Яравы клін у КУСГП “Вялікадолецкае” традыцыйна вялікі, таму вясеннія палявыя работы тут не спыняліся ні ў дзяржаўныя святы, ні ў рэлігійныя.
Хіба што паломкі тэхнікі ці непагадзь, якая разгулялася ў аўторак з раніцы, даюць рэдкія хвіліны вольнага часу механізатарам. 2300 гектараў яравой сяўбы запланавана сёлета ў гаспадарцы, з якіх амаль 1600 – зерневых і зернебабовых.
На раніцу панядзелка план па іх быў выкананы на 77,1 працэнта – пасеяна 1226 гектараў. У асноўным гэта яравая пшаніца і ячмень, крыху аўсу і 235 гектараў зернебабовых. У панядзелак на сяўбе працавала дзве адзінкі тэхнікі. Асноўнай з’яўляецца МТЗ-3022 Сяргея Філімонава з пасяўным агрэгатам АПП-6, задзейнічана і сеялка СЗ-4,2, зачэпленая за МТЗ-1221 не менш вопытнага сейбіта Васіля Алексяёнка. Але, па словах галоўнага агранома гаспадаркі Аляксандра Віктаравіча Зенюка, апошняму механізатару даводзіцца мяняць від дзейнасці і працаваць яшчэ і на ўзворванні. Дэфіцыт тэхнікі, канечне, маецца, бо ў сельгаспрадпрыемстве, у адрозненні ад тых жа “Глыбачан”, з году ў год абыходзяцца выключна сваімі кадрамі. Таму ў залежнасці ад тэрміновасці відаў работ і іншыя трактарысты-машыністы “Вялікадолецкага” выходзяць у поле з рознымі агрэгатамі. Напрыклад, Мікалай Хамёнак на МТЗ-3022 па неабходнасці чаргуе плугі і глебаапрацоўчы агрэгат АД-600, Андрэй Смаляк (на здымку) на “Кіраўцы” таксама спачатку быў задзейнічаны на ўзворванні, а потым з АДС-6 рыхтаваў палі пад сяўбу. З пачатку тыдня, праўда, быў на вымушаным прастоі з прычыны паломкі помпы.
З плугамі на МТЗ-1221 працуюць Віталь Бука і Аляксандр Гоман, культываваннем займаюцца Рыгор Філімонаў і Генадзь Бука. Наогул, значэнне кожнай адзінкі вельмі важнае, бо замяніць іх няма кім. Тым больш зараз, калі ў поле выйшла жывёла і частка тэхнікі задзейнічана на яе абслугоўванні.
Між іншым, С.Філімонаў ужо скончыў сяўбу яравога рапсу, пад яго сёлета адведзена 210 гектараў, маюцца ўжо і стартавыя 20 гектараў кукурузы, якой будзе ажно 500. Паралельна хапае і доглядных клопатаў за азімымі – падкормлена азотам 100 гектараў рапсу на зерне, 764 – зерневых, на 427 гектарах выканана хімпраполка. Як адзначыў А.В.Зянюк, пры тых умовах і рэсурсах, якія маюцца зараз у гаспадарцы, тэмпы работ неблагія. А каб дасягнуць запланаваных паказчыкаў, час яшчэ ёсць.
Дзмітрый Раманоўскі.