпавярховы дом, дзе ў кожнага маецца свой пакой, зала, кацельня, ванна і туалет на кожным паверсе. Усе гэтыя выгоды не зваліліся на Карповічаў з неба. Паколькі заробкі ў прыбіральшчыцы і рабочага кацельні невялікія, то даважкам усе 17 год, як стварылася сям’я, з’яўляецца падсобная гаспадарка.
“Больш чым палова статка буйной рагатай жывёлы Двор Пліна – наша, калі мы ды бацькі з пашы забяром кароў, то застануцца лічаныя адзінкі”, – усміхаецца Аляксандр, які зараз да белых мух будзе нарыхтоўваць сена. Больш дзесяці тон патрэбна толькі для дзвюх кароў і падцёлкаў, а яшчэ ёсць козы, авечкі, трусы, якіх нягледзячы на даволі клопатны догляд трымаюць дзеля дыетычнага мяса. Самымі выгаднымі і непатрабавальнымі лічаць парсюкоў-мангалаў, гадуюць нават свінаматак. Вегетарыянцаў, хоць калектыў жаночы, у сям’і няма. А любімай стравай усіх з’яўляюцца манты. Гатуе пераважна Святлана Сяргееўна, хаця старэйшыя дочкі могуць яе падмяніць. Як і галава сям’і, у якога, як высветлілася, свае фірменныя стравы з мяса, а таксама фаршыраваны шчупак з мандарынамі – калі атрымаецца вылавіць неблагі экземпляр.
Хаця і вельмі нячаста ў сям’і сумесны адпачынак на пляжы ў Рыбаках, адкуль карані Светы, затое тады і плаваюць, і рыбу разам ловяць. Разуменне, як падсекчы плотку, ёсць ва ўсіх дачок. Ну а яшчэ адным агульным сямейным заняткам з’яўляецца музыка. І акрамя фартэпіяна, што займае пачэснае месца ў зале, у Карповічаў, аказваецца, ёсць баян, скрыпка, гітара і гармонік. “Толькі дырыжора не хапае, – жартуе Аляксандр і расказвае пра музычныя карані з двух бакоў. – Мой бацька прыгожа на гармоніку грае, я ад яго навучыўся, сярод Свеціных родных многа баяністаў, Насця, якой чатырнаццаць, спрабавала сябе і на ім, і на скрыпцы, Юля (ёй васямнаццаць) іграе на гітары, ну а Соня (дванаццаць) у трэцім класе па фартэпіяна”. Яна становіцца галоўнай асобай, калі садзіцца за інструмент, а ў бацькі ледзь не цякуць слёзы, калі грае “Кацюшу”. Жартуюць яны, калі разам збіраюцца ўвечары за тэлевізарам ці гуляюць у шашкі. І ўстройваюць дыскатэкі: творчыя дзяўчаты лёгка наладзяць піжамную вечарынку ў любы дзень, ну а самым насычаным на дні нараджэння з’яўляецца ліпень. Падчас любой сямейнай урачыстасці на стале абавязкова будзе торт. І Дзень сям’і, канечне, тут лічаць сваім святам, хаця, як трапна зазначыў бацька: “У нас кожны дзень – сям’і, паколькі гэта сапраўды наша галоўная каштоўнасць і самае вялікае шчасце, каб дзеці былі здаровыя”.
Тут не дзеляць заробкі на мае і твае, а дзяцей – на чужых і сваіх. Юля, якая 7 год жыве ў Карповічаў, сцвярджае, што ставяцца да яе, як да дачкі, хоць насамрэч яна родная пляменніца Святланы. Аляксандр дадае, што не маглі пагадзіцца, каб дзяўчынка апынулася ў прытулку, і з гонарам дадае, што Юля паступіла на прэстыжны мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта. Добра малююць і астатнія дочкі. І, канечне, дапамагаюць бацькам у доглядзе пяцігадовай Кацюшы, уборцы дома, а таксама ў праполцы агарода. Нават малодшую прыцягваюць. “Не важна, вырве пустазелле, ці і агародніну, абы працавала”, – як заўсёды жартоўна зазначае бацька, тым самым падкрэсліваючы, што дзеці павінны мець свае абавязкі ў сям’і. Хаця бачна, што насамрэч дачок тут не перагружаюць. І ніколі не наказваюць. “А за што? – шчыра здзіўляецца Аляксандр Анатольевіч. – Няма падстаў. Балуюцца, гуляюць – дык на тое ж і дзеці. Ды і як можна пакараць дзяўчынак. Мы самі веруючыя, і іх вучым галоўнаму – не грашыць, не рабіць благога людзям”.
Дарэчы, увесь час размовы дочкі не разбегліся па сваіх справах, а падтрымлівалі гутарку, выказвалі заўвагі. Толькі Каця аднойчы адлучылася з матуліных каленяў, каб паказаць мне вялікую колькасць цацак, што перадаліся ў спадчыну ад сясцёр і штогод папаўняюцца.
Вольга Караленка.